Кто в ответе за безопасность детей на площадках? И в каком состоянии площадки в Поставах?

Безопасность

Пляцоўка для разваг

Дзіцячыя пляцоўкі могуць стаць прычынай недзіцячых праблем. З году ў год там адбываюцца няшчасныя выпадкі, калі малыя атрымліваюць сур’ёзныя траўмы. Як іх прадухіліць? Хто адказны за бяспеку дзяцей на пляцоўках? І які іх увогуле стан у райцэнтры? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні шукала Іна Сняжкова. 

Каб не дагуляцца да бяды

Дарослыя часта лічаць дзіцячыя пляцоўкі выключна месцам для гульні. Арэлі, пясочніца, горка — здаецца, нічога незвычайнага. Але насамрэч забавы на свежым паветры адыгрываюць важную ролю ў фізічным, разумовым, сацыяльным развіцці дзяцей. Тая ж пясочніца выдатна развівае дробную маторыку рук (гэта ў сваю чаргу дае імпульс развіццю маўлення), вучыць будаваць зносіны з аднагодкамі — адстойваць свой пункт погляду і шукаць кампрамісы.

Аднак пляцоўкі для гульняў — гэта не толькі весела і карысна, але і небяспечна. Калі паглядзець статыстыку дзіцячага траўматызму, менавіта яны займаюць адно з лідзіруючых месцаў. З аднаго боку, гэта адбываецца з-за цікаўнасці дзяцей, якім хочацца ўсё паспрабаваць. З другога — з-за неабачлівасці дарослых, што не сочаць за сваімі малымі.

Ёсць яшчэ і трэці фактар. Бяспека дзяцей у многім залежыць ад падрыхтаванасці дзіцячых пляцовак да сезона, адпаведнасці іх стандартам і нормам бяспекі пры эксплуатацыі. За гэта нясуць адказнасць работнікі камунальнай службы.

На балансе УП ЖКГ Пастаўскага раёна знаходзіцца больш за паўсотню такіх пляцовак. Перад пачаткам цёплага сезона на кожнай з іх камунальнікі дэталёва абследуюць усё абсталяванне. Мэта такіх аглядаў — выявіць небяспечныя дэфекты, якія маглі ўзнікнуць у працэсе эксплуатацыі або быць выкліканы актамі вандалізму ці неспрыяльнымі ўмовамі надвор’я.

— У перыяд з красавіка па кастрычнік работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі кожныя дзесяць дзён выязджаюць на пляцоўкі, каб агледзець іх на наяўнасць пашкоджанняў, — адзначыў майстар па добраўпарадкаванні УП ЖКГ Мікалай Кісялёў. — Яны бываюць у тым ліку і з-за таго, што абсталяванне эксплуатуецца няправільна. Калі б на тых жа арэлях гойдаліся выключна маленькія дзеці, то праблем не было б. Але на іх часам садзяцца і падлеткі з зусім не дзіцячай вагой, ды яшчэ ў пагоні за яркімі ўражаннямі здзяйсняюць максімальна высокі «палёт». Добра, калі ў выніку непрадбачаных сітуацый пашкоджанні атрымаюць толькі арэлі.

Мікалай Сяргеевіч таксама ўзгадаў, што гады тры назад камунальнікі аб’язджалі дзіцячыя пляцоўкі і дэманціравалі абсталяванне, якое па новых нормах і стандартах не адпавядала патрабаванням бяспекі.

— Раней жа было: патрэбныя арэ­лі — іх зварылі і ўстанавілі сваімі сіламі. Гойдайцеся! — працягваў размову Мікалай Кісялёў. — Цяпер такое недапушчальна. Усё абсталяванне, якое ўстанаўліваецца на пляцоўках, абавязкова павінна быць сертыфікаваным і адпавядаць тэхнічнаму рэгламенту 042/2017 «Аб бяспецы абсталявання на дзіцячых гульнявых пляцоўках». Гэты дакумент быў прыняты ў 2017 годзе і набыў моц з 18 лістапада 2018-га на тэрыторыі ўсяго Еўразійскага эканамічнага саюза.

Адказнасць за бяспеку дзяцей на гульнявых пляцоўках ляжыць не толькі на работніках камунальнай службы, але і на дарослых, якія суправаджаюць малых. Яны павінны быць максімальна пільнымі, паколькі нават на спраўным абсталяванні, якое адпавядае ўсім патрабаванням бяспекі, непаседлівае дзіцё можа само атрымаць сур’ёзную траўму ці траўміраваць іншых.

Узгадваю выпадак, які аднойчы здарыўся ў мікрараёне шостага гарадка. Дзяўчынка гойдалася на арэлях, а яе мама сядзела побач на лаўцы з тэлефонам у руках. Уся ўвага жанчыны была сканцэнтравана на гаджэце, а ніяк ні на дачцэ, якая не ўтрымалася ў арэлях і ўпала. Вынік сумны — пералом рукі.

Адна мая сяброўка расказвала, як яе сын дагуляўся на дзіцячай пляцоўцы да таго, што давялося ехаць у бальніцу і накладваць швы: малому рассекла лоб жалезнымі арэлямі.

Згодна з данымі Міністэрства па ахове здароўя, у 90% выпадкаў прычынамі няшчасных выпадкаў становяцца недастатковая ўвага і кантроль дарослых. Лічба, над якой варта задумацца…

Хацець – не значыць магчы

У якім стане дзіцячыя пляцоўкі Пастаў сёння? Ці задавальняе іх стан гараджан? Па адказы на гэтыя пытанні я адправілася ў невялікі рэйд.

Самыя папулярныя сярод мам і малых — гульнявыя зоны ў гарадскім парку і ў скверы па вуліцы Юбілейнай. Гэта і не дзіўна: тут устаноўлена найбольшая колькасць дзіцячага абсталявання: горак рознай вышыні, арэляў, каруселяў, лесвіц для лажання… І ў плане добраўпарадкавання, і ў плане бяспекі (маю на ўвазе аддаленасць ад праезнай часткі) названым месцам у райцэнтры сапраўды няма роўных. Пра гэта гаварылі ўсе мамы, з якімі ўдалося паразмаўляць у той дзень.

На дваровых гульнявых пляцоўках іншая карціна. Многае абсталяванне там выглядае відавочна «стомленым». Асабліва гэта адчуваецца ў шостым гарадку, які ў апошнія гады імкліва разрастаецца, але, на жаль, не прырастае сучаснымі гульнявымі зонамі (ці хаця б адной), як таго вельмі жадаюць мясцовыя жыхары.

— Маёй дачцэ два гады, і мы штодня выходзім на прагулкі, — расказвала жыхарка гэтага мікрараёна Анастасія. — Мам з каляскамі і маленькімі дзецьмі ў нас вельмі шмат: апошнім часам у раён новабудоўляў засялілася столькі мнагадзетных сем’яў! Будзем казаць шчыра: дастойнага месца для сумеснага адпачынку вялікай колькасці мам і дзяцей у гарадку няма. Таму іншы раз ездзім з дачкой на Юбілейную, у гарпарк. Выручае і магчымасць схадзіць у госці да сяброўкі ў прыватны сектар, дзе ў яе каля дома ёсць батут, арэлі. Але вельмі хацелася б дарыць станоўчыя эмоцыі дачцэ і недзе паблізу.

У ЖКГ гэту праблему ведаюць, але пакуль вырашыць яе не могуць.

— Усе пытанні з устаноўкай новага дзіцячага гульнявога абсталявання ўпіраюцца ў недастатковае фінансаванне, — адзначыў Мікалай Кісялёў. — Сучасныя комплексы, як вядома, каштуюць дорага. І калі будуць выдаткаваны сродкі на гэтыя мэты — сказаць складана. Таму сёння наша галоўная задача — падтрымліваць у належным стане існуючае абсталяванне. На жаль, не ўсе гараджане шануюць тое, што маюць. Нярэдка прыхо­дзіцца рамантаваць то адно, то другое. Скардзяцца і тыя, хто прыбірае дзіцячыя пляцоўкі. Добра, калі там раскіданыя абгорткі ад цукерак (хаця ў чым праблема занесці іх у сметніцу?). Дарослыя пасля сябе пакідаюць акуркі, бутэлькі з-пад піва, джын-тоніка. А тады шукаем вінаватых: камунальнікі дрэнныя, што своечасова не прыбралі, не адрамантавалі, супрацоўнікі РАУС — што не схапілі за руку. Аднак пакуль кожны гараджанін не будзе несці адказнасць за свае ўчынкі, на вырашэнне гэтай праблемы можна не спадзявацца.



Комплекс мер па забеспячэнні бяспекі дзяцей на дзіцячай гульнявой пляцоўцы ўключае ў сябе:

  • захаванне патрабаванняў бяспекі пры праектаванні (канструяванні) і вырабе гульнявога абсталявання;
  • выкананне патрабаванняў па размяшчэнні (устаноўцы) абсталявання на дзіцячай пляцоўцы;
  • кантроль за тэхнічным станам абсталявання;
  • кантроль дарослых за паводзінамі дзяцей пры выкарыстанні дзіцячага абсталявання.


Фота Іны Сняжковай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.