Посевная кампания-2020. Весенние работы в филиале ДКУАСП «Рассвет Поставский»

Сельское хозяйство

Груздава прырасло гектарамі

Вядома, не сама вёска, а філіял ДКУАБП «Рассвет Пастаўскі» з цэнтрам у ёй.

Добры настрой у Анатолія Буйко

У параўнанні з іншымі гаспадаркамі раёна план веснавой сяўбы тут быў значна меншы. Але трэба ўлічваць тое, што асноўны напрамак дзейнасці «Рассвета Пастаўскага» — будаўнічы. Тым не менш у філіяле прадпрыемства паспяхова займаюцца паляводствам і жывёлагадоўляй.

— Сёння частка нашай тэхнікі працуе на землях, якія раней належалі ААТ «Вярэнькі-агра» і знахо­дзіліся ў запушчаным стане, — расказвала галоўны аграном філіяла Марына Гваз­дзеўская, калі я наведалася ў Груздава. — Пасля таго, як таварыства абанкруцілася, яго землі рашэннем райвыканкама былі перададзены іншым гаспадаркам. Мы летась узаралі і апрацавалі ў вярэнькаўскай зоне 300 гектараў, гэтай вясной — яшчэ 120. Азімыя зерневыя ў філіяле займаюць 578 гектараў, яравыя — 193. Азімага і яравога рапсу маем адпаведна 112 і 81 гектар. Каб нарыхтаваць для грамадскага статка больш якасных кармоў, расшыраем пасевы кукурузы. Яна павінна заняць сёлета 250 гектараў.

Нават такія камяні «выраслі» ў полі

Менавіта кукурузу і сеяў у Груздаве Леанід Гваз­дзеўскі, а Алег Падгайскі ўносіў угнаенні. Тэхнолаг палёў вельмі хваліла механізатараў. Іх зусім мала ў філіяле, а аб’ёмы работ узраслі. Адпаведна і нагрузка на кожнага павялічылася. Але спраўляюцца. Алег Падгайскі штогод займаецца ўнясеннем вадкіх угнаенняў і хімпраполкай пасеваў, Леанід Гваздзеўскі вызначаецца на сяўбе зерневых, рапсу, кукурузы, Андрэй Ермалаеў — на ворыве глебы, а летам — на нарыхтоўцы кармоў. Нязменны клопат Уладзі­міра Краско — падрыхтоўка глебы. Усяго месяц назад у філіял уладкаваўся Айнар Чухайда і адразу ж добра зарэкамендаваў сябе — на падрыхтоўцы глебы нават у лік перадавікоў у раёне выходзіў.

Вядзецца ў Груздаве падбор камянёў. Асноўны абавязак Тамары Варанец, Сняжаны Усовіч і Вольгі Падгайскай — праца на зерняскладзе. Але кожную вясну іх прыцягваюць да падбору камянёў. У той дзень, калі мы былі ў гаспадарцы, гэтай справай займаліся Тамара Варанец, Сняжана Усовіч і Аляксандр Падгайскі. Амкадорам, у коўш якога скідвалася каменне, кіраваў Анатолій Буйко, якога дырэкцыя аграбудпрадпрыемства кожную вясну накіроўвае не на будаўнічы аб’ект, а на дапамогу земляробам. Спраў хапала ўсім.

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.