В Поставской детской школе искусств имени А. Ромера проводят онлайн-уроки

Образование

Вучацца па Viber

У Пастаўскай дзіцячай школе мастацтваў імя А. Ромера чацвёртая вучэбная чвэрць пачалася не зусім звычайна — побач з традыцыйнымі ўрокамі тут праходзяць і ўрокі анлайн.

Дыстанцыйнае навучанне ў школе апрабавалі на вясенніх канікулах, якія сёлета расцягнуліся ажно на тры тыдні. Каб вучні выпускных класаў не сумавалі без справы і маглі не спяшаючыся выканаць дыпломныя работы, іх настаўніца Ганна Дрэлінская прапанавала маляваць дома пад яе кіраўніцтвам, якое ажыццяўляла з дапамогай месенджара Viber. Такая практыка аказалася ўдалай, і з пачаткам апошняй чвэрці яе вырашана было ўкараніць і ў іншых класах.

— Мы разумелі, што 20 красавіка ў нашу школу прыйдзе вельмі мала дзяцей: у сувязі з эпідэміяй каранавіруса многіх не пусцяць бацькі, — расказвала дырэктар ДШМ Жанна Курдо. — Таму напярэдадні абзванілі ўсіх татаў і мам і прапанавалі варыянт навучання анлайн. Пераважная большасць бацькоў прынялі яе і напісалі адпаведныя заявы.

Ганна Дрэлінская дэманструе, як праходзяць анлайн-урокі

Наступным этапам быў збор нумароў тэлефонаў вучняў і фарміраванне груп у Viber, а таксама азнаямленне з новай сістэмай работы іншых педагогаў. На здзіўленне, усе яны, нават пажылыя, хутка ўніклі ў курс справы і цяпер без праблем вядуць заняткі. Як і традыцыйныя, анлайн-урокі пачынаюцца па раней зацверджаным раскла­дзе. У вызначаны час настаўнікі выходзяць у Viber, дзе іх ужо чака­юць вучні, і адпраўляюць заданні: табліцы, ілюстрацыі, фотаздымкі кампазіцый і інш. з тлумачэннем, што трэба зрабіць. У працэсе выканання работ дзеці раяцца з педагогамі, дасылаючы ім тэкставыя і галасавыя паведамленні, паказваюць, што атрымліваецца, каменціруюць работы адно аднаго. А ў канцы ўрока адпраўляюць фота зробленага, і настаўнікі выстаўляюць адзнакі. Такім чынам зараз займаюцца каля 70% вучняў «художкі». Астатнія па-ранейшаму прыходзяць на заняткі.

— Анлайн-урокі вельмі падабаюцца дзецям, для іх гэта нешта незвычайнае і цікавае, — гаварыла Ганна Дрэлінская, якая выступае ў школе своеасаблівым мадэратарам дыстанцыйнага навучання. — Цяпер вучні не разлічваюць на непасрэдную дапамогу настаўнікаў  — што тыя падыдуць і нешта паправяць, — а маюць магчымасць у поўнай меры праявіць сваё майстэрства, прадэманстраваць усё, чаму навучыліся ў школе.

Як аказалася, аналагічным чынам працуе і Пастаўская дзіцячая школа мастацтваў імя А. Тызенгаўза. Розніца толькі ў тым, што анлайн-урокі ў ёй праходзяць па відэасувязі. Для гэтага выкарыстоўваецца не толькі Viber, але і Skype.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.