Садзейнічаюць зносінам людзей
Сёлета прафесійнае свята сувязістаў супала з юбілейнай датай — РУП «Белтэлекам» адзначае 25-годдзе з дня ўтварэння.
Тэлекамунікацыі ўзніклі ў пачатку мінулага стагоддзя і дзякуючы сваёй магчымасці імгненна злучаць людзей адразу ж заваявалі папулярнасць. Гэтым галоўным прынцыпам — дарыць абанентам радасць чалавечых зносін — сувязісты кіруюцца і сёння, забяспечваючы высокі ўзровень і бездакорную якасць паслуг. Садзейнічаюць гэтаму не толькі сучасныя тэхналогіі, але і прафесіяналізм «белтэлекамаўцаў». Калектыў Пастаўскага ўчастка электрасувязі — не выключэнне: тут працуюць адукаваныя і адданыя сваёй справе людзі.

— Сёння ў нашым раёне тэлефоннай сувяззю ахоплены 15 800 абанентаў. Каля 10 000 карыстаюцца высокаскорасным доступам у інтэрнэт ByFly і больш за 10 200 — лічбавым інтэрактыўным тэлебачаннем ZALA, — прыводзіць статыстыку начальнік Пастаўскага ўчастка электрасувязі Іосіф Тамашэвіч. — Участкам уведзены ў эксплуатацыю звыш 115 кіламетраў валаконна-аптычных ліній сувязі, створана тэхнічная магчымасць для падключэння больш за 5 800 абанентаў па тэхналогіі GPON.
Людзі спаўна ацанілі зручнасць карыстання такімі тэхнічнымі навінкамі, як адкладзены прагляд ТБ-праграм, аптымальны выбар тэлевізійных каналаў на свой густ. Многія ў захапленні ад паслугі «Разумны дом», сістэмы «Відэакантроль» і іншых прапаноў «Белтэлекама».
У гэтым годзе павінен запрацаваць вузел перадачы даных у населеных пунктах Коўзаны і Касцяні. Для пераключэння звыш 200 абанентаў на валаконна-аптычныя лініі ў гарпасёлку Варапаева будуецца сетка хPON. Усё гэта было б немагчымым без плённай і зладжанай работы калектыву ўчастка.
Вераніка Філановіч. Фота аўтара