15 июня в корпуса «Ветразя» снова приехали отдыхать дети Витебской области

Здравоохранение

На гарманічным спалучэнні

15 чэрвеня пасля двухмесячнага перапынку ў карпусах і на тэрыторыі АДРАЦ «Ветразь» зноў загучалі дзіцячыя галасы: сюды на аздараўленне і рэабілітацыю прыехалі больш за 100 чалавек з Віцебскай вобласці.

— Як толькі эпідэміялагічная сітуацыя ў нашай вобласці палепшылася, аблвыканкам прыняў рашэнне аб аднаўленні работы нашага цэнтра, — расказваў галоўны ўрач абласнога дзіцячага рэабілітацыйнага аздараўленчага цэнтра «Ветразь» Сяргей Пе­тухоў. — Усе работнікі з радасцю прыступілі да выканання сваіх прывычных абавязкаў.

Работа цэнтра заўсёды будавалася на гарманічным спалучэнні класічных методык і новых навуковых дасягненняў. Кожны год медыцынскае абсталяванне папаўнялася навінкамі, работнікі навучаліся ў вядучых спецыялістаў Беларусі, Расіі і іншых краін блізкага замежжа. Пандэмія ўнесла свае карэктывы. Прыйшлося адкласці набыццё некаторага фізіятэрапеўтычнага абсталявання.

Сярод узнагароджаных з нагоды прафесійнага свята — урач-педыятр Жанна Райчонак, галоўная медыцынская сястра Таццяна Свірковіч, медсёстры Людміла Маслоўская і Вольга Танана, урач-рэабілітолаг Алена Дунец

Затое эфектыўна працуе новы «Магнітатурбатрон». Магнітныя хвалі станоўча ўздзейнічаюць на арганізм чалавека і вырашаюць мноства праблем са здароўем. Апарат выкарыстоўваюць для правя­дзення фізіятэрапеўтычых працэдур, а таксама для прафілактыкі розных захворванняў. Пачаў функцыянаваць натуральнатэрапеўтычны бурштынава-солевы комплекс для лячэння органаў дыхання з дапамогай пяці відаў солей з Беларусі, Украіны, Ізраіля, Пакістана.

Для работы на сучасных апаратах патрэбны высокакваліфікаваныя спецыялісты. Таму ў «Ветразі» не шкадуюць сродкаў на навучанне і перапрафіляванне работнікаў. Напрыклад, урач-рэабілітолаг, загадчык псіханеўралагічнага аддзялення Алена Дунец і псіхолаг Сняжана Януш прайшлі навучанне ў Маскве, дзе ім выкладалі спецыялісты з Францыі. Цяпер прафесійна працуюць на комплексе біяакустычнай карэкцыі, які прымяняецца для лячэння функцыянальных расстройстваў цэнтральнай нервовай сістэмы, наступстваў арганічнага паражэння галаўнога мозга, яго сасудзістых, неўратычных і псіхасаматычных захворванняў. Урач Іна Пода і інструктар лячэбнай фізкультуры Ірына Панкова стажыраваліся ў Польшчы.

Адказнасць, прафесіяналізм, чулыя адносіны медыцынскага персаналу ўстановы да пацыентаў высока цэніць яе кіраўніцтва, мясцовая ўлада, галоўнае ўпраўленне па ахове здароўя аблвыканкама. Вялікая група работнікаў напярэдадні прафесійнага свята адзначана граматамі і падзякамі.

Пакідаючы «Ветразь», паназірала за дзецьмі, якія прыехалі сюды на рэабілітацыю. Частка іх праходзіла лячэбныя працэдуры, іншыя разам з выхавальнікамі весела бавілі час на вуліцы.

— Тут нават паветра гаючае, — гаварылі дзяўчынкі, якім пашчасціла трапіць у цэнтр у другі раз. — А якія цудоўныя ўрачы, медыцынскія сёстры! На перыяд аздараўлення яны замяняюць нам мам.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.