БРСМ запустил челлендж #РаЗАмзбацькам к Международному дню отца (+видео)

Общество

Паказвае прыклад тата

Напярэдадні Міжнароднага дня бацькі Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі запусціў чэлендж #РаЗАмзбацькам. Яго мэта — умацаванне бацькоўска-дзіцячых адносін праз сумесныя заняткі спортам, папулярызацыя здаровага ладу жыцця.

Чэлендж праводзіцца ў рамках маладзёжнага праекта «ТатаЗала». Каб стаць яго ўдзельнікам, неабходна зафіксаваць на камеру, як тата разам з сынам ці дачкой выконваюць фізічныя практыкаванні. Працягласць роліка — не больш за хвіліну. Гатовае відэа з 18 па 21 чэрвеня загружайце на сваю старонку ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте», Instagram ці Facebook з паметкай #БРСМ, #папазал,#деньотца, #РаЗАмзбацькам. Абавязкова суправадзіце запіс інфармацыяй пра ўдзельнікаў чэленджа (напрыклад, бацька — Мазоль Іван Андрэевіч, сын — Ягор).

— Даць старт рэспубліканскаму чэленджу на Пастаўшчыне райкам БРСМ прапанаваў пяці татам з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, — расказвала мала­дзёжны лідар раёна Вераніка Казлоўская. — Усе яны не толькі клапатлівыя бацькі, але і прафесіяналы ў сваёй справе. На такіх і трэба трымаць раўненне.

Для кіраўніка спартыўнага клуба ReGym Віталія Пахомчыка і яго сына Марата спорт — гэта стыль жыцця. У бацькавай трэнажорцы хлопчык займаецца 2 разы на тыдзень, каб павы­сіць сваё майстэрства ў плаванні. Ім ён займаецца 5 гадоў і мае трэці дарослы разрад. Да гэтага тры гады прысвяціў заняткам каратэ. Сам Віталій рэгулярна выступае ў якасці арганізатара і спонсара маладзёжных спартыўных мерапрыемстваў.

Аляксандр і Анастасія Асяненкі

Гульня №1 у свеце — агульны інтарэс намесніка начальніка Дзяржаўтаінспекцыі АУС райвыканкама Андрэя Цымбалюка і яго сына Ігната. Андрэй у юнацтве выступаў за юнацкую зборную горада Глыбокае. Не прамінае і зараз паганяць мяч з сябрамі на стадыёне ФАКа. Цікавасць да футбола перадалася і Ігнату. Хлопчык з задавальненнем наведвае трэніроўкі, удзельнічае ў турнірах. У скарбонцы юнага спартсмена ўжо не адзін медаль і дыплом.

Аляксандр, Ксенія і Сабіна Зубко

У сям’і Асяненка ў фаворы лёгкая атлетыка, зімовыя віды спорту і ўвогуле актыўны лад жыцця. Разам ходзяць на лыжах, катаюцца на каньках, гуляюць у лазертаг, шахматы, плава­юць, бегаюць кросы. Свой спрыт у пераадольванні стометроўкі і прадэманстравалі ў відэароліку дырэктар упраўлення капітальнага будаўніцтва Пастаўскага раёна Аляксандр Асяненка і яго дачушка Анастасія.

«Фішка» сям’і Зубко — турыстычныя паходы з начлегам, веласіпедныя вандроўкі. Галава сямейства Аляксандр працуе электраманцёрам Пастаўскага раёна электрычных сетак, захапляецца лазертагам. Разам з сябрамі ўдзельнічаў у рэспубліканскіх спаборніцтвах па гэтай гульні, і іх каманда заняла 3-е месца. Дачушкі Сабіна і Ксюша любяць катацца на роліках. Усе ўтраіх упэўненыя, што заняткі спортам дораць цудоўны настрой і спрыяюць фізічнаму развіццю.

Станіслаў і Антон Чымбургі

Самы маленькі ўдзельнік чэленджа — трохгадовы Антон Чымбург. Пакуль што сваю фізічную актыўнасць хлопчык накіроўвае на гульні, але яго тата — «галоўны спартсмен» раёна — сцвярджае, што абавязкова запіша сына ў спартыўную секцыю, як толькі той дасягне адпаведнага ўзросту.

— Заняткі спортам дысцыплінуюць, вучаць стратэгічнаму мысленню, — прыводзіць аргументы на карысць фізічнай актыўнасці начальнік аддзела спорту і турызму райвыканкама Станіслаў Чымбург. — А яшчэ — гарманічна развіваюць асобу, нацэльваюць на перамогу, што вельмі істотна для фарміравання лідарскіх якасцей.

Далучайцеся да чэленджа і вы!

Вераніка Філановіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.