15 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы ўжо нарыхтавалі на СП «Дунілавічы-агра».
Гэта адзін з найлепшых паказчыкаў у раёне. Дабіцца яго ўдалося за кошт добрых траў і дзякуючы дапамозе партнёраў аграпрамысловага аб’яднання, якое ўзначальвае Канстанцін Гайлеўскі.
У панядзелак корманарыхтоўчы атрад працаваў у сяргеевіцкім аддзяленні, корм закладваўся ў сянажную траншэю каля мясцовай фермы. Накіроўваюся ў поле, дзе сканцэнтравана тэхніка. Механізатар Валерый Кекер разбірае касілку.

— Шосты сезон служыць агрэгат, — гаварыў з сумам. — Палі камяністыя, нават жалеза не вытрымлівае. Паломка сур’ёзная, на месцы яе ўхіліць не ўдасца, патрэбна зварка.
З дунілавіцкіх мехмайстэрняў прыязджае газазваршчык Іосіф Волк. Чалавек на пенсіі. У свой час працаваў на шклозаводзе «Гута», у аграсэрвісе. У мінулым годзе пайшоў на заслужаны адпачынак. А падчас жніва яго запрасілі папрацаваць у Дунілавічы. З таго часу зноў не выпускае зварачны апарат з рук.

— Работы хапае, — расказваў Іосіф Волк. — Тэхніка старая, ламаецца часта. Вось і камбіную, як падоўжыць ёй век.
У полі з другой касілкай застаўся Станіслаў Зайцаў. Аднаму яму забяспечыць работу для тэхнікі з граблямі, падборшчыкаў-здрабняльнікаў не пад сілу. Перада мной на корманарыхтоўку ў Сяргеевічы прыязджаў Канстанцін Гайлеўскі і абяцаў на наступны дзень прыслаць 9-метровую касілку.

Плошчы сенакосу на сельгаспрадпрыемстве «Дунілавічы-агра» не такія вялікія, як у іншых гаспадарках раёна, аднак сваімі сіламі справіцца надзвычай складана. 3-метровыя касілкі — гэта не 9-метровыя. Хоць Станіслаў і Валерый рупяцца, Юрый Ворса і Андрэй Вайткевіч з граблямі ідуць за імі след у след.
Дунілавіцкія палі дробнаконтурныя, магутнай тэхніцы складана пераехаць з участка на ўчастак, ды і развярнуцца на малой плошчы няпроста. Партнёры з малочнага завода аказваюць адчувальную дапамогу. На падборы і здрабненні зялёнай масы некалькі дзён працаваў «Ягуар» Алега Казакевіча, на адвозцы задзейнічаны Васілій Чабуранаў, у стрэйч-плёнку абгортваў сянажную масу Валерый Руткоўскі.
— З утварэннем аграпрамысловага аб’яднання я хоць раён вывучу, — жартуе Юрый Ворса. — Сам родам з Рамашкавіч, што недалёка ад Мягун. За 40 гадоў механізатарскага стажу далей чым за камайскімі палямі працаваць не даводзілася. А перайшоў на малочны завод — дапамагаў у Кураполлі, Юньках, цяпер вось у Сяргеевічах.
— Сваіх механізатараў не хапае, — казаў дырэктар СП «Дунілавічы-агра» Андрэй Сарапененка. — Добра што лясгас, УП ЖКГ камандзіравалі да нас сваіх людзей. Дзякуй нашым ветэранам Уладзіміру і Васілію Будзько. Агульнымі намаганнямі здолеем забяспечыць кармамі грамадскі статак.
Анна Анішкевіч
Фота аўтара
Читайте также: