Механизаторы ОАО «Новоселки-Лучай» закладывают по 1000 и более тонн сенажа ежедневно

Сельское хозяйство

Зладжана дзейнічае «зялёны канвеер»

Па 1000 і больш тон сенажу штодня закладваюць механізатары ААТ «Навасёлкі-Лучай».

У суботу механізаваны атрад з коўзанскага аддзялення перабазіраваўся ў лучайскае. Першымі непадалёк ад лучайскай фермы распачалі работу на 9-метровых касілках Руслан Шымко і Андрэй Врублеўскі. Калі скошаная трава крыху падвяла, яе паварушылі і згрэблі ў валкі Юрый Татарчук, Віталій Смолка, Аляксандр Булышка. Падборам заняліся Юрый Гваздоў на «Ягуары», Сяргей Саланінка і Аляксандр Дунец на КВК-800.

Аляксандр Дунец, Сяргей Саланінка і Юрый Гваздоў

У Лучаі пабывала ў панядзелак. Кіпела работа на сянажнай траншэі. Уладзімір Праліч на К-700 і Яўгеній Грышчанка на МТЗ-3522 бесперапынна трамбавалі здробненую правяленую масу. Мікалай Татарчук на К-701 гэтым займаецца ноччу.

— У першы дзень заклалі амаль 800 тон сенажу, — расказваў начальнік лучайскага аддзялення Сяргей Савіцкі. — Сёння павінна быць больш. Траншэя разлічана на 2 500 тон. Пакуль убіраем травы з палёў, размешчаных недалёка ад фермы, таму на транспарціроўку траціцца мала часу. «Зялёны канвеер» дзейнічае зладжана.

На перавозцы правяленай масы стараюцца Роберт Гаспаровіч, Анатолій Счасны, Павел Дрозд, Ігар Савуць, Вальдэмар Мацур, Уладзімір Скавародка і Генадзій Літвіновіч

Сярод лідараў раённага спаборніцтва, занятых на падборы і здрабненні правяленай масы, — Юрый Гваздоў. Яго «Ягуару» 18 гадоў. Але гэта не перашка­джае гаспадару тэхнікі дабівацца высокіх паказчыкаў. 11 гадоў «Палессю», на якім працуе Аляксандр Дунец. Механізатар на корманарыхтоўцы толькі другі год, раўняецца на вопытных. Яшчэ на адным «Палессі» чацвёрты сезон убірае травы Сяргей Саланінка. Сабраць ра­зам рупліўцаў касавіцы было няпроста: кожны з іх шчыраваў на вызначаным участку.

Выгрузіўшы ў сянажную траншэю зялёную масу, механізатары прыязджалі па чарговую «порцыю». А паколькі КВК і «Ягуар» былі вымушаны спы­ніць для размовы з журналістам, утварылася «пробка». Затое знайшоўся час падысці адно да аднаго, прывітацца, перакінуцца словам.

— Вы сваёй фотасесіяй парушылі наш графік, — казалі адны. — Пакуль Юрый, Сяргей і Аляксандр пазіруюць, вунь колькі тэхнікі з прычэпамі з’ехалася на поле!

— Генадзія Літвіновіча абавязкова «шчоўкніце» каля новага ГАЗона, — рэкамендавалі іншыя.

— Машыну гаспадарка набыла сёлета і даверыла яе мне, — расказваў Генадзій. — Да гэтага працаваў на бензавозе, якому ўжо 20 гадоў. Цяпер абслугоўваю два аўтамабілі. У ГАЗона грузападымальнасць 4,5 тоны. Зараз важу кармы, падчас жніва — збожжа, затым — кукурузу на сілас. Здараецца, і ў камандзіроўкі езджу.

— На лучайскіх палях настрой палепшыўсяў, бо травы тут гусцейшыя, — апавядалі ўдзельнікі «зялёнага жніва». — Пачыналі касавіцу ў навасёлкаўскім аддзяленні. З-за засушлівай вясны там ураджай не вельмі радаваў. А прайшлі дажджы — і на ўбраных палетках ужо дружна падрастае другі ўкос. Павінны быць з кармамі!

Травы першым укосам у ААТ «Навасёлкі-Лучай» трэба ўбраць з 2 200 гектараў. Больш чым на 70% плошчы гэта работа праведзена. У траншэі закладзена амаль 12 тысяч тон сенажу. Ужо тысячу яго тон у стрэйч-плёнцы на прэс-­падборшчыку-ўпакоўшчыку зарулоніў Міхаіл Аўсюкевіч. На чарзе — закладка кармоў для грамадскага статка ў цешалаўскім і старадворскім аддзяленнях. А там і другі ўкос падыдзе.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Читайте также:
Каждый механизатор в ОАО «Ярево-агро» старается усердно работать на общий результат
«Зеленая жатва» в ОАО «Знамя Победы-агро» идет полным ходом
Механизаторы ОАО «Курополье-агро» — лучшие на кормозаготовке
Со спецназа — на кормозаготовку. Молодого механизатора Андрея Мальца всегда притягивала работа на земле



 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.