Добраўпарадкавалі воінскія пахаванні
Яшчэ на пад’ездзе да воінскага пахавання ў Манькавічах, куды па рэдакцыйным заданні накіравалася 7 мая, мяне сустрэў рокат генератара, бензінавых кос і піл: парадак на замацаванай тэрыторыі наводзілі 12 супрацоўнікаў ваеннага шпіталя.
Працавалі гэтак жа спрытна і бесперабойна, як гудзела тэхніка. Адны падграбалі апалае лісце, галлё і скідвалі іх на посцілку, каб потым загрузіць у МАЗ. Другія касілі траву, выразалі сухія дрэвы і кусты. Трэція фарміравалі клумбы, садзілі дэкаратыўныя кустарнікі. Тым часам іх таварышы фарбавалі з дапамогай кампрэсара абеліск, ачышчалі ад моху плітку вакол яго.

— За нашай воінскай часцю замацаваны 2 брацкія магілы, размешчаныя ў вёсках Манькавічы і Свідна, — расказваў начальнік аўтамабільнага аддзялення групы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння шпіталя Аляксандр Гайлюш, які ў той дзень быў за старшага. — Фронт работ вялікі. Воінскае пахаванне ў Свідне добраўпарадкавалі першым: прыбралі тэрыторыю ад сухой расліннасці, абрэзалі кусты, атынкавалі і пафарбавалі помнік. Патрыятычнай рабоце ў нашай установе надаём вялікую ўвагу, таму да такіх спраў заўжды ставімся адказна. Нам і самім прыемна аддаць даніну воінам-вызваліцелям.
Вынікам зробленага супрацоўнікі шпіталя (і не толькі яны) любаваліся і ў наступны дзень — 8 мая ў рамках аўтапрабегу «Памяці загінулых герояў». Падчас яго пагранічнікі ўсклалі вянок да воінскага пахавання ў Манькавічах.
Вераніка Філановіч. Фота аўтара