Школьники Поставщины активно включились в республиканскую патриотическую акцию «Великой Победе — 75!»

75 лет Победы

Памятаюць. Ганарацца. Удзячныя

У Беларусі была аб’яўлена рэспубліканская патрыятычная акцыя «Вялікай Перамозе — 75!», у якую актыўна ўключыліся навучэнцы ўстаноў адукацыі Пастаўшчыны. У школах, гімназіі, раённым цэнтры дзяцей і моладзі прайшло нямала мерапрыемстваў, пра што расказалі ў сваіх пісьмах у рэдакцыю вучні і педагогі.

Адным з цэнтральных мерапрыемстваў акцыі быў рэспубліканскі конкурс па фларыстыцы «Кветкі Перамогі». «Разам з класнымі кіраўнікамі, педагогамі дадатковай адукацыі мы стваралі кветкавыя кампазіцыі, плялі Вянок славы, рыхтавалі макет абеліска, выкарыстоўваючы прыродныя і падручныя матэрыялы, жывыя і штучныя кветкі. Кожная работа была напоўнена цяплом і ўдзячнасцю тым, хто мужна змагаўся за незалежнасць нашай краіны, набліжаючы доўгачаканую перамогу. Вынікам агульных старанняў стала школьная выстава творчых работ пад дэвізам «Мы памятаем», — напісала 8-класніца Дунілавіцкай ЯССШ Карына Шкорнік.

Пяцікласнікі Дунілавіцкай ЯССШ з букетам ветэрану

Вянкі славы рабілі ў кожнай школе і амаль у кожным класе. Так, па словах 11-класніка Камайскай СШ Уладзіміра Урбанайця, у іх стварэнні ўдзельнічалі вучні з 6-га па 11 клас. Гатовыя работы ўсклалі да абеліскаў, устаноўленых на магілах расстраляных і замучаных фашыстамі мірных жыхароў у вёсках Дварчаны, Вярэнькі, Свіраны, Мягуны, Сакуны і Оцкавічы. А да помніка воінам і партызанам у Камаях лягла Гірлянда славы. «Навучэнцы 9 «Б» класа нашай школы свой Вянок славы стваралі з дапамогай бацькоў. Усклалі яго да абеліска Надзеі Асяненцы, імя якой носіць піянерская дружына. Дзеці выказалі словы ўдзячнасці ўсім, хто аддаў жыццё за вызваленне і мірнае неба над галавой», — апавядае педагог-арганізатар СШ №2 Ірына Хоміч.

Навучэнцы Камайскай СШ ускладаюць Гірлянду славы да помніка загінулым воінам і партызанам у аграгарадку Камаі

«Спачатку на ўрачыстай лінейцы мы ўзгадалі аповеды родных, суседзяў і знаёмых — усіх, хто ваяваў, партызаніў або заставаўся ў тыле і па 16 гадзін у суткі ў юным узросце працаваў у вытворчых цэхах заводаў і фабрык, — піша 9-класніца Курапольскай БШ Вікторыя Сварцэвіч. — А затым вучні школы разам з настаўнікамі зрабілі аб’езд помнікаў. Усклалі зробленыя сваімі рукамі вянкі ў Кураполлі, Васілінах, вёсцы Баравыя Браслаўскага раёна. У вёсцы Дзеткава заехалі павінша­ваць са святам Яўгенію Сідаровіч, малалетняга вязня фашысцкага канцлагера. Ёй мы падарылі зборнік твораў «Свяшчэнная, народная…», выдадзены ў 2019 годзе ў Расіі, які прысвечаны 75-годдзю Вялікай Перамогі. У гэтым зборніку ёсць і эсэ пра Яўгенію Яўстаф’еўну».

Дзевяцікласнікі СШ №2 ля абеліска Надзеі Асяненцы ў вёсцы Ліпнікі

 

Таксама ва ўстановах адукацыі адбыўся шэраг іншых мерапрыемстваў. У той жа Камайскай СШ прайшлі конкурсы «Нам не патрэбна вайна», «Паштоўка ветэрану», класныя гадзіны на тэму «Мы ў адказе за Перамогу». У Пастаўскай гімназіі — акцыі «Беларусь памятае», «75 песень пра вайну», «Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны: успомнім усіх!», конкурс буктрэйлераў «Кніга з экрана», «Вайны свяшчэнныя старонкі навекі ў памяці людской», «Іх подзвіг бессмяротны» і многія іншыя, у тым ліку ШАГ «Пад небам Бацькаўшчыны нашай прайшла суровая вайна». У холе гімназісты паглядзелі мабільнае кіно «24 кадры Перамогі Грыгорыя Леснікава», зманціраванае старшакласнікамі. А ў бібліятэцы для іх была арганізавана выстава мастацкай літаратуры, паштовак і пісьмаў пад назвай «У сэрцах і кнігах — памяць пра вайну». «Усе акцыі, конкурсы, класныя гадзіны далі магчы­масць акунуцца з галавой у мінулае, адчуць тое, што перажылі нашы продкі, успомніць сапраўдных герояў», — адзначыла 11-класніца гімназіі Ларыса Скрыпок.

Вучні Лынтупскай ЯССШ адказна аднесліся да акцыі «Абеліск», падчас якой былі добраўпарадкаваны магілы загінулых воінаў-вызваліцеляў. У фае школы пачаткоўцы разам з настаўнікамі арганізавалі выставу малюнкаў «Дарогамі вайны». Удзельнікі аб’яднання па інтарэсах «Літаратурнае краязнаўства» падрыхтавалі выставу твораў беларускіх жывапісцаў «Аблічча вайны ў мастацтве». «Асабліва кранальна прайшло мерапрыемства ў школьным музеі, прысвечанае педагогам-ветэранам. Словы ўдзячнасці і павагі былі выказаны настаўнікам, якія ваявалі. Сярод іх — былыя дырэктары школы А. Б. Карчэўскі, Б. Е. Віннікаў, А. А. Касьянаў, Я. У. Протас, настаўнік гісторыі У. С. Здраеўскі, беларускай мовы — І. А. Быхавец. Шмат цікавага матэрыялу (фотаздымкаў і ўспамінаў) сабралі навучэнцы аб’яднання па інтарэ­сах «Юныя журналісты», якія сталі ўдзельнікамі Усебеларускай акцыі «Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны: успомнім усіх!», — расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Лынтупскай ЯССШ Валянціна Руткоўская.

Арганізацыйнае і метадычнае суправаджэнне раённых этапаў мерапрыемстваў акцыі «Вялікай Перамозе — 75!» забяспечваў Пастаўскі раённы цэнтр дзяцей і моладзі. Намеснік дырэктара РЦДМ па вучэбна-метадычнай рабоце Марына Мышко паведаміла: школьнікі, якія тут займаюцца, прынялі ўдзел у піянерскай эстафеце «Я памятаю! Я ганаруся!», абласным эстафетным чэленджы «Песні Вялікай Перамогі», арганізаваным Віцебскім абласным палацам дзяцей і моладзі. Каманды навучэнцаў гімназіі і Варапаеўскай СШ годна прадставілі наш раён на абласной дыстанцыйнай краязнаўчай алімпіядзе «Ад Брэста да Берліна», а работы творчых груп гімназіі, СШ №1 і №2, БШ №5 удзельнічалі ў абласным фестывалі мабільнага кіно «24 кадры Перамогі». Акрамя таго, у красавіку музей баявой і працоўнай славы СШ №2, краязнаўчы музей Лынтупскай ЯССШ і музейны кабінет Навадруцкай ЯСБШ сталі лаўрэатамі абласнога этапа рэспубліканскага конкурсу «Іх подзвіг мы ў сэрцы захоўваем» у намінацыях «Найлепшы музей ваенна-патрыятычнага профілю», «Музейная афіша» і «Музейны адукацыйны праект».

Алена Шапавалава
Фота дасланыя школамі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.