Учащиеся Поставского государственного колледжа заявили о себе на конференции в Татарстане

Образование

Заявілі пра сябе ў Татарстане

10 красавіка ў горадзе Набярэжныя Чалны (Рэспубліка Татарстан, Расійская Федэрацыя) адбылася VIII Міжнародная студэнцкая навукова-практычная канферэнцыя «Студэнцтва ў навуцы — інавацыйны патэнцыял будучага». Яе ўдзельнікамі былі навучэнцы сярэдніх прафесійных адукацыйных устаноў і вышэйшых адукацыйных арганізацый Расіі, краін блізкага і далёкага замежжа.

Тры навуковыя работы ў секцыях «Педагогіка і псіхалогія», «Менеджмент і маркетынг», «Тавара­знаўства і экспертыза якасці тавару» адправілі ў Татарстан і прадстаўнікі Пастаўскага дзяржаўнага каледжа. Работы атрымалі высокую ацэнку прафесійнага журы, якое напрыканцы мая агучыла вынікі канферэнцыі.

Работа навучэнкі 2-га курса Ілоны Цютчанкі пад назвай «Актыўны карыстальнік сацсетак» адзначана дыпломам ІІ ступені. Яшчэ адна другакурсніца, Яна Раманоўская, атрымала дыплом ІІІ ступені за работу «Брэнд у міжнародным бізнесе: паняцце і алгарытм стварэння». Трэцякурсніца Кацярына Дубіновіч адзначана граматай за грамадскую знач­насць работы. Тэма яе даследавання — «Паняцце і сутнасць бульбы для Беларусі. Папулярызацыя яе як брэнда».

— У гэтай канферэнцыі мы ўдзель­нічалі ўпершыню і яе вынікі лічым поспехам, — адзначыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце каледжа Наталля Шылько. — У секцыі «Менеджмент і маркетынг» з шасці дыпломаў пяць адправіліся ў балгарскі горад Плоўдзіў і адзін — у Паставы. У секцыі «Педагогіка і псіхалогія» нямала работ было даслана з Казані, Пінска, Мазыра… Пры такой канкурэнцыі «ўзяць» там дыплом аказалася яшчэ больш ганарова.

Самых добрых слоў у свой адрас заслугоўваюць не толькі навучэнцы, але і іх навуковыя кіраўнікі — Жанна Несцяровіч і Валянціна Клянтак. І яны, і іншыя педагогі каледжа праводзяць вялікую індывідуальную работу з асабліва таленавітымі вучнямі, якія імкнуцца займацца даследчыцкай дзейнасцю. Упэўненая, што наперадзе іх чакае ўдзел яшчэ ў многіх міжнародных канферэнцыях.

Іна Сняжкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.