Весенний призыв-2020. Ряды солдат срочной службы пополнят 13 поставчан

Приграничье

Ідзе адпраўка ў войскі

Вясенняя прызыўная кампанія выйшла на фінішную прамую: у нашым раёне адпраўка ў воінскія часці стартавала 13 мая і завершыцца 27-га. Усяго шэрагі салдат тэрміновай службы папоўняць 13 пастаўчан.

— Ужо тры гады запар па ўсёй рэспубліцы назіраецца недахоп прызыўных рэсурсаў у вясенні прызыў. Як правіла, на тэрміновую службу адпраўляецца 30-40% прызыўнікоў ад плана. Наш план быў — 37 чалавек, — паведаміў ваенны камісар раёна Мікалай Кулік. — Такі дэфіцыт звязаны з тым, што многія юнакі маюць адтэрміноўку для набыцця адукацыі. Выдача дыпломаў, як правіла, адбываецца летам, таму яны замест вясенняга трапляюць у асенні прызыў. Ведаючы сітуацыю, камандзіры воінскіх часцей загадзя прадумваюць, як укамплектаваць свае фарміраванні. Самае відавочнае рашэнне — прызваць на службу па кантракце грамадзян, якія не праходзілі тэрміновую службу. Гэта прадугледжана заканадаўствам і карыстаецца папулярнасцю ў нашых мужчын.

Першым з пастаўчан ваенную форму апране 24-гадовы Яўгеній Лукашэвіч. Яго накіравалі служыць у вучэбны цэнтр у Барысаве.

— Выканаць абавязак перад Айчынай хацеў заўсёды, але доўгі час мяне прызнавалі непрыгодным, — расказвае сваю гісторыю Яўгеній Лукашэвіч. — Таму адпраўка ў войска — для мяне падзея досыць нечаканая. Арміі не баюся, бо па расказах сяброў ведаю: падстаў для хваляванняў няма. Засмучае толькі тое, што пакіну дома жонку, якой будзе неабходна адной цягнуць крэдыты. Прыйдзецца забыць пра сумесныя планы. Напрыклад, зусім нядаўна мы набылі ўчастак для будаўніцтва ўласнага дома. Цяпер яго ўзвядзенне адкладзецца на паўтара года. Буду сумаваць і па любімай рабоце — да прызыву працаваў вадзіцелем на малаказаводзе. Разам з тым усведамляю, што абавязак ёсць абавязак. Успрымаю ўсё з аптымізмам.

За дзень да адбыцця на абласны зборны пункт Яўгеній наведаўся ў райваенкамат. Тут урач зафіксаваў яго стан здароўя: памераў тэмпературу, праверыў, ці няма праяў якіх-небудзь хвароб. Пасля гэтага прызыўнік прайшоў інструктаж, распісаўся ў ваенным білеце. А ў сераду ў суправаджэнні начальніка групы прызыву на ваенную службу Валерыя Баравіка накіраваўся ў Віцебск. Па дарозе яны «падхапілі» хлопцаў, якія прызываюцца з Глыбоцкага, Докшыцкага і Ушацкага райваенкаматаў. Робіцца гэта для таго, каб з максімальнай карысцю задзейнічаць заказны аўтобус і выключыць непажаданыя кантакты пры паездцы на грамадскім транспарце. У сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй пытанне гэта надзвычай актуальнае.

— Каранавірус унёс карэктывы ў бягучую прызыўную кампанію, — канстатаваў Валерый Баравік. — Напрыклад, за дзень да адпраўкі прызыўніка тэлефануем у раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, каб высветліць, ці не хварэе ён на каранавірус, ці не з’яўляецца кантактам першага ці другога ўзроўню. А да гэтага былі нюансы па медасведчанні. Прычым як у раёне, так і ў вобласці: нехта з вузкіх спецыялістаў хварэў, не прымалі пацыентаў некаторыя ўстановы аховы здароўя. У прыватнасці, калі ў прызыўніка ёсць пэўнае захворванне (напрыклад, алергія), то, каб прызнаць яго непрыгодным да праходжання тэрміновай службы, яго неабходна стацыянарна абследаваць у абласной бальніцы і паставіць адпаведны дыягназ.  З-за каранавіруса зрабіць гэта было немагчыма. Таму па такіх прызыўніках вынесена рашэнне аб часовай непрыгоднасці.

Служыць нашы землякі адправяцца ў аб’яднаны вучэбны цэнтр у Барысаве і ў воінскую часць ВПС і войск СПА, размешчаную ў Азёрках. Амаль палова прызыўнікоў — 6 чалавек — праявяць сябе на ахове Дзяржаўнай граніцы.

Вераніка Філановіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.