У добры шлях, выпускнікі!
Сёння ў беларускіх школах празвінеў апошні званок, які абвясціў пра заканчэнне навучальнага года. Для тысяч дзевяці- і адзінаццацікласнікаў рэспублікі ён стаў развітальным. У апошні раз прагучала залівістая трэль, якая на працягу многіх гадоў амаль штодня клікала на ўрокі, і для 191 выпускніка 11-х класаў з нашага раёна. Сярод іх 20 гімназістаў.

Сёлета ў Пастаўскай гімназіі асабліва ганарацца сваімі выпускнікамі. Кажуць, гэта быў як ніколі моцны і дружны клас. Шасцёра яго вучняў: Лізавета Варанько, Аліса Януш, Дар’я Данілевіч, Дар’я Дрозд, Лада Аляксеева і Ларыса Скрыпко — прэтэндуюць на медалі. А ўсяго на Пастаўшчыне патэнцыяльных медалістаў 23 чалавекі.
Наперадзе ў маладых людзей выпускныя і ўступныя іспыты. Хочацца пажадаць ім пацвердзіць атрыманыя за гады вучобы ў школе веды, стаць студэнтамі абраных вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў і абавязкова знайсці сябе ў жыцці. Поспехаў вам, дарагія выпускнікі! Здзяйснення мар і ажыццяўлення ўсіх планаў! У добры шлях у дарослае жыццё!
Алена Шапавалава. Фота аўтара
Дарагія выпускнікі!
Паважаныя настаўнікі і бацькі!
Віншуем з незабыўным школьным святам — апошнім званком!
Заканчэнне школы — важны рубеж у жыцці кожнага чалавека. Сёння вы, учарашнія вучні, стаіце на парозе прыняцця сур’ёзных рашэнняў. Наперадзе — цяжкая пара экзаменаў, якую трэба прайсці паспяхова.
Хай веды, атрыманыя ў школе, дапамогуць вам ажыццявіць усе намечаныя планы і мары. І які б жыццёвы шлях вы ні абралі, мы верым, што кожны з вас стане годным грамадзянінам Беларусі і застанецца патрыётам сваёй малой радзімы — Пастаўшчыны.
Вялікую ўдзячнасць выказваем настаўнікам. Вы не толькі даяце вучням веды, але і ўкладваеце ў іх сілы і душу, спрыяеце фарміраванню актыўнай грамадзянскай пазіцыі маладога пакалення — інтэлектуальнага капіталу нашай краіны.
Дарагія выпускнікі! Жадаем крочыць па жыцці смела і ўпэўнена, не баяцца цяжкасцей, верыць у сябе. Святочнага вам настрою і нацэленасці на поспех!
Сяргей Чэпік, старшыня раённага выканаўчага камітэта
Пётр Курто, старшыня раённага Савета дэпутатаў