На этой неделе в школах Поставского района прошли выпускные вечера

Главное Образование

Часцінкі сэрцаў пакінулі ў школе

На гэтым тыдні школы раёна развіталіся з выпускнікамі. 319 дзевяцікласнікаў атрымалі пасведчанні аб базавай адукацыі, у 19-ці яны з адзнакай. А 191 адзінаццацікласніку ва ўрачыстай абстаноўцы ўручылі атэстаты аб агульнай сярэдняй адукацыі. Разам з тым 21 выпускнік узнагароджаны залатым медалём, 2 — сярэбраным. На цырымоніі ўручэння атэстатаў і медалёў у Варапаеўскай СШ пабывала карэспандэнт «ПК».

Сёлетні выпуск у Варапаеўскай школе асаблівы. Тут праводзілі ў дарослае жыццё першы на Пастаўшчыне аграрны клас. Двое з 14-ці яго вучняў ужо фактычна з’яўляюцца студэнтамі ВНУ: на днях Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, згодна з якім выпускнікі аграрных класаў, якія маюць мэтавыя накіраванні, без здачы цэнтралізаванага тэсціравання залічваюцца ў выбраныя навучальныя ўстановы сельскагаспадарчага профілю. Паведамляючы пра гэта са сцэны актавай залы, дзе сабраліся амаль усе педагогі і бацькі адзінаццацікласнікаў, дырэктар школы Віктар Жук павіншаваў Мікіту Каспяровіча і Мікалая Новікава, якія выбралі для паступлення Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію і Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт. Асаблівыя віншаванні Віктар Мікалаевіч адрасаваў таксама зорачцы школы, пераможцу і прызёру шматлікіх алімпіяд і конкурсаў даследчых работ залатому медалісту Мікіту Залецкаму, сярэбранаму медалісту Даніілу Галяшу.

Выпускнікі Варапаеўскай СШ з класным кіраўніком Ліліяй Брэскай

— Наперадзе ў вас дарослае жыццё, — гаварыў, звяртаючыся да ўсіх выпускнікоў, кіраўнік установы адукацыі. — У ім будуць не толькі радасці, але і нягоды. Пераадольваючы іх, памятайце, што ў вас ёсць надзейная падтрымка ў асобе бацькоў, якія на працягу ўсіх гадоў навучання дапамагалі парадай. І тое, чаго вы сёння дасягнулі, у многім і іх заслуга. Не губляйце сувязі з аднакласнікамі, падтрымлівайце адно аднаго. Не забывайце родную школу і настаўнікаў, а мы будзем рады бачыць вас на вечарах сустрэчы з выпускнікамі.

Пажадаўшы юнакам і дзяўчатам паспяхова здаць ЦТ і пасту­піць у выбраныя навучальныя ўстановы, Віктар Мікалаевіч уручыў атэстаты і медалі, а некалькім вучням — яшчэ і пахвальныя лісты за асаблівыя поспехі ў вывучэнні асобных прадметаў.

Віктар Жук уручае пасведчанне аб заканчэнні школы і залаты медаль Мікіту Залецкаму

Поспехаў, упэўненасці, ажыццяўлення намечаных планаў, не страціць з часам усё добрае, што набылі ў школе, захаваць сяброўства і заўсёды з удзячнасцю ўспамінаць настаўнікаў і бацькоў зычыла выпускнікам старшыня Варапаеўскага сельскага Савета Іна Касарэўская. Ад раённага Савета дэпутатаў яна ўручыла шэрагу маладых людзей і іх бацькам лісты ўдзячнасці за высокія паказчыкі ў вучобе і грамадскай дзейнасці. Мамы і таты, чые дзеці паказалі стопрацэнтную якасць ведаў і вызначаліся падчас вучобы прыкладнымі паво­дзінамі, атрымалі таксама па­дзякі ад кіраўніцтва школы.

Па традыцыі далі слова і баць­кам. Ад іх імя выступілі Юлія Якімовіч і Святлана Каспяровіч. Яны жадалі сваім ужо дарослым дзецям знайсці сябе ў жыцці: атрымаць выбраныя прафесіі, зрабіць выдатную кар’еру, а галоўнае — заставацца годнымі людзьмі. Шчыра дзякавалі ўсяму педкалектыву школы за станаўленне і развіццё дзяцей. А самыя цёплыя словы адрасавалі класнаму кіраўніку Ліліі Брэскай за яе цярпенне, падтрымку, мудрыя парады вучням, за тое, што заўсёды была побач, радавалася поспехам сваіх выхаванцаў і засмучалася ў выпадку іх няўдач.

Ад імя бацькоў выпускнікоў віншуюць Юлія Якімовіч і Святлана Каспяровіч

Магчымасцю сказаць «дзякуй» людзям, якія вучылі і выхоўвалі іх, скарысталіся і выпускнікі. Яны зрабілі гэта творча, падрыхтаваўшы цікавую канцэртную праграму. У ёй былі і вершы, і песні, і жартоўныя сцэнкі, і школьны вальс. Настаўнікам віноўнікі ўрачыстасці падарылі букеты кветак, бацькам — паветраныя шары ў форме сэрцаў. Таксама палавінкі сваіх імправізаваных папяровых сэрцаў маладыя людзі ўручылі класнай маме Ліліі Аляксандраўне, пяшчотна абдымаючы яе на развітанне. Гэты момант аказаўся самым кранальным і не пакінуў раўнадушным ніводнага прысутнага ў зале. А ўвогуле, у той вечар слёзы не раз блішчэлі ў вачах бацькоў, настаўнікаў і выпускнікоў.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.