Летний оздоровительный лагерь Андроновской ЯСБШ посещают 17 детей

Образование

Цікава, весела і смачна

На мінулым тыдні на Пастаўшчыне пачалі працаваць летнія аздараўленчыя лагеры. Адзін з іх адкрыўся ў Андронаўскай ЯСБШ.

Гэты лагер наведваюць 17 дзяцей з першага па дзявяты клас — амаль усе вучні школы, якіх тут 20. Шэсць дзён на тыдзень з 8 да 15 гадзін яны цікава і з карысцю праводзяць вольны час, адначасова ўмацоўваючы сваё здароўе. Кожны дзень пачынаецца з абавязковай ранішняй зарадкі, ды не звычайнай, а музычнай, якая вельмі падабаецца хлопчыкам і дзяўчынкам. Затым — сняданак і мерапрыемствы па графіку. Яны прадуманы па ўсіх кірунках выхаваўчай работы, але большасць звязана са здаровым ладам жыцця.

— У нас ужо прайшлі «Вясёлыя старты», спартыўныя забавы «Разам весела ісці», гутаркі на тэму прафілактыкі каранавіруса і вострых рэспіраторных захворванняў, майстар-клас па рэспіраторным этыкеце. Падчас апошняга мы расказвалі дзецям, як правільна насіць ахоўную маску, як часта трэба яе мяняць, вучылі правільна чхаць, карыстацца сурвэткамі. Таксама правялі прафілактычную гутарку «Непаўналетнія і закон», праграму «Гульні нашага двара», конкурс малюнкаў на асфальце, — пералічвала зробленае начальнік лагера Людміла Сіманайц.

Вучні Андронаўскай ЯСБШ разам з настаўнікамі Ганнай Зямчонак і Пятром Рамановічам

Наперадзе яшчэ шмат разнастайных мерапрыемстваў. Сярод іх работа экалагічных станцый, віртуальнае падарожжа па мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой», велапаход па маршруце Андроны—Васіліны—Андроны, конкурс-дэфіле «Старым рэчам — другое жыццё». Закрывацца лагер будзе святочнай праграмай «Феерверкі майго лета». Так называецца і сам праект летняй занятасці дзяцей, рэалізацыя якога прадоўжыцца ў ліпені і жніўні праз работу рознаўзроставых атрадаў.

Мерапрыемствы прадумвалі ўсе педагогі школы, і ўсе яны па чарзе працуюць выхавальнікамі ў лагеры. Настаўнікі не толькі клапоцяцца пра тое, каб дзеці не сумавалі без справы, але і ўважліва сочаць за станам іх здароўя, захаваннем санітарных норм і патрабаванняў. Як і належыць, прымаючы вучняў штораніцы, праводзяць іх візуальны агляд і распытваюць пра самаадчуванне. Кожны настаўнік добра ведае, як дзейнічаць у выпадку выяўлення хворага дзіцяці (на шчасце, такіх выпадкаў пакуль не было).

Не меншая ўвага надаецца рэгулярнаму мыццю рук, вільготнай уборцы і праветрыванню памяшканняў, арганізацыі харчавання дзяцей. Яно ў лагеры трохразовае: акрамя сняданку і абеду, ёсць таксама падвячорак. Гатуе для хлопчыкаў і дзяўчынак школьны повар, і са сваёй работай ён спраўляецца выдатна. Пра гэта сведчаць пустыя талеркі ў сталоўцы пасля кожнага прыёму ежы і дружнае «так!» вучняў у адказ на маё пытанне, ці смачна іх кормяць. Такі ж сцвярджальны адказ пачула ад школьнікаў, калі пацікавілася, ці падабаецца ім у лагеры.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.