15 июня в Поставском государственном колледже началась вступительная кампания

Важное Образование

Часу не губляюць – каледж выбіраюць

15 чэрвеня ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі Беларусі пачалася ўступная кампанія. З гэтага дня прымае дакументы ад абітурыентаў і Пастаўскі дзяржаўны каледж. Тыя, хто паступае сюды на ўзровень ПТА, змогуць падаць іх па 20 жніўня. На ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі дакументы будуць прымацца з 20 ліпеня па 3 жніўня.

Асноўныя спецыяльнасці, па якіх вядуць падрыхтоўку ў каледжы, — гэта тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ, эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў, грамадскае харчаванне, гандлёвая справа і аўтасэрвіс. З гэтага года тут зноў пачалі набіраць кантралёраў-касіраў на базе 11 класаў. Таксама сёлета ўпершыню адкрылі для 11-класнікаў падрыхтоўку па спецыяльнасці «Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў. Тэхнік-механік». Раней яе можна было атрымаць толькі адвучыўшыся на слесара па рамонце аўтамабіляў. Што да агульнага плана прыёму, ён даволі вялікі — 232 чалавекі.

— На ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі мы набіраем дзве групы (52 чалавекі) 9-класнікаў, якія будуць атрымліваць спецыяльнасці трактарыста-машыніста сельскагаспадарчай вытворчасці, слесара і вадзіцеля аўтамабіля, а таксама групу (25 чалавек) 11-класнікаў  — будучых кантралёраў-касіраў. На ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі — 50 9-класнікаў на спецыяльнасці «Аўтасэрвіс. Аўтамеханік 5-га разраду», «Грамадскае харчаванне. Повар 5-га разраду» і 25 выпускнікоў 11-х класаў, з якіх будзем рыхтаваць тэхнікаў-механікаў, — расказвала намеснік дырэктара каледжа па вучэбнай рабоце Наталля Шылько. — Акрамя дзённай формы навучання, у нас ёсць вячэрняя і завочная падрыхтоўка. Вячэрняя вядзецца на ўзроўні ПТА. Тут фарміруем групы па 15 чалавек кожная слесараў па рамонце аўтамабіляў і повараў 3-га разраду. На завочную форму можна паступіць для атрымання на платнай аснове спецыяльнасцей бухгалтара і тэхніка-механіка (набор на іх складае адпаведна 20 і 15 чалавек) і бясплатна  — сацыяльнага работніка (набор 15 чалавек).

Член прыёмнай камісіі Марына Раманоўская дапамагае запоўніць дакументы на паступленне Ягору Роўду з Мядзела, які прыехаў з маці

У каледжы спадзяюцца: запланаваную колькасць навучэнцаў набяруць без праблем, бо вялікую ўвагу ўдзялілі рэкламе ўстановы і прафарыентацыі школьнікаў не толькі нашага, але і суседніх раёнаў. Развесілі інфармацыю пра прыём абітурыентаў у Паставах і бліжэйшых райцэнтрах. Раздалі рэкламныя лістоўкі і буклеты выпускнікам і тым, хто працягвае вучыцца ў ПДК, папрасіўшы іх пасля прыезду дамоў схадзіць у свае школы і пагутарыць з вучнямі пра выбар прафесіі. І гэта дало вынік. Ужо ў першыя дні прыёму дакументаў актыўна пайшлі 9-класнікі з бацькамі, як мясцовыя, так і з Мядзела, Нарачы, Глыбокага, Браслава, Лепеля.

— Жадаючых паступіць да нас было столькі, што ў калідоры ўтвараліся вялікія чэргі, — працягвала Наталля Аляксандраўна. — За паўтара тыдня па некаторых спецыяльнасцях мы выканалі план прыёму амаль на 40 працэнтаў. Асабліва зацікаўлены школьнікі спецыяльнасцю слесара па рамонце аўтамабіляў, да якой за 3 гады вучобы можна атрымаць кваліфікацыі вадзіцеля аўтамабіля катэгорыі «С» і трактарыста-машыніста сельскагаспадарчай вытворчасці катэгорый «А» і «В». Менш за ўсё дакументаў падаюць на трактарыста-машыніста катэгорый «А», «В», «D», слесара па рамонце сельгасмашын і вадзіцеля аўтамабіля катэгорыі «С». Хочацца, каб кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна звярнулі на гэта ўвагу і наладзілі мэтавую падрыхтоўку неабходных ім спецыялістаў.

24 чэрвеня, калі я завітала ў каледж, тут таксама было шмат абітурыентаў. Двое з іх, Дзмітрый Навашынскі і Ягор Роўда, у суправаджэнні бацькоў прыехалі з Нарачы і Мядзела. Абодва падавалі дакументы на «Аўтасэрвіс».

— Пастаўскі каледж выбралі таму, што ён недалёка ад дома, — гаварылі хлопцы. — Да таго ж тут вучацца нашы знаёмыя і сябры, якія і парэкамендавалі яго. Заходзілі на сайт установы, чыталі водзывы. Усё спадабалася.

З імі салідарныя выпускнік Варапаеўскай СШ Максім Ганчар і яго мама Алеся Міхайлаўна.

— На карысць нашага кале­джа сыгралі прафесіі, якія можна атрымаць на месцы, і добрыя рэкамендацыі. У свой час гэту навучальную ўстанову закончылі мае брат і сястра, — зазначыла жанчына.

Дакументы ў Пастаўскі дзяржаўны каледж прымаюцца штодзень, акрамя нядзелі, з 9 да 18 гадзін без перапынку на абед.

Нягледзячы на эпідэмію каранавіруса, асаблівых адрозненняў у рабоце прыёмнай камісіі ў параўнанні з мінулымі гадамі няма. Невялікія нюансы — масачны рэжым, дэзынфекцыя рук і захаванне сацыяльнай дыстанцыі, таму для прыёму дакументаў выдзелена самае вялікае памяшканне. Для тых, хто чакае сваёй чаргі, у холе выстаўлены лаўкі. Тут жа ёсць буфет, дзе можна купіць ваду, сок, ліманад і што-не­будзь перакусіць. Каб абітурыенты і іх бацькі маглі пазнаёміцца з каледжам, не перамяшчаючыся па ім, па тэлевізары ў холе дэманструюцца вучэбныя кабінеты, лабараторыі, майстэрні, мерапрыемствы, якія прахо­дзяць на працягу года. У той жа час іншагародніх абітурыентаў з мамамі-татамі пры іх жаданні праводзяць у інтэрнат, каб тыя на свае вочы ўбачылі ўмовы пражывання.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Читайте также:

В Поставской гимназии, СШ №№1 и 3 заработали отряды лагеря труда и отдыха
Изменился порядок заключения целевых договоров в медицинские университеты и колледжи


Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.