Доярка ОАО «Хотилы-агро» Александра Юргилевич обогнала соперниц по надоям в 2 раза

Сельское хозяйство

«Эмілі, Піражок, Мішка, Шарлота, хадзем фатаграфавацца!» — кліча да сябе буронак на полі пад Куртамі Аляксандра. І некалькі кароў павольна ўстаюць і набліжаюцца да яе. Нагода для фотасесіі прыемная: іх даглядчыца заняла 1-е месца ў другім этапе раённага конкурсу сярод аператараў машыннага даення.

Спаборніцтва праводзілася сярод БРСМаўцаў, якія працуюць у сельскагаспадарчых арганізацыях Пастаўшчыны. Па яго ўмовах, ад удзельнікаў патрабавалася дасягнуць найлепшых паказчыкаў па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі ў зімова-стойлавым перыядзе.

Аляксандра Юргілевіч з малочнатаварнай фермы «Курты» прызнана бясспрэчным лідарам сярод аператараў. У лютым—сакавіку яе надой ад каровы склаў 1 092 кілаграмы малака. Прычым усё яно рэалізуецца сортам «экстра». На другім месцы — Наталля Ткачова з МТФ «Навасёлкі», на трэцім — аператар МТФ «Стары Двор» Наталля Лісава. Сярод жывёлаводаў, занятых на дарошчванні і адкорме, перамога прысуджана Ірыне Мельнікавай (ферма «Коўзаны»). У студзені—сакавіку цяляткі, якіх яна даглядае, прыбывалі ў вазе за суткі ў сярэднім на 718 грамаў. Другое месца ў Наталлі Татарэнкі з фермы «Лучай». Замкнуў тройку прызёраў Аляксандр Жураў з «Навасёлак». Ва ўсіх жывёлаводаў стопрацэнтная захаванасць цялят.

Аляксандра Юргілевіч са сваімі любіміцамі

— Віншуем з перамогай! Ты пабіла ўсе рэкорды, апярэдзіўшы па паказчыках сваю саперніцу ў два разы, — звярталіся да Аляксандры Юргілевіч першы сакратар райкама БРСМ Вераніка Казлоўская і першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Эдуард Януковіч, уручаючы пераможцы дыплом і падарунак перад працоўнай зменай прама ў полі. — Як удалося дасягнуць такіх надояў?

— Прытрымліваюся каштоў­най парады сваёй матулі, якая ўсё жыццё працуе даяркай, — адказвала Аляксандра Юргілевіч. — А яна вельмі простая: трэба любіць кароў і быць абсалютна спакойнай, паколькі яны вельмі тонка адчуваюць настрой і пераймаюць яго. Скажам, калі ты злуешся, то і яны паводзяць сябе трывожна, могуць не аддаваць малако. А яшчэ іх, як дзяцей, варта выхоўваць: дасі слабінку — яны табе на шыю сядуць. Як дагля­даць жывёлу, падказвае і мой непасрэдны начальнік Вадзім Абуховіч.

У групе Аляксандры 50 кароў. Зараз у дзень яна надойвае ад іх тону малака. Больш за ўсіх яго дае Плутон, дзённая норма якой — каля 50 літраў. Карова нядаўна ацялілася ў чацвёрты раз, адсюль і такія вялікія лічбы. Ёсць і маладыя цялушкі, «вялікае» малако з іх даюць адзінкі. Але гэта не прычына засмучацца, лічыць аператар машыннага даення, пасля трэцяга ацёлу такая рагуля можа выбіцца ў лідары па надоях.

Аляксандра падлічыла, што, каб падаіць карову ў палявых умовах, неабходна ў сярэднім 5 хвілін. Кожная падыходзіць да станка з даільным апаратам і кармушкай з мукой у строгай паслядоўнасці, нават клікаць не трэба. Зараз даярцы і самой не верыцца, што ўсе яны паслухмяныя і дысцыплінаваныя, бо так было не заўсёды:

— У дзяцінстве я вельмі баялася кароў і ніколі не прыходзіла да мамы на ферму, — узгадвала. — Не дужа яны мне падабаліся і гады тры назад, калі ўладкавалася ў гаспадарку і толькі спрабавала сябе ў прафесіі. Усё было незразумела, непрывычна. Справа ішла марудна, а надоі былі мізэрнымі — 390 літраў у суткі. Без слёз не абыхо­дзілася. Я увесь час імкнулася пазбягаць зносін з жывёлай. А потым і сама не заўважыла, як стала з цікавасцю назіраць за імі, палюбіла. Цяпер ведаю кожную звычку сваіх падапечных. Вось хоць бы Незабудка. Карова вельмі любіць узяць сянаж і падкінуць яго ўгору. Правяленая маса, нібы канфеці, падае на спіну жывёліны, утвараючы на ёй стог. Яна не здраджвае сваёй звычцы і ў пашавы перыяд. Але забаўляцца стала складаней: каб падкінуць траву, яе спачатку неабходна наскубці.

Працоўныя суткі ў Аляксандры пачынаюцца звечара. Кожны пяты дзень — выхадны. Работа хоць і не з лёгкіх, але ўсё задавальняе, у тым ліку і зарплата. Кажа, у горадзе такую яшчэ трэба пашукаць.

Вераніка Філановіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.