Алексей и Максим Сосновские с мамой Анастасией стали призерами смотра-конкурса «Я б в спасатели пошел!»

Безопасность Важное

«Руляць» браты Сасноўскія

З 4 па 29 мая ў рамках рэспубліканскай акцыі МНС «Не пакідайце дзяцей адных!» праводзіўся сямейны агляд-конкурс «Я ў ратаўнікі пайшоў бы». Прызёрамі яго абласнога этапа сталі выхаванцы Лынтупскай яслі-сад—сярэдняй школы Аляксей і Максім Сасноўскія з мамай Анастасіяй.

Мэтай конкурсу было ўклю­чыць бацькоў у працэс выхавання культуры бяспекі жыццядзейнасці ў дзяцей праз уцягненне ў сумесную творчую дзейнасць. Таму да ўдзелу ў спаборніцтве запрашаліся не толькі хлопчыкі і дзяўчынкі дашкольнага (ад 2 да 5 гадоў) і малодшага школьнага (ад 6 да 11 гадоў) узростаў, але і іх мамы, таты, іншыя родныя. Ім прапанавалі праявіць крэатыў і арыгінальнасць у стварэнні тэматычных касцюмаў і тэхнікі ратаўнікоў.

Разам з іншымі іх стваралі і сем’і з Пастаўскага раёна, рыхтуючы таксама відэапрэзентацыі сваіх работ, паколькі конкурс праводзіўся анлайн. Вынікі падводзіліся ў некалькі этапаў. На раённым у намінацыі «Дзіцячы касцюм ратаўнікоў» найлепшай аказалася работа 8-гадовага навучэнца Навасёлкаўскай СШ Мішы Гіля і яго родных, у намінацыі «Дзіцячая тэхніка ратаўнікоў» — творчая праца сям’і Сасноўскіх з Лынтуп. Апошнія занялі таксама 2-е месца на абласным этапе конкурсу. У сувязі з гэтым 5 чэрвеня іх запрасілі ў Пастаўскі РАНС для ўзнагароджання.

Аляксей, Максім і Анастасія Сасноўскія з Сяргеем Мялешкіным

— Прыняць удзел у конкурсе нам прапанавала выхавальнік дзіцячага сада, які наведваюць хлопчыкі, — расказвала мама 5-гадовага Лёшы і 3-гадовага Максіма Анастасія Сасноўская. — Мы зрабілі з кардону пажарную машыну і змясцілі ў яе 3-колавы дзіцячы веласіпед. Задумка была такой: каб у машыне на веласіпедзе мог сядзець малодшы сын, а старэйшы каціў бы яго. Ідэяй для відэапрэзентацыі работы стала аперацыя па выратаванні нашага ката Бусі. Відэаролік здымалі на працягу цэлага дня, а сваячка дапамагла яго зманціраваць. Што зоймем прызавое месца, не чакалі, проста вырашылі паўдзельнічаць. Дзецям вельмі падабаюцца пажарныя машыны. Калі яны праязджа­юць міма з уключанымі маячкамі, хлопчыкі проста ў захапленні. Дарэчы, нумарны знак нашай машыны — «Браты Сасноўскія».

Павіншаваць малых з перамогай і ўручыць ім падарункі прыехаў сам начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Мялешкін. Разам з дыпломам ён прывёз Лёшу і Максіму цацачныя пажарныя машыны, з якімі тыя адразу ж пачалі гуляць.

— Гэта складаны конкурс, і стаць яго прызёрам вельмі ганарова, — гаварыў Сяргей Мікалаевіч. — Вы праявілі шмат творчасці, знялі цудоўны відэаролік, які мы будзем выкарыстоўваць у сваёй прафілактычнай рабоце як навучальны дапаможнік. Я ўсім раю яго паглядзець (ён ёсць у свабодным доступе ў інтэрнэце) і парадавацца за нашых юных землякоў, якія дзякуючы бацькам дабіваюцца такіх бліскучых вынікаў.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.