Уроженка Лынтуп Леонгина Ташкина (Ловкис) вернулась из Вильнюса в родительский дом

2018-2020 год — Год малой радзімы

Заўсёды марыла вярнуцца дадому

У гэтым мне прызналася ўраджэнка Лынтуп і жыхарка Вільнюса Леангіна Ташкіна (Лоўкіс), якая пяць гадоў назад вырашыла паднавіць бацькоўскую хату і добраўпарадкаваць тэрыторыю вакол яе.

Мы сустрэліся з ёй па-сапраўднаму веснавым днём — цёплым, сонечным, напоўненым водарам квецені. Месцам для інтэрв’ю абралі лавачку пад «альтанкай» з вінаграднай лазы. Спевы птушак, кветкі ўсіх колераў вясёлкі, якія квітнеюць ля дома Леангіны Зіфрыдаўны, дадалі размове лёгкасці і нязмушанасці.

— Я пераехала ў Літву ў 1971 годзе — адразу пасля заканчэння лынтупскай школы, — расказвала яна. — Бацькі хацелі, каб мы з сястрой жылі ў горадзе, бо там, як яны казалі, жыць значна прасцей. У Вільнюсе скончыла прафесійна-тэхнічнае вучылішча, 36 гадоў адпрацавала на заводзе па вырабе магнітафонаў. Займала розныя пасады, але работу заўжды любіла аднолькава моцна. У Лынтупы старалася прыязджаць як мага часцей. Калі мама стала горш сябе адчуваць, на зіму забірала да сябе ў Вільнюс. Але дзесьці глыбока ў душы я сумавала па бацькоўскай хаце.

Яна апусцела пяць гадоў назад. Жанчына не тое што не перастала вяртацца на малую радзіму, а стала бываць тут яшчэ часцей. Паступова зрабіла ў доме рамонт: замяніла вокны, уцяпліла сцены, па-сучаснаму абсталявала ванны пакой, падвяла газ… Шмат сіл давялося ўкласці і ў тое, каб добраўпарадкаваць участак вакол дома, які займае ні многа ні мала 25 сотак.  На некалі запушчанай зямлі цяпер з ранняй вясны да позняй восені радуюць вока цюльпаны, крокусы, півоні, ружы…

— Кветкамі захапляюся яшчэ з маладосці, — адзначыла суразмоўца. — Шмат іх высаджвала і жывучы ў Вільнюсе. Прахожыя часта спыняліся — любаваліся, фатаграфаваліся. У Лынтупах, несумненна, прасторы для гэтай справы больш. Калі ўжо выходжу на вуліцу займацца кветкамі, то на цэлы дзень: і ўскапаць трэба, і прапалоць. Па жыцці я жаўрук — прачынаюся рана, з паловы шостай ужо звычайна на нагах. А калі што не дараблю, не давяду да толку, дык тады і спаць спакойна не магу.

Гледзячы на Леангіну Зіфрыдаўну — статную, вытанчаную, элегантную, цяжка ўявіць, што яна шмат часу аддае рабоце на зямлі.

— Я ўсё жыццё пражыла ў вялікім горадзе, але гараджанкай сябе ніколі не лічыла, — здзівіла яна. — У душы так і засталася правінцыялкай. Мяне ніколі не цікавілі кафэ, рэстараны, у вольны час я хутчэй ехала ў Лынтупы. Сёння яны натхняюць мяне цішынёй, спакоем, мерным ладам жыцця, які тут пануе. З задавальненнем сустракаюся с прыяцелямі, хаджу ў лес, такі багаты ягадамі і грыбамі. Толькі сумую па мужы, сыне, унуках, нявестцы, якія жывуць у Літве. Кожная сустрэча з імі для мяне — сапраўднае свята, асабліва цяпер, калі існуюць абмежаванні на перасячэнне граніцы. Але, на шчасце, з клопатамі на ўчастку спраўляюся сама, фізічная работа дадае энергіі, дапамагае забыцца на ўзрост. Усё ж чалавеку столькі гадоў, на колькі ён сябе адчувае…

Іна Сняжкова. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.