21 пахаванне ў капсуле
Амаль год у Беларусі праходзіць маштабная акцыя «На славу агульнай Перамогі!». У яе рамках з усіх воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяр вайны на тэрыторыі нашага раёна ажыццёўлены забор зямлі, якая, як і зямля з іншых пахаванняў рэспублікі, 9 Мая будзе змешчана ў крыпце храма-помніка ў гонар Усіх Святых у Мінску.
Усяго на Пастаўшчыне 21 пахаванне перыяду Вялікай Айчыннай вайны. 9 з іх з’яўляюцца воінскімі, у 12 пакояцца ахвяры вайны. Разам з прадстаўнікамі райваенкамата, раённай улады, БРСМ і іншых грамадскіх арганізацый на кожным з іх пабывалі супрацоўнікі раённага краязнаўчага музея і зрабілі забор зямлі. Да нядаўняга часу яна захоўвалася ў музеі ў палатняных мяшочках, а 30 красавіка была перасыпана ў агульную капсулу, якую на днях даставілі ў сталіцу.

Урачыстае мерапрыемства па напаўненні капсулы было немнагалюдным. На ім прысутнічалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто, намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Галіна Чаплінская са сваім намеснікам Ірынай Лойкай, раённы ваенны камісар Мікалай Кулік, дырэктар СШ №2 Аляксандр Кузняцоў і работнікі музея. Спачатку дырэктар установы культуры Таццяна Гарошка расказала, як праходзіла акцыя на Пастаўшчыне. Затым слова ўзяў Юрый Кісялёў.
— Родная зямля сама па сабе для нас святая. А калі ідзе размова пра зямлю, палітую крывёй воінаў-вызваліцеляў, то яна святая ўдвая, — гаварыў Юрый Мікалаевіч. — Сённяшняя акцыя — гэта злучальная нітка паміж мінулым, сучасным і будучым, сімвал памяці пра людзей, якія паклалі на алтар Перамогі самае дарагое, што ў іх было, — свае жыцці. Таксама гэта сімвал памяці пра тых, хто вынес на сваіх плячах неймаверны цяжар барацьбы з ворагам, пра мірных жыхароў, якія аказаліся ў самым пекле вайны. Капсула з зямлёй будзе нагадваць, якой цаной заваявана мірнае неба над галавой.
Права перасыпаць зямлю ў капсулу далі навуковаму супрацоўніку музея Аксане Журавай, якая прымала ўдзел у некалькіх экспедыцыях. Ёй дапамагалі Пётр Курто і Мікалай Кулік. На гэтым мерапрыемства завяршылася. Але не завершана работа па ўстанаўленні імёнаў салдат, якія ўжо 75 гадоў лічацца невядомымі. Адным з тых, хто актыўна займаецца такой работай у нашым раёне, з’яўляецца Аляксандр Кузняцоў.
— Мне давялося папрацаваць над спісамі раней невядомых воінаў, якія загінулі пры вызваленні Пастаўшчыны, і ўстанавіць шэраг прозвішчаў, — гаварыў Аляксандр Іванавіч. — Думаю, прыйдзе час, калі мы назавём усіх пайменна. І гэта будзе самай вялікай узнагародай вызваліцелям за тое, што яны зрабілі для нас, прадстаўнікоў цяперашняга пакалення.
Алена Шапавалава. Фота аўтара