Весенние праздники на Поставщине: традиции и приметы

Культура

Сярод асабліва адметных народных веснавых свят, якія найбольш захаваліся ў памяці пакаленняў і да гэтага часу адзначаюцца ў нашым рэгіёне, можна назваць Саракі, Вялікдзень, Радаўніцу і Юр’е.

Саракі

Cвята веснавога раўнадзенства Саракі адзначаецца 9/22 сакавіка і асацыіруецца ў беларусаў з прылётам птушак — душ альбо пасланнікаў продкаў, што вяртаюцца з выраю і «нясуць на крылах вясну».
У нашай мясцовасці на Саракі пяклі пячэнне, часта на свіным тлушчы, у выглядзе птушачак (жаваранкаў) і раздавалі дзецям як увасабленню пачатку новага жыцця (новага лета). Вядомая на Пастаўшчыне і варажба, калі 12 трэсак перакідваюць праз дах, які па сэнсе таксама мае дачыненне да неба (іншасвету) і птушак. У гэты дзень каталіся на арэлях як мага вышэй, што лічылася магічным уздзеяннем не толькі на рост ільну, але і на стварэнне шлюбных пар. У Звеставанне (25 сакавіка/7 красавіка) забаранялася любая хатняя праца, «бо птушка гнязда не ўе, дзяўчына касы не пляце».

Вялік­дзень

Найвялікшае веснавое свята так і называецца — Вялік­дзень. Тэрміны яго святкавання адрозніваюцца ў католікаў і праваслаўных, бо вылічваюцца па-рознаму ад першай поўні пасля дня веснавога раўнадзенства.

На Пастаўшчыне пашыраны такія святочныя традыцыі, як асвячэнне ў храме яек (сімвала неўміручасці і аднаўлення жыцця), солі, хлеба, кулічоў, вяндліны, цукерак, разгаўленне з малітвай свянцоным яйкам з соллю, падзеленым на ўсіх членаў сям’і (сімвалічная дзея яднання) за святочным сталом, а таксама валачобныя абрады, абходы «жачыкаў», гульні «ў біткі», «качанне яек».

Качанне яек на велікодных вячорках, в. Гута. 2018 год. Фота Дзмітрыя Умпяровіча

У в. Палессе частку асвечанай ежы пакідалі на могілках, каб і памерлыя «далучыліся» да вялікага свята Уваскрэсення Хрыстова. Тэрэза Антух з Навінак распавядала: яе бабуля раіла адно яйка пакінуць да наступнага Вялікадня, каб «не было пажараў». У выпадку пажару яйка трэба кінуць у агонь, «каб не перайшоў на іншую хату». І. А. Дзеравянка з Юнек расказвала, што велікоднае яйка клалі ў ваду і мылі ёй твар і рукі, каб быць прыгожымі і здаровымі, а свянцоную соль дабаўлялі ў корм скаціне, якая хварэе. Біццё яек, якое цяпер успрымаецца як гульня, з’яўляецца рытуальнай дзеяй — спрыяе нараджэнню новага жыцця. У. Я. Магільніцкі ў цікавай краязнаўчай кніжцы «Мая вёсачка Вайшкуны» адзначае: каб яйка было мацнейшым, хлопцы, хітруючы, запускалі ў яго праз дзірачку цукар, а мужчыны гулялі на яйкі ў карты. «Па абедзе» хадзілі «ў лалоўнікі», «у алялюю», «у валачобнікі». На другі дзень з раніцы пачыналі хадзіць «жачкі» (дзеці). Гэтыя традыцыі актыўна аднаўляюцца апошнія 30 гадоў намаганнямі культработнікаў і самастойна дзецьмі.

Радаўніца

На дзявяты дзень пасля Вялікадня адзначаецца Радаўніца. Людзі наведваюць могілкі са свянцонымі яйкамі і свечкамі (лампадкамі), успамінаюць памерлых сваякоў і знаёмых.

У нашай мясцовасці памінанне з частаваннем гарэлкай на могілках менш распаўсюджана ў параўнанні з некаторымі рэгіёнамі Расіі, дзе для гэтай мэты нават зроблены драўляныя столікі, каб «удзельнічалі ў свяце і нябожчыкі». Ра­зам з хрысціянскім усведамленнем гэтага дня трэба адзначыць і гістарычнае спалучэнне са старадаўнімі традыцыямі ўшанавання продкаў перад пачаткам земляробчых работ, каб яны благаславілі няпростую працу хлебаробаў.

Юр’я

Вялікую цікавасць уяўляе сабой свята Юр’я (23 красавіка/6 мая), устаноўленае ў гонар Святога Георгія — апекуна хатняй жывёлы і земляробства.

На Пастаўшчыне існуе шмат прыкмет, прымавак, замоў і звычаяў да Юр’я. Так, даўней усе жыхары вёскі збіраліся ў яе цэнтры, а найстарэйшыя жанчыны звярталіся да Святога Юрыя з песняй «Юрый, уставай рана, адамкні зямлю, выпусці расу». У гэты дзень «запасавалі жывёлу». Карову выганялі ў поле свянцонай вярбой, а пад парог хлява клалі два яйкі. Галінкі вярбы потым захоўвалі ў хляве над дзвярыма, каб скаціна «не ба­дзялася». Яйкі ж аддавалі жабракам, якія маліліся за гаспадароў і жывёлу. Гаспадар да ўсходу сонца з настольнікам у руках абыходзіў поле і па яго вуглах закопваў косці з велікоднага стала, прыгаворваючы: «Святы Божа, Святы Юрый, засцеражы ніўку ад граду». У Лукашове на рогі каровам на­дзявалі вянкі з жоўтых кветак. У Парыжы абносілі карову яйкамі, каб была «кругленькая і гладкая», а на рогі завязвалі паясок з зашытым у яго кавалачкам хлеба. У царкве меліся статуэткі-выявы хатніх жывёл, якія пажадана было пагушкаць разы тры, каб скаціна вадзілася ў гаспадарцы.

С. А. Харко з в. Ясюкі расказала, што пад парог хлява клалі і рэзгіны, каб скаціна вярталася дахаты. Дзяўчаты з вянкамі і вярбой ішлі да жытнёвага поля і прасілі ўраджаю, спявалі. Прынесенае пакідалі там. Было прынята хадзіць па «Юраўскай расе ды па Божай красе» для здароўя і прыгажосці. У вёсках Волахі і Хацілы вербачкай акраплялі свянцонай вадой жывёлу і праганялі праз асінавае паленца, давалі з’есці «камячок свянцонага хлеба». Да ўсходу сонца вяскоўцы абыходзілі поле з асвечаным хлебам і качаліся па ніве, «каб зямля ўрадзіла» і было здароўе. Ёсць звесткі, што ў в. Лучай пасля малебна людзі святкавалі, рассцяліўшы посцілкі на траве, а жанчыны «бадаліся» — рабілі рытуал на ўзмацненне жыццёвых сіл сваіх і хатняй жывёлы.

У пачатку 2000-х гадоў у Хацілах пад кіраўніцтвам былой загадчыцы сельскага клуба З. М. Калесніковіч быў праведзены ўрачысты выган скаціны ў поле з традыцыйнымі звычаямі і абрадамі. Раней свята Юр’я ладзілася на сцэне Ляхаўшчынскага СДК, Кейзікаўскага СК, Шыркаўскага клуба-бібліятэкі і іншых устаноў культуры. У 2002 годзе было арганізавана і на галоўнай плошчы райцэнтра, а сюжэтна-гульнёвыя праграмы «Юр’я, Мікола прыйшлі, цяпло прыняслі» з абрадавымі дзеямі праводзіліся ў былой сядзібе Зюзі ў Азёрках і ў аграсядзібе «Ліпнікі» для турыстаў. Сёння гэта свята, як і многія іншыя народныя традыцыі, у вялікай ступені страціла сваю актуальнасць, таму што скарацілася колькасць хатняй жывёлы. Знік і глыбінны сэнс Юр’я. Але памяць народа, яркія праявы культурна-этнаграфічнай спадчыны мы павінны захоўваць і пры магчымасці выкарыстоўваць, бо гэта наша гісторыя, адметнасць нацыянальнай традыцыйнай культуры роднага краю.

Людміла Чатовіч, метадыст Цэнтра культуры  і народнай творчасці раёна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.