Что такое VIN-код автомобиля, почему его важно знать и как расшифровать?

Безопасность

Без VIN вінаватыя

Любы аўтааматар ведае, што такое VIN-код аўтамабіля. Гэта ўнікальная камбінацыя з 17 сімвалаў, якая выкарыстоўваецца для ідэнтыфікацыі канкрэтнай машыны. Яна ўтрымлівае інфармацыю пра краіну вытворчасці аўто, яго марку, мадэль, год выпуску і часткова — пра камплектацыю. Пры пастаноўцы аўтамабіля на дзяржаўны ўлік і зняцці з яго інспектары МРЭА ДАІ заўсёды звяртаюць пільную ўвагу на VIN. І тут уладальнікаў патрыманых аўто могуць чакаць непрыемнасці. Пра тое, з чым яны звязаны і як іх пазбегнуць, гутарым з начальнікам Пастаўскага раённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь Аляксеем САМУСЕНКАМ.

— Аляксей Міхайлавіч, у якіх выпадках узнікаюць праблемы з ідэнтыфікацыйным нумарам?

— Аўтамабіль мае ўласцівасць старэць і ржавець. Карозіі падвяргаюцца ў тым ліку дэталі, на якія заводам-вытворцам нанесены маркіровачныя адзнакі. Машына можа эксплуатавацца на працягу многіх гадоў, рэгулярна праходзіць тэхагляд. А аднойчы пры спробе яе прадаць акажацца, што VIN не чытаецца.

Альбо іншы прыклад: аўтамабіль трапіў у ДТЗ, і маркіраваная дэталь пашкодзілася. У працэсе аднаўлення аўто месца нанясення VIN-кода прыйшлося выраўнаваць ці выразаць і ўварыць у іншую дэталь. Сляды такога кустарнага рамонту не схаваюцца ад вопытнага вока дзяржаўтаінспектара, які займаецца рэгістрацыяй і зняццем з уліку транспартных сродкаў. Убачыўшы, што ў раёне размяшчэння маркіровачнай адзнакі праводзіліся нейкія работы: ці то зварка, ці то паўторная афарбоўка, ён адправіць машыну на стаянку ДАІ да правядзення экспертызы. Яна павінна ўстанавіць, што нумары родныя, належаць менавіта гэтай машыне.

— А калі бывае наадварот?

— Калі аўто крадзенае або ўвезена ў нашу краіну без належнага мытнага афармлення — так званай растаможкі. У першым выпадку цяперашняга гаспадара машыны чакае доўгая судовая справа з яе законным уладальнікам. У другім — аўтамабіль прапануюць растаможыць. Але не кожны чалавек будзе гэта рабіць, бо афармленне якой-небудзь «Аўдзі» 1988 года выпуску зараз пацягне тысячы на 3 еўра. І ў выніку машына «завісне».

«Крымінальным» можа аказацца не толькі аўтамабіль, які нядаўна трапіў у Беларусь, але і прыгнаны з Еўропы 20-25 гадоў назад. У канцы 90-х — пачатку 2000-х нумары пераварвалі і перабівалі вельмі якасна. Такая машына магла некалькі разоў праходзіць агляд на пляцоўцы ДАІ, мяняючы ўладальнікаў, і не выклікаць падазрэнняў у інспектараў. Але з цягам часу на месцы правядзення работ усыхае шпаклёўка, трэскаецца фарба. І гэта становіцца прычынай вялікіх непрыемнасцей для гаспадара аўто.

— Як жа засцерагчы сябе, набываючы машыну?

— Перш за ўсё трэба праверыць яе праз спецыяльныя агульнадаступныя сайты ў інтэрнэце. Многія з іх па VIN-кодзе дадуць поўны расклад на аўто — якім яно выехала з завода. Таксама варта звярнуць увагу на даты. Практычна ўсе дэталі аўтамабіля маюць маркіроўку з нанясеннем года выпуску. У ідэале ён павінен супадаць з указаным у тэхпашпарце. Таму калі па пашпарце машына ў вас 1999 года, а дэталі 1997-га, 1998-га ці наогул 2000-га, гэта павінна быць сігналам, што з ёй штосьці не так. Але агледзець трэба не адну дэталь з нейкага боку, а ўсе па перыметры машыны, бо не выключаны выпадкі, што нешта маглі мяняць пасля ДТЗ.

— Якія яшчэ рэкамендацыі дасце патэнцыяльным пакупнікам?

— Не купляйце машыну па цане ніжэйшай за рыначную. Цудаў не бывае, хутчэй за ўсё, з танным аўто ўзнікнуць праблемы не тэхнічнага характару. Яно можа аказацца двайніком таго, які ез­дзіць па дарогах іншай краіны, або наогул знаходзіцца ў закладзе ў банку. У такім выпадку будзьце гатовыя, што машыну ў вас забяруць на штраф-стаянку і вы яе больш не ўбачыце. Пры продажы аўто абавязкова цалкам пера­афармляйце яго, а не выпісвайце пакупніку даверанасць. Таму што ў выпадку здзяйснення ДТЗ адказнасць будзе несці не толькі вадзіцель аўтамабіля, але і яе гаспадар як уладальнік крыніцы павышанай небяспекі.

— У пачатку нашай гутаркі вы сказалі пра тое, што сапраўднасць нумароў можа вызначыць толькі экспертыза. Дзе яе праводзяць?

— На Віцебшчыне — у абласным цэнтры, Оршы і Полацку. Але пракансультавацца па пытаннях, пра якія гаварыў вышэй, можна і ў Паставах. Да назначэння начальнікам Пастаўскага райаддзела ДКСЭ я некалькі гадоў працаваў у Віцебску і займаўся менавіта экспертызай аўтамабільных нумароў. Таму магу дапамагчы многім, хто збіраецца прадаваць або купляць патрыманы аўтамабіль, не нажыць сабе праблем і не выкінуць грошы на вецер. З вопыту работы ведаю, што часам людзі па ўласным няведанні здзяйсняюць дзеянні, якія падпадаюць пад артыкул Крымінальнага кодэкса. Напрыклад, займаючыся рамонтам старой машыны. Хачу, каб гэта пачулі ўсе: нiякiя змены маркіровачных адзнак недапушчальныя! У выпадку ўзнiкнення сумненняў цi пытанняў раю звяртацца да экспертаў.

Гутарыла Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.