Приносить пользу клиенту — главный принцип молодых специалистов аптечной сети Дмитрия и Вероники Гомза

Здравоохранение

Зблізіла фармацыя

Прыносіць карысць кліенту — галоўны прынцып, якім кіруюцца ў сваёй рабоце маладыя спецыялісты аптэчнай сеткі раёна Дзмітрый і Вераніка Гомза. Сваё прафесійнае свята — Дзень медыцынскіх работнікаў — правізары-рэцэптары цэнтральнай аптэкі №87 у райцэнтры сёлета сустракаюць упершыню.

У Паставы сямейная пара прыехала ў жніўні мінулага года пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта. Першыя паўгода Дзмітрый і Вераніка праходзілі інтэрнатуру, а са студзеня бягучага года набылі статус маладых спецыялістаў.

— Адаптавацца пасля ўніверсітэта было нялёгка, тым больш што многаму давялося вучыцца непасрэдна падчас інтэрнатуры ў старэйшых калег, — расказвалі муж і жонка. — Яны не толькі дзяліліся з намі досведам пра найбольш распаўсюджаныя памылкі ў рабоце, але і дапамаглі з нуля асвоіць камп’ютарныя праграмы, з якімі працуем, навучылі прабіваць чэкі.

На практыцы інтэрны засвойвалі, і які прэпарат да якога дзеючага рэчыва адносіцца. Скажам, ёсць пастаўскае, глыбоцкае і віцебскае малако. Гэта розныя гатункі аднаго прадукту. Так і з лекавымі сродкамі: па сутнасці, адзін прэпарат мае розныя назвы. Іх колькасць напрамую залежыць ад колькасці вытворцаў. І ўсе іх трэба ведаць, каб лёгка арыентавацца ў асартыменце, не ствараць у аптэцы чэргаў.

Вераніка і Дзмітрый Гомза

Не сакрэт, што правізарам даводзіцца арыентавацца і ў «народных» назвах лекавых сродкаў. Адно з папулярных — «Тайфун». Гэтым ураганам разбуральнай сілы многія называюць вочныя кроплі «Таўфон». На гэта Дзмітрый і Вераніка глядзяць з гумарам. Дарэчы, як і на той факт, што, убачыўшы за аптэкарскім сталом маладога спецыяліста, некаторыя паспешліва становяцца ў чаргу да больш вопытных работнікаў.

Да галоўных якасцей правізараў-рэцэптараў сямейная пара адносіць уважлівасць. Яна неабходная як у адносінах з кліентамі, так і пры водпуску лекаў. А чаго вартая экспертыза рэцэпта! Гледзячы на яго, медыкі не толькі вывучаюць назву прызначанага прэпарата і яго дазіроўку, як нам падаецца, але і наяўнасць усіх неабходных элементаў у рэцэпце: дату яго выпіскі, тэрмін дзеяння, штампы ўстановы аховы здароўя і ўрача, яго подпіс, нумар, серыю і нават колер лістка. Напрыклад, псіхатропны лекавы сродак не можа быць выпісаны на ружовым, паколькі гэта колер рэцэпта наркатычных рэчываў.

— Работа дорыць шмат станоўчых эмоцый, асабліва зваротная сувязь, — працягвалі Дзмітрый і Вераніка Гомза. — Прыемна чуць ад кліенаў, што той ці іншы прэпарат дапамог, бачыць іх з усмешкамі і ў добрым настроі. Калі наведвальнікаў шмат, то і змена пралятае непрыкметна. Радуе і тое, што мы апынуліся ў камфортных умовах для працы і жыцця. Удзячныя калектыву за настаўніцтва, а кіраўніцтву аптэкі за садзейнічанне ў атрыманні арэнднай кватэры: не можам нацешыцца 2-пакаёўцы ў новабудоўлі 6 гарадка.  Яе нам выдзелілі як маладым спецыялістам.

Не менш каштоўная і ўзаемадапамога, лічаць Вераніка і Дзмітрый: «У нас адна спецыфіка працы, таму мы выдатна ведаем, пра што ідзе гаворка, як падтрымаць адно аднаго. І гэта моцна збліжае».

Вераніка Філановіч Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.