Мария Татарчук — настоящий профессионал, почте посвятила всю жизнь

Общество

Заўтра – Дзень  работнікаў  радыё,  тэлебачання  і  сувязі

Лёсам стала пошта

«Пра каго будзем пісаць да прафесійнага свята?» — пытаюся ў намесніка начальніка рэгіянальнага вузла паштовай сувязі Ірыны Нікіфаровіч, якая курыруе работу са СМІ. «Напішыце пра маю папярэдніцу Марыю Татарчук, — адказвае. — Гэта сапраўдны прафесіянал, пошце прысвяціла ўсё жыццё».

Прапанова прыйшлася мне даспадобы: Марыю Міхайлаўну ведаю з часоў яе работы ў аддзяленні паштовай сувязі ў 5 гарадку. Мне яна запомнілася дабрадушнай, тактоўнай, заўжды гатовай вырашыць любое пытанне. І калі ў 2001 годзе яе перавялі намеснікам начальніка раённага вузла паштовай сувязі, з аднаго боку, радавалася яе павышэнню, з іншага — засмучалася, што наша пошта застаецца без такога цудоўнага спецыяліста. А што гэта сапраўды так, пацвердзілі і нашы далейшыя стасункі: па рэдакцыйных справах неаднойчы кансультавалася ў яе і заўсёды атрымлівала вычарпальны адказ, што вельмі дапамагала ў рабоце. Відавочна, чалавек быў на сваім месцы. Між тым, па словах суразмоўцы, у паштовай сувязі яна апынулася выпадкова.

— Пасля заканчэння школы ўладкавалася паштальёнам у аддзяленне сувязі «Карабы» Глыбоцкага раёна, — успамінала Марыя Татарчук. — Думала, затрымаюся ў гэтай сферы часова, але засталася на ўсё жыццё. А паспрыяла гэтаму начальніца аддзялення Яўгенія Іванаўна Пракапёнак: мне падабалася назіраць, як хутка і прафесійна яна працуе, знаходзіць падыход да кожнага кліента. Любоў да работы яна прывіла і мне. Навучыла азам прафесіі, параіла паступаць у Віцебскі электратэхнікум сувязі на спецыяльнасць «Тэхнік паштовай сувязі».

Потым Марыя Татарчук працавала аператарам па водпусках, дзякуючы чаму аб’ездзіла амаль увесь Глыбоцкі раён. А ў 1982 годзе, калі яе мужа перавялі на службу ў шпіталь, разам з ім пераехала ў Паставы. Уладкавалася намеснікам начальніка аддзялення паштовай сувязі ў 5 гарадку, а праз два гады ўзначаліла яго. Калектыў быў маладым і дружным, налічваў каля 10 чалавек, работа — цікавай. Аддзяленне абслугоўвала воінскія часці, у якіх служылі ваеннаслужачыя з усяго Савецкага Саюза, таму геаграфію вялікай краіны па пісьмах і пасылках Марыя Міхайлаўна вывучыла аж да райцэнтраў. Гэта цяпер усё камп’ютарызавана, а раней квітанцыі выпісвалі ад рукі, карысталіся драўлянымі лічыльнікамі, драўлянымі скрынямі для адпраўленняў, сургучом. Як тэхнічны прагрэс успрымалася з’яўленне касавага апарата «Анега».

— Калі перавялася намеснікам начальніка раённага вузла паштовай сувязі, дужа сумавала без кліентаў, радавалася кожнаму чалавеку, які заходзіў у кабінет, — працягвала суразмоўца. — У хуткім часе пачалася рэарганізацыя пошты: мотадастаўка карэспандэнцыі, устаноўка камп’ютараў ў аддзяленнях сувязі. Пошта сёння — гэта прыём плацяжоў у рэжыме анлайн, дастаўка адпраўленняў на наступны дзень, тэхналогіі, з дапамогай якіх можна прасачыць  перасоўванне карэспандэнцыі на сайце «Белпошты» і іншыя навінкі.

Зараз Марыя Міхайлаўна шчыруе старшым інструктарам-інспектарам. У яе абавязкі ўваходзіць кантроль за работай аддзяленняў РВПС. Дзякуючы спецыяльным праграмам зрабіць гэта можна і дыстанцыйна. У тым ліку даведацца пра наяўнасць тавараў, прасачыць, па якім маршруце рухаюцца паштовыя аўтамашыны і г.д. А пасля працы спяшаецца дадому, каб прысвяціць вольны час чатыром унукам: камусьці патэлефанаваць, з кімсьці пагуляць.

— Шчыра ўдзячная лёсу, што давялося працаваць з цудоўнымі людзьмі, у якіх многаму навучылася, — падсумоўвае Марыя Міхайлаўна. — Мне шчасціла і з кіраўнікамі, і з падначаленымі. У калектыве заўжды прысутнічае ўзаемаразуменне, бо займаемся адной любімай справай. Цаню ў людзях адказнасць і гатоўнасць падставіць плячо, бо без гэтых якасцей працаваць у камандзе немагчыма. Асобна хачу сказаць пра моладзь: у нас многа разумных і шчырых работнікаў, якія цудоўна спраўляюцца са службовымі абавязкамі. Паважаю іх за гэта і цаню.

Вераніка Філановіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.