Двое грамадзян Літвы незаконна перайшлі беларускую граніцу, каб наведацца ў госці да нашай суайчынніцы.
З дзяўчынай яны пазнаёміліся ў інтэрнэце. Аднак перайсці віртуальнаму знаёмству ў рэальнае перашкодзілі ваеннаслужачыя Смаргонскай пагранічнай групы.
Вечарам 6 чэрвеня каля вёскі Сакуны Пастаўскага раёна, за два кіламетры ад Дзяржаўнай граніцы, пагранічнікі затрымалі двух нецвярозых мужчын. Імі аказаліся 33-гадовы і 25-гадовы беспрацоўныя грамадзяне Літвы. Яны расказалі, што пасля распіцця спіртнога пазнаёміліся ў адной з сацыяльных сетак з беларускай дзяўчынай і тая запрасіла іх у госці. А паколькі новая знаёмая жыве ў прыгранічнай зоне, маладыя людзі вырашылі не чакаць адкрыцця граніцы, а ісці ў абыход пунктаў пропуску.
Замежныя кавалеры затрыманы і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання Смаргонскай пагрангрупы. У адносінах да іх распачаты адміністрацыйны працэс. Парушальнікаў чакае дэпартацыя з забаронай уезду ў Беларусь на 5 гадоў.
Антон Бандарэнка, начальнік службы інфармацыі і сувязей з грамадскасцю Смаргонскай пагранічнай групы