Добрасумленна неслі службу
Штогод у маі і лістападзе беларускія хлопцы не толькі папаўняюць армейскія шэрагі, але і звальняюцца ў запас. Вяртанне дадому — момант прыемны і хвалюючы як для саміх салдат тэрміновай службы, так і для іх бацькоў, сяброў, родных.
Сваім з’яўленнем, як сонцам, асветляць і сагрэюць родных у гэтыя халодныя майскія дні радыётэлеграфісты пункта сувязі Максім Андрэйчык і Кірыл Шэршань, старшы механік пункта сувязі Дзмітрый Палачанін, вадзіцель-электрык пункта сувязі Сяргей Бурак. Усе — нашы землякі. Службу праходзілі недалёка ад дому, у воінскай часці, размешчанай у Азёрках. Для Дзмітрыя армейскія будні доўжыліся паўгода, для яго таварышаў па зброі — паўтара. За гэты час яны набылі ваенна-ўліковую спецыяльнасць, удзельнічалі ў палявых выхадах і вучэннях.
— З усімі задачамі, якія перад імі ставіліся, спраўляліся. Воінскую дысцыпліну не парушалі, службу ў нарадзе неслі добрасумленна. У іх можна быць упэўненымі, — характарызаваў ваеннаслужачых намеснік камандзіра воінскай часці па ідэалагічнай рабоце маёр Уладзімір Радкевіч.
Салдаты ў сваю чаргу расказваюць, што армія навучыла іх дысцыпліне, цаніць дружбу і вольны час. А яшчэ — словам і справай падтрымліваць саслужыўцаў, трымацца адзін аднаго.

— Ці адлічваеце дні да звальнення ў запас? — цікаўлюся.
— Так, пачалі з таго часу, як да заканчэння тэрміну службы заставалася 500 дзён, — смяюцца ў адказ.
У найбліжэйшых планах пастаўчан — крыху адпачыць і выйсці на працу. Адны вернуцца на папярэднія месцы работы, другія будуць шукаць новыя.
Для фотасесіі заходзім у клас самападрыхтоўкі, дзе на адным са сталоў заўважаю падшыўку «Пастаўскага краю». «А свежы нумар ужо бачылі?» — пытаюся.
— Толькі атрымалі, зараз і вывучым, — не бянтэжацца. — Заўсёды чытаем з задавальненнем. Асабліва цікавяць артыкулы пра добраўпарадкаванне ў раёне, аб’явы. Прыемна бачыць на старонках газеты здымкі знаёмых.
Ужо на наступным тыдні месца звольненых у запас зоймуць навабранцы. З-за неўкамплектаванасці воінскай часці патрабуюцца і кантрактнікі-пастаўчане. Таму, калі ў вас ёсць жаданне, звяртайцеся.
Вераніка Філановіч. Фота аўтара