Как перейти на онлайн-жировку и в чем ее преимущества?

Важное Общество

Мяняем папяровую жыроўку на электронную

Пачынаючы з канца мінулага года пастаўчане атрымліваюць паведамленні пра памер платы за жыллёва-камунальныя паслугі і карыстанне жылым памяшканнем з прапановай замяніць іх на анлайн-жыроўкі. Як гэта зрабіць, а таксама ў чым перавага віртуальных жыровак над папяровымі, высвятляла карэспандэнт «ПК» Вераніка Філановіч.

— Віртуальныя жыроўкі даступныя для атрымання ў любой кропцы свету, пазбаўляюць ад неабходнасці захоўвання папяровага носьбіта. Яны не згубяцца ні на шляху да паштовай скрыні, ні пасля аплаты паслуг, а таксама сэканомяць прыродныя рэсурсы, якія затрачваюцца на друкаванне папяровага варыянта, і час на іх дастаўку, — пералічвае бясспрэчныя перавагі новай формы ўзаемадзеяння спажыўцоў з абслуговай арганізацыяй кіраўнік групы па разлікова-пашпартным абслугоўванні г. Паставы Віцебскага абласнога разлікова-даведачнага цэнтра Надзея Мыраева. — Пры гэтым PDF-версія жыроўкі нічым не адрозніваецца ад звычайнай у плане паўнаты інфармацыі: тая ж табліца з пералічэннем паслуг, указаннем тарыфаў і выніковай сумы аплаты. Не захоўваючы дома стоса папер, у любы момант можна перагледзець гісторыю плацяжоў, параўнаць затраты на ЖКП у розныя месяцы. Проста, хутка, зручна.

Фота sb.by

Відавочна, што анлайн-жыроўкі выгадныя як па эканамічных, так і па экалагічных пазіцыях. Уявіце: толькі ў Мінску для раздрукоўкі паведамленняў расходуецца каля 4,5 тоны паперы. Між тым для вытворчасці адной яе тоны неабходна ад 3,5 да 5 тон драўніны. А гэта больш за 20 вялікіх дрэў. Не цягне на экалагічную і цэлюлозна-папяровая прамысловасць: падчас вытворчага працэсу, у якім задзейнічаны хлор, утвараюцца дыяксіны і фураны — небяспечныя хімічныя рэчывы. Яны класіфікуюцца як устойлівыя арганічныя забруджвальнікі і з’яўляюцца высокатаксічнымі.


У Паставах на анлайн-жыроўкі перайшлі 90 чалавек.


Каб атрымліваць віртуальнае паведамленне на аплату ЖКП і карыстанне жылым памяшканнем, неабходна звярнуцца да спецыялістаў па камунальных разліках (г. Паставы, вул. Савецкая, д. 63; тэл.: 2-21-65, 2-16-06, 2-14-24) і напісаць адпаведную заяву з указаннем электроннай пошты, на якую будуць прысылацца жыроўкі. Аформіць працэдуру можна і не выходзячы з дома. Адзін з варыянтаў — адправіць СМС-паведамленне з указаннем адраса пражывання і электроннай скрыні на нумар 8(029)593-78-19. Таксама можна зарэгістравацца на сайце vitoblgkh.by. У гэтым выпадку неабходна зайсці на сайт, пад шапкай з левага боку націснуць кнопку «Зарэгістраваць e-mail для атрымання паведамленняў» і запоўніць усе неабходныя палі. Гатова! З гэтага моманту вы бу­дзеце атрымліваць жыроўку як па электроннай пошце (да 15 чысла кожнага месяца), так і яе папяровы варыянт. Каб адмовіцца ад апошняга, сваё пажаданне агучце спецыялістам разлікова-даведачнага цэнтра.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.