Сегодня — День мелиоратора. Мелиораторы облагораживают и возрождают земли

Общество

Яны акультурваюць зямлю

Два тыдні таму ў рэдакцыю «Пастаўскага краю» пазваніў дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства «Шаркаўшчынскае ПМС» Анатолій Дзіковіч і папрасіў: «Сфатаграфуйце, калі ласка, нашых меліяратараў і напішыце пра іх да прафесійнага свята».

Парадавала, што кіраўнік зацікаў­лены ў тым, каб пра справы падначаленых даведалася як найбольш людзей. І я ў суправаджэнні прараба прадпрыемства Юрыя Вайцяшонка з задавальненнем паехала на меліярацыйныя аб’екты.

Дзмітрый Высоцкі. На меліярацыйным аб’екце важная дакладнасць

Але найперш пра тое, што звязвае пастаўчан з Шаркаўшчынай. Магчыма, не ўсе ведаюць, што Пастаўскае ПМС абанкруцілася. Загадамі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта і камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама ад 16 студзеня 2019 года з яго баланса былі перададзены на баланс Шаркаўшчынскага ПМС асноўныя сродкі і 12 меліярацыйных сістэм. 15 лютага таго ж года створаны ўчастак «Паставы» Шаркаўшчынскага ПМС, які ўзначаліў Алег Малахаў. І хаця ўчастак немнагалікі (усяго 22 чалавекі), работы вядуцца паўсюль, бо аб’ядноўваюцца сілы пастаўчан і шаркаўчан.

Прараб Юрый Вайцяшонак, намеснік дырэктара па эксплуатацыі Шаркаўшчынскага ПМС Часлаў Міхалёнак з рабочымі Андрэем Плютам, Дзмітрыем Высоцкім і Паўлам Ерановічам

Вось і на аб’екце паблізу вёскі Барэйкі яны працуюць побач. Тут на 186-гектарнай плошчы ідзе рэканструкцыя меліярацыйнай сеткі. Каб укласціся ў абазначаныя тэрміны, работы вядуцца ў напружаным тэмпе.

На тэрыторыі Пастаўскага раёна 40 555 гектараў асушаных зямель і 1 567 кіламетраў меліярацыйных каналаў. Шмат сіл і сродкаў патрабуецца на доглядныя работы: абкошванне і ачыстку каналаў, выразку хмызняку або знішчэнне яго хімічнымі сродкамі, прамыўку дрэнажу. Гутару з найвопытнейшым экскаватаршчыкам Мікалаем Міроненкам, які заняты ачысткай каналаў на палетках ААТ «Кураполле-агра». «У меліярацыі я з 1982-га, у тым ліку 20 гадоў працую на экскаватары, — расказвае. — Раней меліярацыя прыцягвала высокімі заработкамі. Акрамя таго, ад прадпрыемства атрымаў кватэру, а потым — дом. Зараз сітуацыя пагоршылася. Мінулым летам нават звольніўся і пайшоў працаваць на завод. Але на новым месцы работы пратрымаўся ўсяго 3 месяцы і вярнуўся ў ПМС. Ад прызвання не ўцячэш» (смяецца — аўт.)

Вадзіцель Іван Субач

— Нельга не адзначыць і рабочага Мар’яна Кішко. У меліярацыі ён гадоў 40. Ужо на пенсіі, але працягвае старанна працаваць, — расказваў Юрый Вайцяшонак. — Яшчэ адзін ветэран — машыніст экскаватара Франц Федаровіч. Уся яго працоўная біяграфія таксама звязана з меліярацыяй. А як не назваць вадзіцеля Івана Субача? Чалавек вельмі адказны. Нагрузка на яго вялікая, частыя каман­дзіроўкі. Але ні на што не наракае. Няпроста і Антону Пяткевічу, Івану Мікулу. Іх сем’і — у Лынтупах, а самі здымаюць кватэру ў Юньках, каб лягчэй дабірацца на работу ў ПМС.

Машыніст экскаватара Мікалай Міроненка

Праца меліяратараў нялёгкая, але неабходная. Яны праводзяць на зямлі не аднаразовыя мерапрыемствы, а пастаянна працу­юць над тым, каб у спраўным стане знаходзіліся меліярацыйныя сістэмы, выгляд і ураджайнасць палёў і сенажацяў не псавалі кусты, камяні, бур’ян. А на ўсё гэта патрэбныя немалыя сродкі і сілы. Са сродкамі праблемы ёсць, а вось вынослівасці пераўтваральнікам зямлі не пазычаць.

Тэкст і фота Фаіны Касаткінай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.