Поставчане приняли участие в параде Победы и поделились своими впечатлениями

75 лет Победы Важное

Горда крочылі ў страі парадным

Вялікі рэзананс ва ўсім свеце выклікаў парад Перамогі, які прайшоў 9 мая ў сталіцы Беларусі. Прамую трансляцыю глядзелі больш чым у 80 краінах: хто — ля экранаў тэлевізараў, хто — у You Tube. У абсалютнай большасці дзясяткаў тысяч каментарыяў адчуваецца захапленне яркай падзеяй і ўдзячнасць Прэзідэнту, усяму беларускаму народу за патрыятызм і смеласць, бо з-за пандэміі каранавіруса ў іншых былых савецкіх рэспубліках парад адмянілі, а ў інтэрнэце і некаторых СМІ з’яўлялася нямала страшылак.

У ліку ўдзельнікаў парада былі і нашы пастаўчане. Я пагутарыла з Мікітам Аўгусціновічам і Іванам Філановічам і папрасіла падзяліцца ўражаннямі.

Тата Мікіты быў афіцэрам, але раптоўна памёр, калі хлопчыку ішоў толькі трэці год. Зразумела, у такім узросце ён не мог запом­ніць воблік роднага чалавека. Але мама, бабулі і дзядулі зрабілі ўсё для таго, каб сын як мага больш ведаў пра яго. У кватэры беражліва захоўваюцца не толькі фатаграфіі бацькі, але і яго ваенная форма, узнагароды і іншыя рэчы. Хлопчык шмат чуў пра жыццё і службу таты. І вырашыў таксама стаць ваенным.

Курсант Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча Мікіта Аўгусціновіч

— Мікіта ганарыўся не толькі татам, але і дзядулем, Браніславам Фадзеевічам, які служыў у райваенкамаце, — расказвала маці хлопца. — А канчаткова вызначыцца з выбарам будучай прафесіі яму дапамог хросны баць­ка, Васілій Швед, які ў свой час заканчваў Мінскае сувораўскае вучылішча. Ён не толькі гаварыў пра навучальную ўстанову і перспектывы, якія яна дае, але і звазіў туды на экскурсію, пераканаў выбраць менавіта яе.

Конкурс у вучылішчы быў немалы, але Мікіта паступіў і ўжо заканчвае трэці курс. Стараецца ў вучобе, вызначаецца ў спорце. Актыўны ў грамадскім жыцці, спявае на сцэне. Выступаў нават у Палацы Рэспублікі. Сёлета кіраўніцтва ўстановы прапанавала паўдзельнічаць у парадзе.

— Як я ўзрадаваўся гэтаму! — прызнаўся хлопец. — Раней хросны тата расказваў мне, як сувораўцам удзельнічаў у пара­дзе і колькі станоўчых эмоцый атрымаў. І вось такі гонар выпадае мне! Я таксама лічу сябе нашчадкам Перамогі. Мой пра­дзядуля Васілій Бароўка загінуў на вайне. Яго прозвішча значыцца на абеліску ў Юньках, і мы кожны год ездзім туды ўскладваць кветкі.

Рыхтавацца да парада пачалі яшчэ ў лютым. Кожны дзень зай­маліся па 1,5-2 гадзіны. Задача ў нас была няпростая, бо ішлі не плячо ў плячо, як ваеннаслужачыя, а на адлегласці выцягнутай рукі. І не толькі маршыравалі, але і білі ў барабаны. Гэта складана, тым не менш мы справіліся.

І ўразілі гледачоў. Сувораўцы, як заўсёды, адкрывалі парад — крочыла само юнацтва. Натхнёна, упэўнена, горда! А ў наступныя пасля парада дні ва ўрачыстай абстаноўцы ім былі ўручаны Падзякі Прэзідэнта і юбілейныя медалі.

А вось курсант Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь Іван Філановіч, дарэчы, таксама праўнук удзельніка Вялікай Айчыннай, крочыў у парадзе ўжо двойчы (першы раз — летась, у Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь). Напісаць у газету пра юнака я наважвалася неаднойчы, але кожны раз чула цвёрдае «не» ад яго маці, маёй калегі. Маўляў, нясціпла расказваць пра дзяцей рэдакцыйных работнікаў. А чаму, уласна, нясціпла, калі яны таго заслугоўваюць? Таму нарэшце я настаяла на сваім.

Трэцякурснік Інстытута пагранічнай службы Іван Філановіч

Стаць ваенным Ваня хацеў з дзяцінства. Каб ажыццявіць сваю мару, стараўся ў вучобе, настойліва займаўся спортам. Закончыўшы пастаўскую СШ №4, паступіў у Інстытут пагранічнай службы. «І таму вельмі шчаслівы! — прызнаецца. — Нягледзячы на ўсе цяжкасці, мне падабаюцца курсанцкія будні. Разумею: гэта менавіта тое, пра што марыў. Вучоба ў інстытуце дае магчымасць цалкам рэалізаваць свае амбіцыі».

Іван Філановіч — адзін з найлепшых курсантаў. Летась Інстытут пагранічнай службы сумесна з ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Першамайскага раёна Мінска правёў конкурс «Курсант года». Ваня прызнаны пераможцам у намінацыі «Спартсмен года-2019» (сіла і вынослівасць — адна з самых важных якасцей будучых афіцэраў-пагранічнікаў). Падчас навагодніх свят актыўна ўдзельнічаў у акцыі «Нашы дзеці». Разам са Старшынёй Дзяржаўнага пагранкамітэта генерал-маёрам Анатоліем Лапо прывозіў падарункі выхаванцам Бялыніцкай дапаможнай школы-інтэрната. Зараз актыўна ўдзельнічае ў дыстанцыйнай алімпіядзе па асновах псіхалогіі і педагогікі, прысвечанай Перамозе.

— Што да парада 9 мая, то ўдзел у ім прынёс толькі станоўчыя эмоцыі, — дзяліўся Іван Філановіч. — Адчуваў вялікую гордасць, што іду ў такім жа страі, як ішлі шмат гадоў назад воіны, якія здабылі Перамогу. Наш парадны разлік прызнаны адным з найлепшых. У інстытуце ва ўрачыстай абстаноўцы нам уручылі медалі за ўдзел у пара­дзе і нагрудныя знакі «Выдатнік пагранічнай службы» II ступені. Гэта натхняе і абавязвае і надалей дабівацца поспехаў у баявой і палітычнай падрыхтоўцы.

Фаіна Касаткіна
Фота з сямейных архіваў



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.