Кто должен обновлять одинаковые заборы, установленные работниками ЖКХ?

Общество

За чый рахунак агароджа?

Адно з пытанняў, якое паступіла да старшыні райвыканкама Сяргея Чэпіка падчас апошняй прамой тэлефоннай лініі, тычылася ўстаноўкі штыкетніку. У прыватнасці, заяўніца выказала незадаволенасць, што на цэнтральнай вуліцы ў Волахах знялі агароджу, а ўстанаўліваць новую ніхто не спяшаецца.

Сітуацыю патлумачыў старшыня Ярэўскага сельвыканкама Павел Скрыдлеўскі:

— 12 гадоў назад у вёсцы Волахі ўздоўж аўтадарогі быў устаноўлены штыкетнік. Работы праводзіліся за дзяржаўныя сродкі. З цягам часу агароджа прыйшла ў непрыгодны стан. Зразумела, мы перыядычна спрабавалі яе «рэанімаваць», але нішто не вечнае. Каб не псаваць выгляд населенага пункта паўгнілым збудаваннем, яго разабралі. Новага  чакаць не варта, бо на яго ўстаноўку і ўтрыманне грошы сельвыканкаму не выдзяляюцца. Замест знятага людзі могуць устанавіць штыкетнік за ўласныя грошы. А ў тым выпадку, калі ён не зняты і яго яшчэ можна прывесці ў належны стан, — адрамантаваць і пафарбаваць самастойна. Такія прыклады летась былі ў Хацілах.

Параўнайце: абодва штыкетнікі знаходзяцца па вуліцы Вакзальнай


Тое самае можна сказаць і пра агароджы на цэнтральных вуліцах райцэнтра. Аднолькавыя штыкетнікі на іх былі ўстаноўлены да Дня беларускага пісьменства, які адбыўся ў нашым гора­дзе ў 2006 годзе. Адны гаспадары ля сваіх дамоў ужо замянілі іх на новыя, іншыя ўтрымліваюць іх у належным стане самастойна. Аднак большасць пастаўчан усё ж такі чакае, што замест іх гэта зробяць камунальнікі. Між тым сродкі на дадзеныя мэты ім таксама не выдзяляюцца. Значыць, дбаць пра добраўпарадкаванне каля сваіх зямельных участкаў неабходна самім.

— Паколькі агароджы знахо­дзяцца на балансе нашага прадпрыемства, то перад  іх заменай грамадзянам неабходна паведаміць пра гэта ў камунальную службу, — патлумачыў намеснік дырэктара УП ЖКГ Сяргей Пляшкун. — Мы прыедзем, дэманціруем і самі вывезем, спішам з баланса.

Асаблівых патрабаванняў да агароджаў, якія ставяць людзі вакол сваіх прысядзібных участкаў, не прад’яўляецца. Больш за тое, з 15 лютага 2019-га іх канструкцыю, вышыню, матэрыял і колер не трэба ўзгадняць з тэрытарыяльнымі органамі архітэктуры і горадабудаўніцтва. Адпаведны загад падпісаны профільным міністэрствам за №266 ад 18 снежня 2018 года.

— Нормы і параметры агароджаў прысядзібных участкаў вызначаны заканадаўствам, — паведаміў начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Сяргей Шамовіч. — Згодна з імі, па ўсім перыметры зямельнага ўчастка вышыня агароджы не павінна перавышаць 2-х метраў (дапушчальная хіба — 0,05 метра). Пры гэтым трэба ўлічваць, што вышыня вымяраецца ад узроўню зямлі да верхняй паверхні палатна агароджы, інакш кажучы, з’яўляецца сумай вышынь усіх яе канструктыўных элементаў.

Ёсць і нюансы. Так, калі вызначаная (геадэзічна) мяжа ўчастка праходзіць на адлегласці меншай за 3 метры ад дома, то на яго шырыню агароджа павінна мець ступень святлопразрыстасці ад 50 да 100%. А вось у тым выпадку, калі такая мяжа праходзіць па сцяне жылога дома альбо гаспадарчай пабудовы суседа, узводзіць агароджу на іх шырыню забаронена. Абодва абмежаванні прадугледжаны для таго, каб у вокны сумежных землекарыстальнікаў паступала неабходная колькасць святла.

Вераніка Філановіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.