Пудовыя надоі – не мяжа
«З’ездзіце ў Груздава, — парэкамендаваў першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Эдуард Януковіч. — Там зараз дзённы надой ад каровы складае 16 кілаграмаў. Вышэйшы толькі ў ААТ «Хацілы-агра» і «Навасёлкі-Лучай».
І вось мы з галоўным заатэхнікам філіяла аграбудпрадпрыемства «Рассвет Пастаўскі» Вольгай Хмельнік накіроўваемся да грамадскага статка, які пасвіцца за вёскай Груздава. Там ужо гаспадараць аператары машыннага даення — рыхтуюцца раздаваць каровам канцэнтраты і прыступаць да вячэрняй дойкі.

— У гэтым гурце 197 кароў, і я называю яго элітным, паколькі надоі вышэйшыя, чым у другім, — дзеліцца Вольга. — Напрыклад, Наталля Козел у сваёй групе надойвае ў дзень ад каровы ў сярэднім 25 кілаграмаў, Алена Гінько — 20. Добрыя паказчыкі і ў Галіны Квяцінскай, Любові Чарэнкі. Праўда, Люба зараз на бальнічным, і яе замяняе Алеся Лях, якая да гэтага давала даяркам выхадныя. Ёсць і каровы-рэкардысткі. Так, Васіліса дае 34 кілаграмы малака ў дзень, Мальвіна — 32.
Несумненна, што надоі залежаць і ад стану пашы, старання пастухоў. «Элітны» статак па чарзе пасвяць Ігар Козел, Антон Зайко і Сяргей Пучынскі. Прэтэнзій да іх ні ў галоўнага заатэхніка, ні ў даярак няма. Многае значыць і тое, што рагулі ў дадатак да зялёнага корму кожны вечар атрымліваюць па паўкілаграма камбікорму, а ў першыя дні пасля пераводу на пашу ім выдавалі нават па кілаграму.
З прыбаўкай да мінулагодняга працуюць і жывёлаводы, якія даглядаюць другі гурт. Пастухамі тут з’яўляюцца Ян Квяцінскі, Дзмітрый Саўчук, Эдвард Юркайць. За групамі замацаваны даяркі Людміла Валетка, Наталля Зайко, Алеся Масінкевіч, Лена Чырвоная, падменная — Ніна Плаксіна.
— Дойны статак у філіяле невялікі — 383 каровы, — расказвала Вольга Хмельнік. — Але штодня мы атрымліваем ад продажу прадукцыі 4 тысячы рублёў. Гэта добры паказчык. Дасягнулі яго дзякуючы не толькі павелічэнню надояў, але і таму, што ўсё малако пастаўляем на завод сортам «экстра».
Што да надояў, то на 28 мая валавая вытворчасць малака ў Груздаве склала з пачатку года 6 250 тон, або на 1 320 тон больш, чым у адпаведным перыядзе мінулага года, продаж — 5 600 т (плюс 1 300). Сярэдні надой ад каровы павялічыўся з пачатку года на 138 кілаграмаў. 28 мая ён склаў 16,3 кг. «І гэта не мяжа, — запэўнівае галоўны заатэхнік. — Рэзервы ў нас яшчэ ёсць».
Фаіна Касаткіна. Фота аўтара