Ответственный Сергей Гащук работает пастухом в ОАО «Курополье-агро» уже 10 лет

Сельское хозяйство

Прозы больш, чым лірыкі

Успамін з дзяцінства. Калі нашай сям’і надыходзіла чарга адбываць радоўку, г. зн. пасвіць вясковы статак кароў, і мне, школьніцы, даво­дзілася дапамагаць у гэтым бацьку, адарвацца ад сну ў 5 га­дзін было сапраўднай пакутай. Затое якія ўзыходы сонца бачыла ў полі! Якіх птушыных хораў наслухалася! А калі каровы, наеўшыся травы, клаліся адпа­чыць, тата распальваў вогнішча, на якім смажылі скрылёчкі сала і хлеба. Радасць была бязмежнай.

Усё гэта ўспамінаю кожны раз, калі, ездзячы па раёне, бачу ў полі статкі. І хочацца пагутарыць з тымі, хто іх даглядае. На днях мела такую магчымасць у Кураполлі. Непадалёк вёскі грамадскі статак ААТ «Кураполле-агра» пасвіў Сяргей Гашчук. Яшчэ да сустрэчы з ім ведала ад кіраўніцтва і спецыялістаў гаспадаркі, што чалавек на гэтай «пасадзе» ўжо 10 гадоў і да сваіх абавязкаў адносіцца адказна.

Нават дрэннае надвор’е не псуе настрой Сяргею Гашчуку

— Напэўна, для вас, пастухоў, веснавы і летні дзень вельмі доўгі, — пачынаю размову з Сяргеем.

— Не дзень, а суткі знаходжуся ў полі са статкам, — тлума­чыць. — А на наступныя выходзіць мой напарнік Ігар Шылей. Час ідзе хутка, бо спраў хапае. За статкам трэба ўважліва назіраць. Карова можа захварэць. Тады выклікаю ветурача. Прыходзіцца і ацёлы прымаць. Калі прыязджаюць даяркі, дапамагаю заганяць жывёлу на дойку. Напаўняю ёмкасці вадой для яе піцця, сачу, каб хапала солі-лізунца. Абгароджваю загоны плошчай паўтара гектара. Да абеду каровы страўліваюць адзін загон. Пасля абеду пераганяю на другі. Ноччу таксама не паспіш, бо каровы могуць пар­ваць абга­родку і сысці з поля. Часта прабягаюць лісы, казулі і таксама разрываюць провад.

Слухала Сяргея і рабіла выснову, наколькі далёкая яго праца ад тых лірычных карцінак, што захаваліся ў маёй памяці. Заканчвалася другая дэкада мая, а цяпла не было. Неба хмурнела, пранізваў колкі вецер.

— Даймае сёлета холад? — пытаюся ў пастуха. А ён гля­дзіць на мяне, як на дзівачку: «Які холад, калі ўвесь час у руху?! Калі ж пачынаецца дождж, можна ў перасоўным доміку схавацца, у ім цепліцца буржуйка. Мне падабаецца мая праца: увесь час на прыродзе, карысна для здароўя. Ды і зарабляю добра».

Сапраўды, складальнікі нема­ла­важныя.

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.