В СШ №4 г. Поставы запустили новый проект «Семейная память о войне»

75 лет Победы

Захоўваючы памяць пра вайну

«Напрыканцы 1943 года карны атрад немцаў злавіў многіх партызан. У іх ліку аказаўся і мой прапрадзядуля Сяргей Іларыёнавіч Гарбаценка разам з трыма жончынымі братамі. Злоўленых партызан гналі 8 км у бок в. Бяліны (тэрыторыя сучаснага Гарадоцкага раёна — аўт.). Затым іх прымусілі выкапаць доўгі і глыбокі роў, каля якога ўсіх паставілі і бязлітасна расстралялі.

Пазней нехта з немцаў перадаў родным партызан, што яны могуць адкапаць целы сваякоў і пахаваць іх «па-чалавечы». Такім чынам маёй прапрабабулі Хрысцінні давялося адначасова развітацца з чатырма самымі блізкімі людзьмі».

Частка пісем, дасланых Леаніду Трубачу. Некаторая інфармацыя з іх надрукавана ў кнізе «Памяць. Пастаўскі раён»

Гэтыя жудасныя падрабязнасці з гісторыі ўласнай сям’і трэцякласніца СШ №4 Лера Краўчанка даведалася ад бацькоў. Нядаўна яны сталі ўдзельнікамі праекта «Сямейная памяць пра вайну», арганізаванага яшчэ ў сакавіку мінулага года настаўніцай чацвёртай гарадской школы Наталіяй Федаровіч сумесна з райкамам БРСМ і раённым саветам ветэранаў. Анастасія і Уладзімір Краўчанкі разам з 9-гадовай дачкой запісалі ўсе факты пра расстралянага на вайне сваяка, якія ведалі з аповедаў бабулі, і разам з яго фатаграфіяй перадалі ў школу.

— На нашу просьбу расказаць сваю сямейную гісторыю, звязаную з Вялікай Айчыннай вайной, адгукнуліся вучні не толькі гарадскіх, але і сельскіх школ — з Гуты, Дунілавіч і Камай, — расказвала Наталія Федаровіч. — Пра продкаў таксама напісалі і дарослыя — ветэран 32-й ракетнай дывізіі Уладзімір Скоўпень, былая супрацоўніца раённага краязнаўчага музея Марыя Лапцінская, настаўнік СШ №4 Ігар Бабчынскі і іншыя.

А пачаўся праект з таго, што аднойчы мама Наталіі Віталь­еўны паказала ёй фотаздымак дзядулі — ветэрана вайны Аляксея Веправа. На ім былі бачныя яго ўзнагароды — медалі «За баявыя заслугі», «За адвагу», ордэн Славы ІІІ ступені. Але за што яны атрыманыя, ніхто не ведаў: сам дзядуля пра вайну расказваў вельмі мала. А калі што і гаварыў, то плакаў, успамінаючы загінулых баявых таварышаў.

Зборнік пісьмаў, выданне якога прымеркавана да 75-годдзя Вялікай Перамогі

Патрэбную інфармацыю ўдалося знайсці на сайце www.podvignaroda.ru, на якім сістэматызавана агромністая колькасць дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны. Пра яго Наталія Федаровіч расказала сваім знаёмым, хто цікавіўся ўзнагародамі сваіх продкаў. Аказалася, што ў многіх сем’ях памятаюць пра тых, хто ваяваў на фронце, не вярнуўся з яго.

Многія з гісторый, напісаных спецыяльна для праекта «Сямейная памяць пра вайну», можна прачытаць на сайце www.sch4proekt.com. У планах арганізатараў — выдаць іх асобным зборнікам.

А вось мара Наталіі Федаровіч надрукаваць зборнік успамінаў пра ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, якія спачываюць у брацкай магіле па вуліцы Чырвонаармейскай у Паставах, ужо здзейснілася.

Перадгісторыя яго выдання такая. У 1968—1985 гады ў СШ №4 працаваў атрад «Чырвоныя следапыты». Яго актывістам удалося сабраць шмат звестак пра воінаў, якія загінулі падчас вызвалення Пастаў. Актывісты руху перапісваліся з іх роднымі. І сёння ў школе захоўваецца альбом з пісьмамі і паштоўкамі ад сям’і Героя Савецкага Саюза Васілія Кірычука.

Наталія Вітальеўна задалася мэтай знайсці іншыя пісьмы — іх лёс невядомы. Найперш звярнулася ў раённы краязнаўчы музей.

— На жаль, там іх не было, — працягвала суразмоўца. — Затое знайшліся іншыя. Яшчэ ў 1990 годзе Леанід Трубач, які працаваў у Пастаўскім райкаме партыі, вёў перапіску са сваякамі воінаў, пахаваных у брацкай магіле па вуліцы Чырвонаармейскай. Тыя ахвотна расказвалі пра сем’і будучых абаронцаў Айчыны, іх даваеннае жыццё. Дзяліліся і фатаграфіямі загінулых — яны былі апублікаваны ў кнізе «Памяць. Пастаўскі раён». Уся іншая інфармацыя з перапіскі так і засталася недаступнай для тых, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю.

На працягу не аднаго месяца Наталія Федаровіч чытала гэтыя пісьмы разам з вучнямі ваенна-патрыятычнага класа і іншымі настаўнікамі школы. Нядаўна атрымалася выдаць іх ­адзіным зборнікам. Ён называецца «За скупой строкой на обелиске». Яго электронную версію можна прачытаць на сайце праекта «Создаём историю вместе».

Адкуль толькі ні прыходзілі гэтыя лісты ў Паставы! Кіргізія, Арменія, Таджыкістан, Узбекістан… Асабліва часта фігурыруе Кіраўская, Новасібірская, Варонежская, Арэнбургская вобласці Расіі.

— З вучнямі мы адкрылі гугл-карты і праверылі, ці існуюць гэтыя адрасы сёння, —  адзначыла настаўніца. — Па 20-ці з іх адправілі пісьмы, у якіх расказалі пра перапіску, ініцыяваную Леанідам Трубачом, пра кнігу «Памяць». Пра тое, што помнік па вуліцы Чырвонаармейскай нядаўна абноўлены, што вучні СШ №4 там прыбіраюць і працягваюць пошукавую дзейнасць сваіх папярэднікаў. Пакуль прыйшлі толькі тры адказы. Але як яны нас узрадавалі! У адным з пісьмаў, атрыманых па электроннай пошце, сваякі пахаванага ў брацкай магіле воіна папрасілі нас сфатаграфаваць месца пахавання, шыльду на помніку з прозвішчам роднага ім чалавека. Здымкі ўжо адпраўлены.

Калі прадстаўнікі чацвёртай школы рассылалі пісьмы, на зваротным баку канверта пісалі просьбу да паштальёнаў: калі па ўказаным адрасе ніхто не жыве, аддаць пісьмо ў мясцовую газету. У адным са СМІ Новасібірскай вобласці ўжо апублікаваны ліст пастаўчан. Пасля гэтага выпадку з названага рэгіёна ў СШ №4 звярнуліся з просьбай знайсці пахаванні двух воінаў, якія падчас Вялікай Айчыннай прапалі ў Беларусі без вестак. Адзін з іх — якраз у Віцебскай вобласці. Дапамагчы ў пошуках Наталія Федаровіч папрасіла настаўнікаў гісторыі, краязнаўцаў. Ёсць надзея, што ў вырашэнні і гэтага пытання ўсё атрымаецца…

Іна Сняжкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.