Байкер — это «диагноз». В Поставах прошел слёт байкеров

Общество

Аднойчы «захварэўшы» матацыкламі, да ранейшага жыцця без «жалезнага сябра» вярнуцца немагчыма. 

Пра гэта мне сказалі байкеры, якія 12 чэрвеня прыехалі ў наш раён з Масквы, Іжэўска, Мінска, Гродна, Асіповіч… Распытала іх пра насычанае падзеямі жыццё і ўражанні ад арганізаванай на Пастаўшчыне сустрэчы.

У пазамінулую пятніцу нельга было прайсці міма кафейні Coffee Room, не спыніўшыся. Там, як на выставе тэхнікі, у рад стаялі самыя розныя па марцы, класе і кошце матацыклы.

— З года ў год мы разам ездзім на шматлікія злёты ў Беларусі і за мяжой, — гаварыў адзін з актывістаў байкерскага руху ў Паставах і ўладальнік кафейні Іван Семенас. — Аднак сёлета з-за каранавіруса большасць масавых мерапрыемстваў адменена. Мы паспелі засумаваць па жывых зносінах, таму і вырашылі сабрацца адносна невялікай кампаніяй сяброў.

Усяго на Пастаўшчыне сустрэ­ліся 19 чалавек. Сярод іх было і некалькі дзяўчат. За рулём аўтамабіля яны даўно нікога не здзіўляюць, а вось на масіўным матацыкле ўсё ж такі глядзяцца непрывычна і звяртаюць на сябе асаблівую ўвагу мінакоў.

— Я яшчэ і страляць умею! — усміхаецца Крысціна з Масквы, калі я пачынаю яе распытваць пра не зусім жаночае захапленне матацыкламі. — Насамрэч дзяўчаты-байкеры — гэта не такая і рэдкасць. Сярод іх шмат вопытных вадзіцеляў, якія катаюцца па свеце шмат гадоў. Гэта я на матацыкле толькі першы сезон. Нарэшце ўвасобіла ў жыццё сваю мару дзяцінства. Уражанні? Самыя незвычайныя! Вось едзеш доўга за рулём, моцна сціснуўшы рукі, а потым спыняешся, злазіш з байка — і працягваеш хадзіць з заціснутымі кулакамі, бо разагнуць іх ужо не можаш (смяецца — аўт.). Жарты жартамі, але напачатку ездзіць было страшна, асабліва па Маскве — там такі паток машын, такі рух! Затое тут, у маленькім горадзе, адпачываю. Беларусь уразіла мяне асаблівай душэўнасцю, гасціннасцю, а ў вашым райцэнтры найбольш спадабаліся зялёныя скульптуры на вуліцах.

Сёлетні байкерскі сезон для мяне ўжо сёмы па ліку. Мінулы быў, напэўна, адным з самых насычаных. Наездзіў 12 тысяч кіламетраў.

На невялікае інтэрв’ю згадзіўся і яшчэ адзін расіянін — Руслан.

— Я супрацоўнік аднаго з абаронных прадпрыемстваў і жыву на два гарады — Іжэўск і Маскву, — расказаў ён. — Мяне вельмі цёпла прынялі на байкерскім фестывалі ў Лідзе, там і пасябраваў з пастаўчанамі.

На матацыкле я з 1996 года — атрымліваецца, ужо чвэрць стагоддзя! Праехаў не дзясяткі, а сотні тысяч дарог, у тым ліку па Лівіі, Сірыі, Марока, Паўднё­ва-Афрыканскай Рэспубліцы, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, Грэцыі, шэрагу еўрапейскіх краін. Любоў да байкаў у нашым Іжэўску — у паветры, бо гэта ра­дзіма савецкіх матацыклаў. Маё захапленне падарыла мне шмат эмоцый і сяброў, у тым ліку з Беларусі. Заўжды прыязджаю сюды з задавальненнем, бо люблю вашу краіну: тут нібы вяртаюся ў сваё юнацтва — Савецкі Саюз.

Мяне не хвалюе, што сустрэча атрымалася немнагалікай. Галоўнае ж не маштаб падзеі, а людзі! У нас душэўная кампанія, з якой падтрымліваем сувязь і ў міжсезонне. Таму сустрэча ў любым выпадку падорыць шмат станоўчых эмоцый.

Адным з яе арганізатараў стаў пастаўчанін Сяргей Захарыч. Ён жа — актыўны удзельнік байкерскага руху ў нашым горадзе. Пасля таго як госці сустрэчы раз’ехаліся, я папрасіла Сяргея падвесці яе вынікі і расказаць пра свае самыя яркія ўражанні ад «жыцця на матацыкле».

— На выхадных мы большую частку часу правялі на Лынтупшчыне — паглядзелі на мясцовыя славутасці, адпачылі на прыродзе, — апавядаў ён. — Усе ацанілі яе прыгажосць.

І гэта пры тым, што паездак было ўсяго 7. У ліпені 2019-га мы з пастаўчанамі адправіліся ў Мурманск, за Палярны круг. Дарога ў адзін бок склала каля 2 300 кіламетраў, гэта два з паловай дні язды. Уражанняў засталося шмат: убачылі Паўночны Ледавіты акіян, пабывалі на экскурсіі на атамным ледаколе «Ленін», наведалі пасёлак Цярыберку, дзе для байкераў з розных краін была арганізавана культурная праграма, у тым ліку выступленне аўтэнтычнага калектыву накшталт «Буранаўскіх бабуль».

Сяргей таксама расказаў, што мінулы сезон запомніўся яму цікавым падарожжам па Літве, Латвіі, Эстоніі і Швецыі. Таксама ён быў на мотазлётах у Калінінградзе і некаторых гарадах Беларусі. У нашай краіне, дарэчы, гэты рух мае вялікую папулярнасць. Напрыклад, у Брэсце ў 2018 годзе на адной пляцоўцы сабралася каля 15 тысяч матацыклістаў, а агульная колькасць наведвальнікаў склала 37 тысяч чалавек. Замежнікі вельмі цэняць гасціннасць беларусаў, на злёты з вялікім задавальненнем прыязджаюць немцы, палякі, эстонцы і госці з іншых краін.

Матацыклы — не адзінае захапленне Сяргея Захарыча. Ён любіць вандраваць па Пастаўшчыне на веласіпедзе, з’яўляецца аматарам горных лыж. Пры гэтым стараецца выкарыстоўваць кожную магчымасць, каб сустрэцца з аднадумцамі. На мінулых выхадных Сяргей і іншыя пастаўскія байкеры сталі ўдзельнікамі мотазлёту ў Нясвіжы, дзе іх чакала не толькі сустрэча сяброў, але і экскурсійная праграма.

Ці будуць сёлета арганізаваныя маштабныя злёты — вялікае пытанне. Але ў любым выпадку ў байкераў наперадзе шмат дарог, бо пакараць новыя гарызонты можна нават у адзіночку…

Іна Сняжкова
Фота з архіва Івана Семенаса



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.