Это лето мы впервые встречаем без фестиваля. Но культурная жизнь в районе не затихает!

Культура

Лета без фестывалю

На працягу амаль трох дзесяцігоддзяў у пачатку чэрвеня ў наш горад прыходзіў фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік», дорачы радасць новых знаёмстваў і сустрэч. За час правядзення музычнага форуму на Пастаўшчыне пабывалі каля 25 тысяч самадзейных і прафесійных артыстаў, іншых гасцей з 23 краін свету. Гэта лета мы ўпершыню сустракаем без фестывалю: у сувязі з пандэміяй каранавіруса прынята рашэнне аб яго пераносе на наступны год. Але культурнае жыццё ў раёне не заціхае. Чым займаюцца зараз прадстаўнікі названай сферы, расказвае начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Чаплінская:

— З-за эпідэміі многія ўстановы культуры сутыкнуліся са значным скарачэннем колькасці наведвальнікаў. Аднак іх работнікі не сумуюць у адзіноце, а спрабуюць прыцягнуць людзей з дапамогай інтэрнэт-рэсурсаў: сацыяльных сетак, сайтаў, анлайн-акцый і індывідуальнай работы. Ідзе напрацоўка новых цікавых і запатрабаваных у цяперашніх умовах форм работы.

Фота Наталлі Налей

Так, Цэнтр культуры і народнай творчасці раёна побач з правядзеннем у летні перыяд свят вёсак і арганізацыяй карыснага баўлення вольнага часу дзяцей (праект «Выхадзі гуляць у двор!», тэатралізаваныя гульнёвыя праграмы для наведвальнікаў летніх аздараўленчых лагераў) працягвае рэалізацыю праекта «Ведай свой край. Народная культура», прысвечанага Году малой радзімы. У яго рамках падрыхтаваны шэраг відэафільмаў пра элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны Пастаўшчыны.

Прадстаўнікі раёна паспяхова прынялі ўдзел у абласным конкурсе чытальнікаў і на найлепшую літаратурна-музычную кампазіцыю «Мы памятаем», прысвечаных 75-годдзю Перамогі. Максім Літвіновіч узнагароджаны дыпломам ІІІ ступені, а Галіна Панкіна адзначана за патрыятычнае выхаванне і папулярызацыю мастацкай творчасці. У анлайн-рэжыме прайшлі раённыя конкурсы відэаролікаў «І памяць сэрца гаворыць» і майстэрства культарганізатараў «Весела бавім час». Рыхтуецца творчы праект да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь «Мая краіна Беларусь», у якім прадстаўнікі розных прафесій і ўзростаў чытаюць паэму Я. Коласа «Новая зямля».  Таксама на Пастаўшчыне працягваюцца фальклорныя экспедыцыі і збор матэрыялаў пра беларускія народныя інструменты і майстроў-музыкантаў. Ужо гатовы буклет «З вопыту работы народнага гурта аўтэнтычнай песні Андронаўскага сельскага клуба».

У сувязі з абмежаваннем правядзення масавых мерапрыемстваў часткова перайшоў у анлайн-сферу раённы Дом культуры. Для папулярызацыі сваёй работы тут стварылі YuoTube-канал, старонкі ў сацыяльных сетках Instagram, «ВКонтакте» і «Одноклассники». Да юбілею Перамогі работнікі ўстановы падрыхтавалі літаратурна-музычную кампазіцыю з удзелам народных калектываў РДК «Не забывайце пра вайну», народная эстрадная група «25 плюс-мінус» запісала новы альбом ваенных песень «Старонкі памяці». Таксама падрыхтаваны канцэртныя праграмы хору ветэранаў «Памяць», ВІА «Скіфы», лялечнага тэатра «Вытварашкі», цыркавой студыі «Каскад». Да Міжнароднага дня абароны дзяцей прайшоў анлайн-канцэрт дзіцячых калектываў. Зараз працягваецца работа над міні-справаздачамі народных калектываў, рыхтуюцца фільмы-канцэрты народнага хору настаўнікаў і ўзорнай вакальнай студыі «Юніта», віншавальныя паштоўка і канцэрт медыцынскім работнікам з нагоды іх прафесійнага свята.

Фото из архива Сергея Вшивкова

У новых умовах вымушаны працаваць з чытачамі бібліятэкі цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. Значную ўвагу яны надаюць выставачнай рабоце, раскрыццю кніжнага фонду, правядзенню акцый і іншых форм узаема­дзеяння з аматарамі друкаванага слова. З красавіка на сайце ЦБС паспяхова рэалізуюцца праекты «Кнігі, якія ажылі на экране», «Кнігі-юбіляры», віртуальныя віктарыны. Увазе віртуальных карыстальнікаў прадстаўлены разнапланавыя электронныя выставы, прэзентацыі і кнігазнаёмствы. А зараз бібліятэкі наладзілі сувязь з летнімі аздараўленчымі лагерамі, створанымі пры школах раёна.

Пастаўскі раённы края­знаўчы музей пасля змяншэння патоку наведвальнікаў заняўся пераафармленнем і дапаўненнем экспазіцыйных вітрын. Тут з’явіўся новы матэрыял па будаўніцтве чыгункі праз Паставы «Свянцяны—Беразвечча», пра летнія лагеры Санкт-Пецярбургскай афіцэрскай кавалерыйскай школы, дапоўнены раздзел, які адносіцца да перыяду Кастрычніцкай рэвалюцыі і паслярэвалюцыйнага часу, абноўлена вітрына, прысвечаная Першай сусветнай вайне. Таксама аформены новыя раздзелы пра мусульман Пастаўшчыны, пастаўскую аптэку і яе ўладальніка Кенстовіча.

У рамках акцыі «Наведваем музей не выходзячы з дому» створаны віртуальныя экскурсіі «Дарогі вайны — дарогі памяці», па музеі ў скляпеннях палаца Тызенгаўзаў. Шмат музейных матэрыялаў размешчана на інтэрнэт-рэсурсах. Распрацаваны інтэрактыўныя гульні і краязнаўчыя віктарыны для школьнікаў. Цяпер супрацоўнікі ўстановы распрацоўваюць канцэпцыю турыстычнай сцежкі «Паставы—Дукі» (участак германскай лініі абароны часоў Першай сусветнай вайны).

Новая рэчаіснасць прымусіла шукаць новыя фарматы навучання выкладчыкаў дзіцячых школ мастацтваў. У сваёй рабоце яны шырока выкарыстоўвалі такія віды дыстанцыйнага ўзаема­дзеяння з вучнямі, як тэкставыя і галасавыя паведамленні ў сацыяльных сетках, відэазванкі, відэаўрокі і інш. Педагогі і вучні Навасёлкаўскага філіяла Варапаеўскай ДШМ актыўна ­ўдзельнічалі ў анлайн-конкурсах. Вынікам гэтага сталі дыпломы лаўрэатаў І і ІІ ступеняў VI Міжнароднага конкурсу талентаў «Вясенняя карусель» у Пяцігорску (Расія) у народнага ансамбля беларускай песні «Маладзіца» і навучэнкі Златы Ярашэвіч. Яшчэ адна вучаніца, Дзіяна Бугай, узнагароджана дыпломам ІІ ступені ІV Міжнароднага конкурсу мастац­тваў Talented Kids.

Як бачым, рэальнае і віртуальнае жыццё аказаліся цесна звязанымі. Упэўненая, што творчыя і ініцыятыўныя работнікі культуры здзівяць нас яшчэ не адной цікавай інтэрнэт-акцыяй і дапамогуць разам перажыць гэты няпросты час.

Запісала Алена Шапавалава



Читайте по теме:
Фестиваль народной музыки «Звіняць цымбалы і гармонік» отменен

Фестиваль народной музыки «Звіняць цымбалы і гармонік»-2019:
Во время ХХХ международного фестиваля народной музыки «Звіняць цымбалы і гармонік» Поставы отметили 610-летний юбилей
7 стран, более 400 гостей. В Поставах прошёл ХХХ Международный фестиваль народной музыки «Звіняць цымбалы і гармонік»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.