Со спецназа — на кормозаготовку. Молодого механизатора Андрея Мальца всегда притягивала работа на земле

Сельское хозяйство

Андрэй Малец 21 мая вярнуўся дадому з тэрміновай службы. Паўтара года прайшлі ў в/ч 3214 ва Уруччы — брыгадзе спецыяльнага назначэння ўнутраных войск МУС Рэспублікі Беларусь. І пакуль што яму часам здаецца, што раніцой прагучыць каманда «пад’ём!» і трэба будзе бегчы на зарадку, выконваць іншыя загады камандзіраў.

— Уцягвацца ў армейскія будні такіх элітных войск было крыху непрывычна, — успамінаў. — Спецназ, у параўнанні з іншымі падраздзяленнямі, пастаянна знаходзіцца ў больш высокай ступені гатоўнасці. Таму і патрабаванні да ваеннаслужачых значна вышэйшыя. Асабліва што датычыць фізічнай падрыхтоўкі. Я цяжкасцей не баюся. Вырас у вёсцы, да працы прывучаны з дзяцінства, таму і служылася без праблем. Прапаноўвалі застацца на службу па кантракце, мяне ж цягнула на хацілаўскую зямлю, у бацькоўскі дом у Волахах. Адпачыў толькі 10 дзён і з 1 чэрвеня прыступіў да работы.

Механізатар ААТ «Хацілы-агра» Андрэй Малец каля новага трактара

Тэхніку Андрэй любіў з дзяцінства, прасіўся да бацькі ў кабіну трактара, уважліва сачыў за яго работай, а той ахвотна раскрываў сакрэты кіравання і рамонту. Пасля заканчэння школы хлопец адразу вызначыўся з будучай прафесіяй і паступіў у Пастаўскі дзяржаўны каледж.

— Старанне, любоў да тэхнікі Андрэя кіраўніцтва прыкмеціла яшчэ падчас яго вытворчай практыкі, — расказваў галоўны інжынер ААТ «Хацілы-агра» Валерый Курто. — Абрадаваліся, калі ён прыйшоў уладкоўвацца на работу пасля службы. Каб заахвоціць хлопца, прапанавалі яму новы «Беларус-1221». Упэўнены, што давер апраўдае. У гэтыя дні перавозіць зялёную масу з поля ў сянажную траншэю.

ААТ «Хацілы-агра» на мінулагодніх дажынках атрымала ў падарунак «Беларус-82». Яго замацавалі за Уладзімірам Івановым. Да трактара купілі новыя касілку, граблі. Механізатар рупіцца на нарыхтоўцы кармоў.

Сёлета гаспадарка набыла чатыры новыя «Беларусы-1221». Іх даверылі вопытным механізатарам Івану Чашуну, Андрэю Калінскаму, Андрэю Валку і маладому Андрэю Мальцу.

— Любоў да зямлі, вясковага ўкладу жыцця — гэта ў нас сямейнае, — гаварыў Андрэй. — Бацька ў гэтыя дні ў начную змену на «Кіраўцы» трамбуе зялёную масу, мама шчыруе ў жывёлагадоўлі. У Хацілах жыве бабуля, якая таксама ў свой час працавала на ферме. У гаспадарцы створаны ўсе ўмовы для плённай працы. Буду і я старацца.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.