Косяць з мая па кастрычнік
Да сезоннага пакосу травы работнікі камунальнай службы прыступілі ў пачатку мая. На сёння яны абкасілі ўсе замацаваныя за прадпрыемствам тэрыторыі ў райцэнтры па два разы і распачалі планавую работу па трэцім крузе.
— Трава пачынае ісці ў рост, як толькі пацяплее і пройдуць дажджы. Звычайна такое надвор’е ўсталёўваецца ў канцы красавіка — пачатку мая. З гэтай пары і да кастрычніка «стрыжом» расліннасць на газонах, у буйных мікрараёнах, скверах, уздоўж аўтадарог, каля аўтобусных прыпынкаў і кантэйнерных пляцовак, — расказваў майстар па добраўпарадкаванні жыллёва-камунальнай гаспадаркі раёна Мікалай Кісялёў. — Першапачатковая ўвага — цэнтральным вуліцам Пастаў, якія з’яўляюцца візітнай карткай горада, і ўжо потым пераходзім на іншыя зоны нашай адказнасці.
У работах задзейнічана і тэхніка, і спецыялісты з мотакосамі. У распараджэнні камунальнікаў 3 трактары з навясным абсталяваннем, два з іх занятыя на касьбе пастаянна, трэці — па неабходнасці. Яны могуць працаваць не толькі на роўных паверхнях, але і на схілах, там, дзе ёсць купіны. З дапамогай тэхнікі абкошваюцца вялікія плошчы з мінімальнай колькасцю насаджэнняў: пляжы, значная частка дэндрапарку па вуліцы Юбілейнай, тэрыторыя паміж шпіталем і дамамі №30 і №32 па Касманаўтаў, часткова — гарадскі парк.

За апошнія 10 гадоў колькасць работнікаў камунальнай службы раёна скарацілася з 1 000 да 400 чалавек. А аб’ём работ застаўся ранейшым. Каб своечасова спраўляцца з «утаймаваннем» травы, на сезонным пакосе ў райцэнтры задзейнічаны работнікі не толькі ўчастка добраўпарадкавання і саначысткі, але і ўчастка кацельняў і цеплавых сетак, сантэхнікі. На дапамогу ім прыходзяць і калегі з Варапаеўскага і Навасёлкаўскага ўчасткаў прадпрыемства.
Рабочым зялёнага будаўніцтва ў ЖКГ Пётр Каралёнак працуе 6 гадоў. І кожны сезон задзейнічаны ў пакосе. У чацвер увесь зялёны з галавы да ног ад наліплых дробных часцінак травы ён шчыраваў па маршруце аўтобуса №3 і вуліцы Паркавай. У руках — мотакаса, на галаве — шлем з ахоўным шчытком, які засцерагае твар ад травы, шкла, камянёў і іншых прадметаў, што могуць хавацца пад зялёным покрывам.
— Згодна з інструкцыяй па эксплуатацыі, мотакаса разлічана на 40-50 хвілін бесперапыннай работы на адной запраўцы. Яшчэ 10 хвілін адводзіцца на прыгатаванне сумесі, запраўку і агляд інструмента, — апісваў працэс Пётр Каралёнак. — У сярэднім за змену праходжу каля 25 сотак. Гэта калі паверхня ўчастка роўная. У спякотнае надвор’е эфектыўнасць працы крыху змяншаецца з-за перагрэву як чалавека, так і абсталявання.
За 2 пакосы ў маі ў горадзе «пастрыжана» расліннасць на плошчы 115 гектараў,
97 з іх — трактарнымі касілкамі.
Вяртаючыся ў рэдакцыю, праязджаем па адной з перыферыйных вуліц райцэнтра. Дзе-нідзе ў вочы кідаецца трава ўпоравень з агароджай. Няўжо паспела так вымахаць за паўмесяца з моманту другога пакосу?
— За жыллёва-камунальнай гаспадаркай раёна замацаваны толькі цэнтральныя вуліцы, буйныя мікрараёны, месцы агульнага карыстання. На астатніх тэрыторыях, каля ўласных дамоў пастаўчанам неабходна наводзіць парадак самім, — патлумачыў намеснік начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Мікалай Доўмант. — З улікам сезонных асаблівасцей уласнікі (наймальнікі) аднакватэрных жылых дамоў, кватэр у блакіраваных жылых дамах павінны забяспечыць уборку і навядзенне парадку на прылеглай да домаўладання тэрыторыі да восі праезнай часткі вуліцы (сярэдзіны аўтамабільнай дарогі). А на незабудаванай тэрыторыі — на адлегласці 15 метраў ад межаў зямельнага ўчастка па ўсёй яго даўжынні.
Такія патрабаванні зафіксаваны ў рашэнні райвыканкама №186 ад 23 лютага 2018 года «Аб замацаванні вуліц і тэрыторый». Таксама згодна з ім, ад жыхароў прыватнага сектара патрабуецца своечасова рамантаваць, афарбоўваць і бяліць агароджы сядзібных участкаў, фасады дамоў, коміны, афармляць і ўтрымліваць у належным стане газоны і клумбы.
Вераніка Філановіч. Фота аўтара