І душу палечыць
Напісаць пра загадчыцу Курапольскага фельчарска-акушэрскага пункта Алену Зарэмбу папрасілі жыхары Кураполля, Васілін і іншых населеных пунктаў, якія ўваходзяць у зону яго абслугоўвання.
Медыцыну Алена выбрала «за кампанію» са сваімі аднакласніцамі з СШ №2 і паступіла ў Полацкае медвучылішча. Падчас вучобы канчаткова пераканалася, што на правільным шляху. Па размеркаванні трапіла ў Лынтупскую ўчастковую бальніцу. Працавала фельчарам, затым — на хуткай дапамозе. З года ў год абраная прафесія зацягвала. Розныя складаныя выпадкі загартоўвалі яе характар, дадавалі вопыту, а пачуццё адказнасці за жыцці іншых узрастала. У 2005 годзе Алену Зарэмбу накіравалі на Курапольскі ФАП.
За 15 гадоў у рабоце фельчара многае памянялася: зменшылася колькасць насельніцтва ў абслугоўваемых вёсках, пераважаюць людзі пенсійнага ўзросту. А старэйшыя, як вядома, патрабуюць асаблівай увагі.

Дабавіла клопатаў пандэмія. Некаторыя радзей прыходзяць на прыём, а выклікаюць доктара дадому. Многіх непакоіць супярэчлівая інфармацыя наконт гэтай інфекцыі. Звоняць фельчару, кансультуюцца. Алена Славаміраўна супакойвае, тлумачыць, гаворыць пра важнасць захавання санітарных норм і правіл, асабістую адказнасць кожнага.
— Сельскаму доктару трэба быць не толькі тэрапеўтам, але і псіхолагам, — гаварыла Алена Зарэмба. — Хтосьці выклікае змераць ціск і тым часам жаліцца пра набалелае. Выслухаю, дам слушную параду, падбадзёру — і святлее твар пацыента. Увага патрэбная асабліва адзінокім. Таму заўсёды стараюся выкраіць некалькі хвілін для гутаркі.
Падчас майго наведвання ФАПа сюды пастаянна прыходзілі вяскоўцы: адны — па лякарства, іншыя — пракансультавацца або трапіць на прыём да фельчара. Званілі людзі і па тэлефоне. І Алена Славаміраўна для кожнага знаходзіла добрыя словы, давала рэкамендацыі.
— Нам вельмі пашанцавала з фельчарам! — сцвярджалі ўсе, хто заглядваў у той дзень на ФАП. — Леначка вельмі цярплівая і чулая. Яна ніколі не лічыцца з часам, на выклік спяшаецца па першым званку, яе тэлефон даступны 24 гадзіны ў суткі. Мы адчуваем яе дабрыню. А яна лечыць не толькі цела, але і душу.
Анна Анішкевіч. Фота аўтара