Как формируется кредитная история и как ее улучшить?

Экономика

У кожнага свая гісторыя. Крэдытная

Практычна кожны чалавек хоць раз у жыцці браў крэдыт у банку. І заўсёды пры разглядзе пытання аб яго выдачы банкаўскія работнікі вывучалі крэдытную гісторыю патэнцыяльнага заёмшчыка, каб зразумець, наколькі добрасумленна той будзе вяртаць пазычаныя грошы. Таму само паняцце «крэдытная гісторыя» знаёмае многім. Але далёка не ўсе ведаюць, як яна фарміруецца і як можна яе палепшыць.

Крэдытная гісторыя — гэта звесткі пра крэдыта­атрымальніка (яго поўнае імя, ідэнтыфікацыйны нумар, дата нараджэння, грамадзянства, месца рэгістрацыі) і ўзятыя ім абавязацельствы па крэдытных здзелках. Такія даныя збіраюцца ў адзіным Крэдытным рэгістры Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь і захоўваюцца там на працягу 5 гадоў пасля завяршэння здзелкі, пасля чаго анулююцца. А вось непагашаныя сумы адлюстроўваюцца ў крэдытнай гісторыі на працягу 15 гадоў. Крэдытная гісторыя ёсць ва ўсіх фізічных асоб, якія заключылі хаця б адну крэдытную здзелку з банкам, лізінгавай або мікрафінансавай арганізацыяй. Будуецца яна на падставе даных, якія крэдыторы абавязаны даць на працягу трох банкаўскіх дзён пасля заключэння здзелкі. Таксама ў Крэдытны рэгістр падаюцца звесткі пра дагаворы лізінгу, факторынгу, займу, паручыцельства, залогу, гарантыі і пра авердрафт.

Любы грамадзянін можа атрымаць выпіску са сваёй крэдытнай гісторыі — крэдытную справаздачу са скорынгавай ацэнкай — сістэмай прысвоеных балаў, якія сведчаць пра здольнасць кліента пагасіць дадзены яму крэдыт і разлічваюцца па звестках з Крэдытнага рэгістра. У крэдытнай справаздачы скорынгавая ацэнка ўтрымлівае 3 пазіцыі: клас рэйтынгу (ад А да F, усяго іх 16), скорбал (выніковая ацэнка ў балах, ад 0 да 400) і PPD (верагоднасць утварэння пратэрміноўкі больш за 90 дзён на працягу наступных 12 месяцаў, выражаная ў працэнтах).

Усе тры пазіцыі ўзаемазвязаныя. Для простай інтэрпрэтацыі скорынгавай ацэнкі можна арыентавацца на рэйтынг. Максімальны яго клас — А1. Чым вышэйшы гэты паказчык, тым лепшы ваш крэдытны рэйтынг. Трэба разумець, што станоўчая крэдытная гісторыя фарміруецца з часам. У чалавека, які толькі пачынае крэдытавацца, не можа быць найвышэйшага рэйтынгу, бо, з пункту погляду банка, ён менш зразумелы і прадказальны, чым той, хто карыстаўся разнастайнымі крэдытнымі прадуктамі.

Вяртаючыся да крэдытнай справаздачы, варта адзначыць, што адзін раз у каляндарны год яе можна атрымаць бясплатна. Калі такая справаздача спатрэбіцца часцей чым раз у год, давядзецца заплаціць. Кошт на папяровым носьбіце — 12,83 рубля, у электронным выгля­дзе — 2,79 рубля. Атрымаць сваю крэдытную справаздачу ў электронным выглядзе можна праз web-партал Крэдытнага рэгістра creditregister.by.

Спецыялісты Нацбанка рэкамендуюць перыядычна запытваць яе, каб валодаць аб’ектыўнай інфармацыяй пра сваю крэдытную гісторыю, а таксама ўносіць удакладненні туды пры выяўленні памылак. Напрыклад, калі вы пагасілі крэдыт, а ў Крэдытным рэгістры няма даных пра гэта. У такім выпадку неабходна або звярнуцца з заявай у банк, які перадаў у рэгістр памылковыя звесткі, або запоўніць заяву «Аб унясенні змяненняў у крэдытную гісторыю» з дапамогай web-партала Крэдытнага рэгістра. Тэрмін разгляду такой заявы — 30 дзён.

Вельмі часта крэдытная гісторыя паляпшаецца сама сабой, трэба проста некаторы час не спрабаваць атрымаць новыя крэдыты, не дапускаць бягучай пратэрміноўкі, закрыць непатрэбныя прадукты або пагасіць нешта датэрмінова. Выкананне гэтых рэкамендацый гарантавана палепшыць скорынгавую ацэнку. Але не адразу, а праз год.

У цэлым любыя фінансавыя дзеянні, у тым ліку крэдытаванне, павінны быць не спантаннымі, а планавымі. Калі вы збіраецеся ў бліжэйшы час ­браць­ крэдыт на жыллё, падумайце пра гэта ў тым ліку з пункту погляду крэдытнай гісторыі, раяць спецыялісты. Вывучыце яе, паглядзіце свой рэйтынг, праверце гісторыю на наяўнасць памылак. Калі бал не вельмі высокі, магчыма, давядзецца некаторы час пачакаць, каб яго палепшыць.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.