«COVID-19 перечеркнул все наши планы». Работники отделений ТЦСОН проводят онлайн-занятия и конкурсы для своих посетителей

Общество

Самаізаляцыя – не прычына для суму

Пастаўчанка Людмі­ла Нусіна — адна з найбольш актыўных наведвальніц аддзялення дзённага знахо­джання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Яна — вялікая аматарка песень, танцаў. Пастаянна ўдзельнічае ў розных конкурсах, канцэртах. Аднак сітуацыя з каранавірусам прымусіла самаізалявацца.

— COVID-19 перакрэсліў усе нашы планы, — з сумам у голасе гаварыла мая суразмоўца. — Мы так шмат падарожнічалі! Арганізоўваліся і ехалі ў якое-небудзь цікавае гістарычнае месца. І сёлета многа дзе марылі пабываць. Распрацоўвалі сцэнарыі розных свят, рыхтаваліся да іх. А тут такая непрадбачаная сітуацыя! Наведваць аддзяленне перасталі. І хоць дома спраў хапае (люблю вязаць, дапамагаю выхоўваць двух унукаў), на першым часе не знаходзіла сабе месца з-за таго, што няма магчымасці жывых зносін з аднадумцамі. Добра, што даступныя інтэрнэт і тэлефон. Таму актыўнічаем у сацыяльных сетках. Малайцы работнікі аддзялення: яны хутка стварылі ў «Вайберы» групу і праводзяць з намі анлайн-заняткі, прапануюць удзел у разнастайных конкурсах. Таму пастаянна чакаем ад іх якіх-небудзь прыемных сюрпрызаў.

Фота з архіва

— Ва ўмовах неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі і з мэтай недапушчэння заражэння каранавірусам мы працягваем асвойваць сучасныя тэхналогіі ў сваёй дзейнасці, — расказвала загадчыца аддзялення Вера Бузанава. — Дзякуючы інтэрнэту падтрымліваем зносіны з падапечнымі анлайн. З дапамогай скайпу, сацыяльных сетак наведвальнікі аддзялення ўдзельнічаюць у творчых занятках, вядуць актыўную перапіску ў групах. Найбольшай папулярнасцю карыстаецца «Вайбер». Кіраўнікі гурткоў Іна Вярбіцкая, Наталля Худзякова праводзяць анлайн-кансультацыі, віктарыны, зада­юць інтэлектуальныя задачы для прафілактыкі дэменцыі, скідваюць інфармацыю пра тое, як умацаваць імунітэт, абараніцца ад вірусаў. Спецыяліст ТЦСАН Святлана Громава дае рэкамендацыі па аздараўленчых практыкаваннях, вядзенні здаровага ладу жыцця. У Віцебскім дзяржаўным медуніверсітэце дзейнічае анлайн-праект «Дапаможам адно аднаму» (для пажылых). Жадаючыя могуць задаць хвалюючае пытанне медыкам.

Напярэдадні 75-годдзя Вялікай Перамогі работнікі пастаўскага аддзялення падрыхтавалі відэакліп на песню «Дзень Перамогі» і такім чынам павіншавалі сваіх наведвальнікаў са святам.

Лынтупскае аддзяленне дзённага знаходжання нядаўна аб’явіла анлайн-конкурс дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Сузор’е майстроў». На яго прымаюцца работы любога віду рукадзелля: бісерапляценне, пляценне з папяровай лазы, вышыванне, макрамэ, кераміка, вязанне. Затым  выраб трэба сфатаграфаваць, падпісаць і адправіць фота па «Вайберы» аднаму са спецыялістаў. Усе фотаздымкі будуць змешчаны ў «Аднакласніках» на старонцы АДЗ «Лынтупы». Там кожны зможа ацаніць работу, паставіць пад фота лайк. Уладальнікам прыза глядацкіх сімпатый стане той, чыя работа набярэ найбольшую іх колькасць.

— Вельмі сумуем па жывых зносінах! — гаварыла Людміла Нусіна. — У аддзяленні мы былі запатрабаваныя, адпачывалі душой. Хочацца верыць, што хутка сітуацыя зменіцца і мы зноў збяромся разам за кубкам гарбаты, будзем спяваць і весяліцца, частаваць адно аднаго сваімі кулінарнымі шэдэўрамі.

Анна Анішкевіч
Фота Наталлі Налей



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.