Ефросинья Мамедова родилась в деревне Альцы, уничтоженной вместе с жителями в годы ВОВ

75 лет Победы

Родам са спаленай вёскі

У панядзелак Беларусь адзначыць Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Для нашай рэспублікі  гэта дата асаблівая: за чатыры ваенныя гады яна страціла трэцюю частку насельніцтва. Адны загінулі на франтах і ў партызанскіх атрадах, іншыя — у канцэнтрацыйных лагерах і пад дахамі ўласных дамоў.

Першай прыняўшы на сябе вераломны ўдар ворага, Беларусь аказала сапраўды народнае супраціўленне захопнікам, якое вылілася ў масавы партызанскі рух. У адказ на гэта гітлераўцы бязлітасна знішчалі мірных жыхароў — жанчын, дзяцей і старых, расстрэльваючы і палячы іх жывымі падчас карных аперацый. Пра маштаб зверстваў фашыстаў сведчаць наступныя лічбы: за перыяд акупацыі ў рэспубліцы былі знішчаны разам з жыхарамі (усімі або часткай) 5 454 населеныя пункты, 523 з якіх так і не адноўлены пасля вайны. 87 спаленых вёсак знаходзяцца на тэрыторыі Пастаўскага раёна. Адна з іх, Альцы Дунілавіцкага сельсавета, паўтарыла лёс Хатыні.

Калі пачалася Вялікая Айчынная, у Альцах быў 21 двор і пражывала 93 чалавекі. Амаль усе хлопцы і мужчыны, якія па розных прычынах не трапілі на фронт, падаліся ў лес і сталі згуртоўвацца ў партызанскія атрады. У іх ліку былі родныя браты Крукавы — Малафей і Грыгорый, які пазней стаў камандзірам атрада «Грозны» брыгады імя Варашылава.

Ефрасіння Мамедава (Крукава) каля свайго дома ў Варапаеве

Мясцовыя партызаны прычынялі нямала непрыемнасцей немцам. А пасля таго, як у студзені 1943 года яны забілі двух гітлераўцаў з Варапаеўскага гарнізона, фашысты вырашылі спаліць Альцы і накіравалі туды карны атрад. Ён прыйшоў на золку на Вадохрышча і акружыў вёску шчыльным кальцом. Затым фашысты і іх пасобнікі — паліцаі — сталі ўрывацца ў дамы і расстрэльваць з аўтаматаў ні ў чым не вінаватых людзей. Не давалі літасці нікому — ні старым, ні малым. Вось як апісваюцца са слоў відавочца тыя падзеі ў памятным альбоме, аформленым да 25-гадовага юбілею Перамогі вучнямі Дунілавіцкай СШ:

«Уничтожив родителей, гитлеровец направил дуло пистолета в личико годовалого ребёнка Потаповых. Но у этого видавшего виды головореза дрогнула рука, ибо ребёнок, счастливо улыбаясь, потянулся ручонками за новой блестящей игрушкой. На помощь подоспел полицай и сделал несколько выстрелов в упор».

Пасля крывавай расправы фашысты забралі з дамоў і двароў вяскоўцаў усё, што ўяўляла хоць нейкую каштоўнасць, пагрузілі нарабаванае на падводы і адправілі ў Варапаева, а дамы падпалілі. Паліцаі тым часам накіраваліся ў Дунілавічы, куды раніцай яшчэ да прыезду карнага атрада пайшлі па сваіх справах 7 альцоўцаў. Іх схапілі па дарозе, адвезлі да ахопленай полымем вёскі, расстралялі і кінулі ў агонь. Усяго ў той дзень былі знішчаны 72 жыхары. Астатнія знаходзіліся ў лесе. У іх ліку і родныя Малафея Крукава, які незадоўга да апісаных трагічных падзей забраў жонку з двума сынамі і дачкой у атрад. Пасля вызвалення Пастаўшчыны яны і яшчэ некалькі вяскоўцаў вярнуліся ў Альцы, дзе засталіся чатыры абгарэлыя хаты, адна з іх — Малафея. Тут у кастрычніку 1945 года ў Крукавых нарадзілася яшчэ адна дачка — Ефрасіння, якой лёс таксама падрыхтаваў нямала жыццёвых выпрабаванняў.

Былы камандзір партызанскага атрада «Грозны» Грыгорый Крукаў (злева) насыпае зямлю з месца спаленай вёскі Альцы для адпраўкі на мемарыяльны комплекс «Хатынь». 25 чэрвеня1969 года

— 25 чэрвеня 1947 года тата з мамай сабраліся ў Варапаева: трэба было зрабіць мне прышчэпку ад воспы і купіць тое-сёе на кірмашы, — расказвае Ефрасіння Малафееўна. — Даведаўшыся пра гэта, у дом прыбег дзядзька Грыгорый і кажа: «Малафей, вы не хадзіце праз лес на Рудку! Такі дрэнны сон сёння бачыў! Ідзіце лепш у абход». Дзядзька ведаў, што ў лесе хаваюцца бандыты і забіваюць тых, хто змагаўся з фашыстамі, таму сам ніколі не ездзіў і не хадзіў адной дарогай. Але бацька не паслухаўся яго і адправіўся напрамкі. Разам з ім і мамай крыху наперадзе ішлі яшчэ дзве жанчыны. Іх бандыты прапусцілі, а па бацьках адкрылі агонь з аўтаматаў. Маму забілі адразу, а тату, які нёс мяне на руках, цяжка паранілі. Кулі зачапілі і мае ногі, назаўсёды пакінуўшы вось гэтыя шрамы, — паказвае белыя рубцы жанчына.

Пачуўшы выстралы ў напрамку Рудкі, 17-гадовы брат Ефрасінні Малафееўны Васілій і яшчэ некалькі альцоўцаў кінуліся туды. Але давезці на кані ў бальніцу сцякаючага крывёй мужчыну не паспелі: ён памёр па дарозе. Пасля смерці бацькоў Васілій і Лук’ян, якому на той час было 14, забралі маленькіх сясцёр да сябе. Старэйшы ўзяў паўтарагадовую Фросю, малодшы — 10-гадовую Мяланню, даглядаць якую дапамагала хросная дзяўчынкі.

Фота Наталлі Налей

Успамінаючы дзяцінства, Ефрасіння Малафееўна кажа, што жылося ёй з братам несалодка: той рана ажаніўся, нарадзілася ўласнае дзіця, неўзабаве пачаў улягаць у гарэлку і ўсё часцей паднімаць руку на сястру. За любую правіну так лупцаваў па мяккім месцы, што ў школе малая не магла сесці на лаўку. Гэта заўважыла настаўніца дзяўчынкі, і 7-гадовую Фросю забралі ў дзіцячы дом у Дунілавічы. Праз некаторы час яго расфарміравалі, а сірот перавялі ў Аляксандраўскі дзетдом у Міёрскім раёне. Там Ефрасіння Малафееўна закончыла 7 класаў і была накіравана ў Іванаўскую вобласць, горад Фурманаў, на ткацкую фабрыку, дзе пасля заканчэння фабрычна-заводскага вучылішча 4 гады адпрацавала ткачыхай.

У Фурманаве жанчына выйшла замуж за лезгіна Нурэддзіна Мамедава і пераехала з ім і маленькай дачкой на Сахалін. На востраве атрымала другую спецыяльнасць, таваразнаўцы, і зрабіла нядрэнную кар’еру ад повара да загадчыка вытворчасці ў сістэме грамадскага харча­вання. Таксама за 34 гады жыцця на Далёкім Усходзе яна разышлася з мужам, зноў стварыла сям’ю, нарадзіла і выгадавала сына. А калі выйшла на пенсію, вырашыла вярнуцца на Пастаўшчыну.

— Штогод я прыязджала спачатку на канікулы, а потым у водпуск у Варапаева да брата, дзядзькі Грыгорыя і пляменнікаў, і мне здавалася, што лепшага за гэтае месца няма нідзе на зямлі, — прызнаецца яна. — Таму ў 2004-м перабралася ў пасёлак, купіўшы палову дома па вуліцы Пастаўскай. Праз некаторы час атрымала 3-пакаёвую добраўпарадкаваную кватэру ў Навасёлках. Зараз у ёй жыве сын з сям’ёй. У аграгарадку пражывае і сям’я дачкі.

Гэта ўсе блізкія жанчыны. Яе браты і сястра даўно памерлі. Як і бацькі, іншыя родныя, яны пахаваны на вясковых могілках у Альцах. Раней Ефрасіння Малафееўна бывала там вельмі часта, цяпер — радзей, бо цяжка ісці пехатой з цягніка 4 кіламетры і столькі ж назад. Але на Радаўніцу і 9 Мая наведваецца пастаянна. Прыбірае магілы родных людзей, ставіць кветкі. І абавязкова падыходзіць да абеліска, устаноўленага на месцы спаленай вёскі, дзе 75 гадоў назад пачалося яе жыццё. 

Алена Шапавалава
Фота аўтара і з архіва раённага краязнаўчага музея



Читайте по теме:
Дуниловичи, Кривое, Альцы… В Поставском районе собрали землю с мест захоронения жертв Великой Отечественной войны
19 января в школьном музее СШ №2 вспоминали трагедию деревни Альцы, сожженной вместе с жителями в годы ВОВ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.