В фотоальбоме Бориса Семашко хранятся десятки поздравительных открыток

75 лет Победы

Прывітанне з мінулага

Сёння ведаюць толк у паштоўках, бадай, толькі прыхільнікі пасткросінгу. А вось у савецкі час віншаваць імі родных і сяброў з рознымі святамі было агульнапрынята. Такія паштовыя прывітанні з мінулага захоўваюцца ў некаторых і зараз. Вялікую калекцыю мае і пастаўчанін Барыс Сямашка.

З Днём Савецкай Арміі, Першамаем, Кастрычніцкай рэвалюцыяй… Да якіх толькі дат ні прымеркаваны паштоўкі, што беражліва захоўваюцца ў яго вялікім фотаальбоме! Усе размешчаны згодна з тэматыкай. Пачэснае месца ў калекцыі займаюць віншаванні са святам Перамогі, іх больш за паўсотню. «Жадаю моцнага здароўя, міру і шчасця ў жыцці. Няхай ніколі дым пажарышчаў не заслоніць неба над галавой», «Прыміце сардэчныя віншаванні з Днём Перамогі і пажаданні моцнага здароўя на многія гады, шчаслівага жыцця. Міру, сяброўства, паразумення, вясенняга настрою і радасці», «Няхай ніколі не паўторыцца 1941 год, а заўжды будзе чыстае мірнае неба, мір на Зямлі», «Сардэчна віншуем Вас — нашага паважанага ветэрана — і Вашу сям’ю са святам ПЕРАМОГІ!»… — вось толькі некаторыя напісаныя на іх пажаданні.

— У асноўным віншавалі родныя, сябры, саслужыўцы, партыйны камітэт воінскай часці, у якой адслужыў 30 гадоў у мірны час. Многіх няма ўжо ў жывых, — дастаючы паштоўкі з альбома, бядуе Барыс Сямашка. — Час ад часу гартаю альбом — і вяртаюся ва ўспамінах у ваеннае і пасляваеннае жыццё. Агортвае сум.

Што такое ваеннае ліхалецце, Барыс Дзмітрыевіч спазнаў асабіста,  бо на вайну прыпала яго дзяцінства. Зведаў голад, страх, балючую страту бацькоў. А ў жніўні 1944 года трапіў у лік выхаванцаў 238-га армейскага запаснога стралковага палка і прайшоў з ім да Берліна. Успамінае, што дзень перамогі быў сапраўды святам са слязамі на вачах, і заклікае берагчы мір.

Вераніка Філановіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.