Спыніцца і ўспомніць
Напярэдадні Дня Перамогі ў фае Пастаўскага дзяржаўнага каледжа з’явілася яркая творчая кампазіцыя. На ёй — 11 партрэтаў ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Іх з сямейных архіваў прынеслі супрацоўнікі і навучэнцы ўстановы, а прыгожа аформілі актывісты аб’яднання па інтарэсах «Творчая майстэрня». Ім кіруе педагог дадатковай адукацыі Іна Масквіна.

— Майго дзядулю звалі Уладзіслаў Антонавіч Міхалевіч, — расказвала Ірына Бурэнь, якая працуе ў каледжы прадаўцом у буфеце. — Ён быў узнагароджаны ордэнам «За адвагу», медалём «За Перамогу над Германіяй». На вайне атрымаў цяжкае раненне, доўга ляжаў у Польшчы ў шпіталі. Дадому вярнуўся толькі ў 1946 годзе. Жыў у вёсцы Слабада, што знаходзіцца на тэрыторыі сучаснага Навасёлкаўскага сельсавета. Працаваў лесніком, брыгадзірам трактарыстам… Памёр у 1994 годзе.
Калі дзядуля пайшоў на вайну, яго жонка была цяжарнай. Дзяўчынку, якая неўзабаве нарадзілася, назвалі Уладзіславай — у гонар таты. Ніхто не ведаў, вернецца ён з фронту ці не…
Шчымлівая сямейная гісторыя, упэўненая, стаіць за кожным здымкам, змешчаным у фае. Каля іх штодня спыняецца моладзь, старэйшае пакаленне — тыя, дзеля каго так цяжка і доўга здабывалася Вялікая Перамога.
Іна Сняжкова
Фота з архіва Ірыны Бурэнь