Атрымалі пісьмы ад ратаўнікоў
З 11 мая па 1 чэрвеня ў Беларусі праходзіць рэспубліканская акцыя Міністэрства па надзвычайных сітуацыях краіны «Не пакідайце дзяцей адных!».
У яе рамках ратаўнікі ажыццяўляюць цэлы комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на забеспячэнне бяспекі жыццядзейнасці малых і падлеткаў. Паколькі цяперашняя эпідэміялагічная абстаноўка не дазваляе непасрэдна сустракацца з дзецьмі і бацькамі, работнікі МНС распрацавалі новыя формы ўзаемадзеяння з патэнцыяльнай аўдыторыяй. Сярод іх — пісьмы мамам і татам.
Нядаўна дзясяткі сем’яў у нашым раёне атрымалі паштовыя канверты з лагатыпам акцыі і ўкладзенымі ў іх лістамі з напамінам пра неабходнасць быць асабліва ўважлівымі да пытанняў дзіцячага свавольства з агнём і дзіцячага траўматызму, старацца не дапусціць такіх выпадкаў. Ратаўнікі заклікалі бацькоў не пакідаць дзяцей без нагляду, вучыць іх правілам бяспекі і быць асабістым годным прыкладам. Дадаткам да пісьмаў сталі памяткі для дарослых, тэматычныя буклеты і закладкі для дзяцей.
Алена Шапавалава