Бяром шлюб па правілах
Лета — гарачы час для ўсіх ЗАГСаў, бо менавіта летам закаханыя пары імкнуцца зарэгістраваць свой сямейны саюз. Пры гэтым у многіх з іх можа ўзнікнуць шэраг пытанняў, адказы на якія мы папрасілі даць начальніка аддзела запісу актаў грамадзянскага стану райвыканкама Аніту НЕСЦЯРОВІЧ.
— Аніта Францысаўна, што з’яўляецца ўмовай для заключэння шлюбу?
— Пачну з юрыдычнага азначэння слова «шлюб», замацаванага ў артыкуле 12 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і. Гэта добраахвотны саюз мужчыны і жанчыны, які накіраваны на стварэнне сям’і і нараджае для бакоў узаемныя правы і абавязкі. Галоўная ўмова ўступлення ў шлюб — згода жаніха і нявесты. Яна выказваецца двойчы: падчас падачы заявы і ў момант заключэння шлюбу. Час паміж дзвюма гэтымі падзеямі ўстаноўлены для таго, каб кожны з бакоў яшчэ раз мог абдумаць правільнасць прынятага ім рашэння. Падаючы заяву, жаніх і нявеста выказваюць намер заключыць шлюб, а канчатковую згоду даюць вусна пры рэгістрацыі сямейнага саюзу і пацвярджаюць яе сваімі подпісамі ў запісе адпаведнага акта.
Хачу звярнуць увагу на тое, што ў Рэспубліцы Беларусь нельга заключыць шлюб завочна або па даверанасці з дапамогай прадстаўніка. Часам маладыя людзі цікавяцца: «Можна, я вазьму яго (яе) пашпарт і падам заяву на рэгістрацыю шлюбу?» Так рабіць нельга, бо кожны з бакоў непасрэдна павінен выказаць сваю згоду і ўласнаручна падпісаць заяву.
Яшчэ адной умовай заключэння шлюбу з’яўляецца дасягненне асобамі, якія ў яго ўступаюць, 18-гадовага ўзросту. Але ў асобных выпадках шлюбны ўзрост можа быць зніжаны.
— Падставай для зніжэння служаць нараджэнне сумеснага дзіцяці або наяўнасць медыцынскай даведкі, якая пацвярджае цяжарнасць дзяўчыны, а таксама аб’яўленне непаўналетняга цалкам дзеяздольным (эмансіпацыя). У такіх выпадках асобы, якія ўступаюць у шлюб, разам з заявай аб рэгістрацыі падаюць заяву аб зніжэнні шлюбнага ўзросту. Пры гэтым згоды іх бацькоў альбо апекуноў не патрабуецца. Максімальнае зніжэнне не можа перавышаць 3-х гадоў. Гэта правіла распаўсюджваецца ў роўнай ступені на жанчын і мужчын.
— А што з’яўляецца перашкодай для заключэння шлюбу?
— Ён не можа быць заключаны паміж асобамі, хаця б адна з якіх ужо знаходзіцца ў іншым шлюбе, зарэгістраваным ва ўстаноўленым парадку; паміж сваякамі па прамой узыходнай і сыходнай лініі, паўнароднымі і непаўнароднымі братамі і сёстрамі, усынавіцелямі і ўсыноўленымі. Таксама не дапускаецца заключэнне сямейнага саюзу паміж асобамі, адна ці абедзве з якіх прызнаны судом недзеяздольнымі па прычыне душэўнай хваробы ці слабага розуму.
Читайте также:
15 мая — Международный День семьи. На Поставщине в 2019 году зарегистрированы 166 браков, родилось 260 детей
Страны открывают границы. Могут ли белорусы рассчитывать на поездку к морю?
— У які тэрмін пасля падачы заявы рэгіструецца шлюб?
— Як правіла, не раней чым праз 3 дні і не пазней чым праз 3 месяцы з дня звароту асоб, якія ў яго ўступаюць. У выключных выпадках, абумоўленых цяжарнасцю, наяўнасцю агульнага дзіцяці, і па іншых асаблівых абставінах шлюб можа быць заключаны да заканчэння трохдзённага тэрміну, у тым ліку ў дзень звароту. Гэтыя абставіны абавязкова павінны быць пацверджаны адпаведнымі дакументамі. Калі асобы, якія падалі заяву аб заключэнні шлюбу, не з’явіліся ў ЗАГС на працягу 3-х месяцаў з дня яе падачы і не паведамілі прычыну няяўкі, заява страчвае сілу.
— Ці могуць маладыя людзі, якія пражываюць у Паставах, зарэгістраваць шлюб у іншым горадзе?
— Так, яго рэгістрацыя праводзіцца любым органам ЗАГС на выбар асоб, якія вырашылі ўзаконіць свае шлюбныя адносіны. Такім правам выбару валодаюць не толькі грамадзяне Рэспублікі Беларусь, але і замежныя грамадзяне, асобы без грамадзянства, якія маюць дазвол на пастаяннае пражыванне ў Беларусі. Але тут ёсць адно выключэнне: сельскія выканаўчыя камітэты рэгіструюць шлюбы толькі паміж грамадзянамі нашай краіны.
— Якія дакументы падаюцца разам з заявай аб рэгістрацыі шлюбу?
— У кожным канкрэтным выпадку яны свае. Але жаніх і нявеста абавязкова павінны мець пры сабе пашпарты ці іншыя дакументы, якія засведчваюць іх асобы, і квітанцыю аб плаце дзяржаўнай пошліны. Калі нехта з маладых раней знаходзіўся ў шлюбе, падаецца таксама рашэнне суда аб яго скасаванні або пасведчанне пра гэта, выдадзенае органам ЗАГС. Калі шлюб заключаецца з іншаземцамі, асобамі без грамадзянства, грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць за межамі нашай краіны, асобамі, якія не дасягнулі 18-гадовага ўзросту, у выпадку скарачэння тэрміну заключэння шлюбу неабходны іншыя дакументы. Усе яны ўказаны ў Пераліку адміністрацыйных працэдур, якія ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян, зацверджаным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 красавіка 2010 года №200.
Кансультацыю па пытаннях рэгістрацыі заключэння шлюбу вы можаце атрымаць у аддзеле ЗАГС райвыканкама па тэлефоне 4-17-85 або пры асабістым звароце. Адказы на ўсе пытанні знойдзеце таксама на старонцы нашага аддзела на афіцыйным сайце райвыканкама.
Гутарыла Алена Шапавалава