Пастаўчане шчыруюць на Браслаўшчыне
2 ліпеня пункт пропуску «Відзы» на беларуска-літоўскай граніцы зменіць статус са спрошчанага на міжнародны. Гэта патрабуе пэўнага ўдасканалення транспартнай інфраструктуры.
Паўсотні кіламетраў дарог Браслаўскага раёна абслугоўваюць пастаўчане — філіял «ДЭУ-33» РУП «Віцебскаўтадар». Менавіта яго работнікі цяпер выконваюць рамонтныя работы як на пад’ездзе да пункта пропуску «Відзы», так і ў самім гарадскім пасёлку.

— Наша прадпрыемства абслугоўвае 212 кіламетраў дарог рэспубліканскага значэння, 42 км з іх праходзяць па Браслаўскім раёне, — з такіх фактаў пачаў размову начальнік ДЭУ-33 Алег Крукоўскі, з якім сустрэлася перад ад’ездам на браслаўскі аб’ект пастаўскіх дарожнікаў. — Капітальнага рамонту там патрабуюць 840 метраў дарогі, бягучага — 9 км. Наогул у плане добраўпарадкавання да Відзаў сёлета павышаная ўвага. Распараджэннем Віцебскага аблвыканкама ў 2020 годзе гэты гарадскі пасёлак разам з Обаллю Шумілінскага раёна вызначаны населеным пунктам, у якіх праводзіцца грунтоўнае добраўпарадкаванне. У лепшы бок мяняюцца аб’екты сацыяльнай сферы, грамадскія месцы, а таксама дарогі. З пачатку мая мы там ужо зрабілі многае: нанеслі ахоўны слой пакрыцця, паднавілі тратуары і пешаходныя дарожкі, замянілі знакі. Да канца месяца работы ў самім гарадскім пасёлку будуць завершаны.
Наколькі лепшым стала дарожнае пакрыццё ў Відзах, змагла пераканацца і сама, калі накіроўвалася на беларуска-літоўскую граніцу.
Перад пунктам пропуску работа ў дарожнікаў кіпела ў прамым сэнсе слова: у дзень майго прыезду яны завяршалі ўкладваць асфальт. Для гэтага была задзейнічана будаўнічая тэхніка ДЭУ-33 і асфальтаўкладачная — філіяла «Пастаўскае ДРБУ-132».
— Пасля капітальнага рамонту на ўчастку дарогі даўжынёй каля 320 метраў з’явіцца дадатковая паласа для прыпынку велікагрузных транспартных сродкаў, — адзначыў галоўны інжынер ДЭУ-33 Мікалай Цехановіч. — Яны пойдуць праз граніцу, калі пункт пропуску зменіць свой статус.
Калі брыгада скончыць укладваць асфальт, возьмецца за аддзелачныя работы — трэба будзе адсыпаць абочыны, умацаваць адкосы, нанесці разметку, устанавіць дарожныя знакі. Здача аб’екта адбудзецца напрыканцы чэрвеня.
Іна Сняжкова. Фота аўтара