Іларыён Савельевіч Русалоўскі:
Мы глядзелі ў вочы смерці, страчвалі родных і сяброў, прайшлі ўсе кругі пекла, аднак, нягледзячы на гэта, здабылі доўгачаканую Перамогу, збавілі чалавецтва ад фашызму.
Завяшчаю моладзі берагчы родную зямлю, быць гуманнымі, шчырымі, шчаслівымі. Нязгаснай цеплыні і надзеі ў душы, а слёз — толькі ад радасці. Няхай ва ўсім свеце пануе мір і ніколі не будзе вайны!
Барыс Дзмітрыевіч Сямашка:
Каб быць паспяховымі, неабходна шмат працаваць над сабой, усебакова развівацца, выдатна вучыцца ў школе і пасля яе заканчэння. Радуе, што ў асноўнай масе маладое пакаленне разумнае і таленавітае. У краіне створаны ўсе ўмовы, каб яно магло развіваць свае здольнасці, а галоўнае — Беларусь жыве 75 гадоў без войнаў. Скажу радкамі з верша Расула Гамзатава «Моё пожелание»: «Я хочу, чтобы звонкий, счастливый,/ Всюду слышался смех детворы,/ Чтобы девушки — были красивы,/ Чтобы юноши — были мудры…»
Мечыслаў Данілавіч Муха:
Няхай ваша дзяцінства і ўсё наступнае жыццё будуць шчаслівымі. Падлеткам мне давялося пабачыць, як расстрэльваюць людзей. Пасля адступлення немцаў з Варапаева застаўся без рук (іх амаль па локаць адарвала нямецкай гранатай), атрымаў статус інваліда з дзяцінства па наступствах Вялікай Айчыннай вайны.
Шчыра жадаю ўсім здароўя, мужнасці і стойкасці, ніколі не адчайвацца, а таксама быць сапраўднымі гаспадарамі на сваёй зямлі!
Віктар Іванавіч Ашчэпкаў:
Любіце сваю Радзіму, будзьце годнымі яе сынамі і дочкамі. Бацькаўшчыну неабходна абараняць і ў мірны час — так рабілі ва ўсе часы і працягваюць гэта рабіць сапраўдныя мужчыны. Жывіце сумленна, мысліце маштабна, станавіцеся прафесіяналамі ў абранай вамі справе. У любых абставінах заставайцеся людзьмі. Няхай ніколі не будзе вайны!
Валянціна Мікалаеўна Чарычанская:
Жадаю блакітнага неба і яснага сонейка, лёгкай долі, усмешак родных і блізкіх. Ніколі не забывайце пра тое, што кожны чалавек створаны для шчасця і жыцця. Паважайце бацькоў, старэйшае пакаленне, цаніце сяброў. Няхай вас наперадзе чакае шмат шчаслівых, а галоўнае — мірных вёснаў.
Пётр Мікалаевіч Бобрык:
Пакаленне пераможцаў перажыло жахі вайны, зведала голад, страх, смерць блізкіх і таварышаў…
Цаніце мірнае неба над галавой і адно аднаго, радуйцеся простым рэчам і кожнаму імгненню, падоранаму лёсам. Ніколі не забывайце, праз што давялося прайсці нашаму народу, ганарыцеся яго подзвігам!
Віктар Мацвеевіч Красоўскі:
Беражыце мір і здароўе! Любіце і цаніце жыццё — гэта бясцэнны дар. Не зважаючы на цяжкасці, рухайцеся толькі наперад. Шчыра працуйце. Асабіста мне работа надавала сіл, адцягвала ад цяжкіх думак пра перажытае. Адказвайце людзям дабрынёй на дабрыню. А калі вас пакрыўдзяць — не звяртайце ўвагі на чужую злосць, наадварот, будзьце лагоднымі.