Каждый механизатор в ОАО «Ярево-агро» старается усердно работать на общий результат

Сельское хозяйство

Калі ёсць жаданне працаваць

Звычайна кажуць: увосень работ восем. А мне думаецца, што не менш іх і цяпер: завяршаецца падкормка яравых, рапсу, працягваецца хімпраполка пасеваў, у разгары корманарыхтоўка. З усім аб’ёмам лягчэй спраўляцца тым гаспадаркам, дзе абноўлены трактарны парк, хапае механізатараў.

З 1 красавіка ААТ «Кураполле-­агра», «Янавіца-агра», «Сцяг Перамогі-агра» і СП «Дунілавічы-агра» ўвайшлі ў склад аднаго аб’яднання, флагманам якога з’яўляецца малочны завод. «Ярэва-агра» засталося самастойным. У гаспадарцы крыху больш за 2 200 гектараў ворнай зямлі, амаль 800 — сенакосаў і пашы. Усе работы тут выконваюць сваімі сіламі, маюць насенне, за ўласныя грошы набываюць сродкі хімічнай аховы раслін, удабрэнні.

Адказны за хімпраполку Юрый Шарко

— Дырэктар таварыства Раман Вырвіч быў вымушаны заняцца сваім здароўем, — расказвала намеснік начальніка па раслінаводстве ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Таццяна Андрэева, з якой мы ехалі ў Ярэва. — Кіраваць усімі працэсамі на палетках даверылі галоўнаму аграному Ларысе Шастаковіч. Яўгеньеўна даўно пагаворвае, што ёй пара развітацца з пасадай, бо мае права на заслужаны адпачынак. А мы зацікаўленыя ў тым, каб яна яшчэ папрацавала: вопытны, адказны спецыяліст, добра ведае землі, умее наладзіць работу, знаходзіць узаемаразуменне з людзьмі. У Ярэве яна больш за 40 гадоў, а родам з Гродзеншчыны. Пасля заканчэння Навагрудскага сельскагаспадарчага тэхнікума працавала на Мядзельшчыне, потым з сям’ёй перабралася ў Ярэва. Колькі кіраўнікоў змянілася за яе бытнасць!

— Менавіта на адданых справе механізатарах, жывёлаводах і трымаецца наша Ярэва, — гаварыла Ларыса Шастаковіч. — Трактары, прычапны інвентар даўно не абнаўляліся, таму часта ламаюцца. Але дзякуючы ўмелым рукам іх гаспадароў аператыўна рамантуюцца і зноў уключаюцца ў работу. А землі тут нялёгкія. Бывала, на дапамогу прысылалі механізатараў з іншых гаспадарак, дык яны доўга не вытрымлівалі. А нашы стараюцца. Канешне ж, здараюцца непрадбачаныя сітуацыі, асабліва што датычыць паломак тэхнікі.

Галоўны аграном Ларыса Шастаковіч з механізатарам Вячаславам Вілейтам

Вось і ў дзень нашага прыезду ў майстэрню прыцягнулі трактар Вячаслава Вілейты, які падвозіў ваду каровам на пашы. Ларыса Яўгеньеўна занервавалася, а механізатар яе супакоіў: «Яўгеньеўна, ці першы раз? Зараз пакамбіную і штосьці прыдумаю. Каровы без вады не застануцца».

— Сёлетняй вясной яравыя ў гаспадарцы пасеялі больш чым на 300 гектарах, кукурузу — на 210, — расказвала галоўны аграном. — Зрабілі гэта ў аптымальныя тэрміны. Чарговым важным этапам з’яўляецца падкормка і хімраполка пасеваў. Карбаміт, кас на самаходным агрэгаце «Дзвіна» ўносіў Вячаслаў Вілейта. Юрыю Шарко даверылі хімпраполку. Абодва механізатары такія работы выконвалі ўпершыню, але з даведзеным заданнем справіліся выдатна.

Цяпер кіпіць работа на сенажацях. Травы першым укосам трэба ўбраць з 770 гектараў, нарыхтаваць 4 300 тон сенажу. Найлепшых вынікаў на касьбе дабіваецца Іосіф Барташэвіч, на яго раўняецца малады Аляксей Новікаў. Падбор і здрабненне траў — клопат Алега Нагановіча. На адвозцы зялёнай масы з поля ў сянажную траншэю рупяцца Вячаслаў Салашнікаў, Юрый Шукель, Уладзімір Дубоўскі. На 35-40 гектарах за дзень зграбае травы Леанід Нагановіч.

— Галоўнае, што ў кожнага з гэтых механізатараў ёсць жаданне працаваць рупліва, — канстатавала галоўны аграном. — Не па аднаму дзясятку гадоў яны адданыя зямлі, таму і цяжкасці ўдаецца пераадольваць, і з усім аб’ёмам работ спраўляцца.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.