Сев яровых. Какая работа сейчас делается на полях? И какие прогнозы на будущий урожай?

Сельское хозяйство

Раслінкі набіраюць сілу

У раёне арганізавана праведзена сяўба яравых культур. А што робіцца на палях у гэтыя дні? І якія прагнозы на будучы ўраджай? Адказаць на гэтыя пытанні карэспандэнт «Пастаўскага краю» Фаіна Касаткіна папрасіла намесніка начальніка па раслінаводстве ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Таццяну Андрэеву.

— Няхай гэта не здасца дзіўным, але для хлебаробаў вясна пачынаецца з восені. Дык вось, земляробы Пастаўшчыны мінулай восенню спаўна скарысталіся спрыяльнымі ўмовамі надвор’я і настойліва папрацавалі на ўраджай-2020: пасеялі 12 728 гектараў азімых зерневых, 3 325 — рапсу, на 17 214 гектарах узаралі глебу. На 95% плошчы рапс выйшаў з зімоўкі ў добрым стане. А невялікія ўчасткі, дзе ён загінуў у ААТ «Кураполле-агра», «Сцяг Перамогі-агра», «Камайскі-агра», КУСП «Ляхаўшчына-агра», перасеялі кукурузай.

Дзякуючы вялікаму аб’ёму выкананых восенню работ некалькі лягчэй было ўправіцца з сяўбой яравых культур і правесці яе ў найлепшыя тэрміны. Плошчы пад яравымі таксама пашыраны. Яравыя зерневыя занялі 7 936 гектараў (104% да 2019 года), яравы рапс — 3 004 (плюс 643 га), кукуруза — 5 344 (плюс 984 га). Пад ільном — 2 400 гектараў. У мінулым годзе 500 гектараў яго вырошчвалі на землях Докшыцкага раёна, але з-за далёкай адлегласці гэта не апраўдала сябе. Таму сёлета ўся сыравінная зона льнозавода размешчана ў сваім раёне. На 2 100 гектарах лён вырошчваюць завадчане і па 100 гектараў — ААТ «Камайскі-­агра», «Кураполле-агра», «Сцяг Перамогі-агра». Пасевы «другога хлеба» не расшыралі, паколькі ў мінулыя гады ўзнікалі цяжкасці з рэалізацыяй ураджаю. Як і летась, на 37 гектарах бульбу вырошчвае ААТ «Навасёлкі-Лучай», на 5-ці — ААТ «Хацілы-агра» і столькі ж — ААТ «Камайскі-агра».

Гаворачы пра тэмпы і якасць сяўбы, трэба адзначыць станоўчую ролю створанага сёлета ў раёне аграпрамысловага аб’яднання на чале з малочным заводам. Прадпрыемства дапамагло і працягвае дапамагаць гаспадаркам тэхнікай, кадрамі, фінансамі. Змаглі набыць мінеральныя ўдабрэнні, хімікаты для апрацоўкі пасеваў.

Мінулы месяц не парадаваў цяплом. Гэта стрымала рост ячменю, доўга не з’яўляліся ўсходы кукурузы, але зараз яна ўжо прарастае. Гаспадаркі раёна своечасова правялі падкормку і хімпраполку азімых зерневых, апрацоўку азімага рапсу супраць кветаеда. Больш чым на палове плошчы зроблена хімпраполка ячменю, і гэта работа працягваецца. Азімыя і яравыя зерневыя радуюць вока. Калі не здарыцца ніякіх прыродных катаклізмаў, разлічваем на добры ўраджай. А вось да нарыхтоўкі кармоў прыступім крыху пазней, чым летась, бо з-за халоднага надвор’я і недахопу вільгаці травы яшчэ не набралі патрэбную масу.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.