Светлана Мошаро посвятила трогательные стихи родной д. Борейки. Побывали на месте

2018-2020 год — Год малой радзімы

Вёска над ціхай рэчкай…

Некалькі тыдняў назад у рэдакцыю «ПК» завітала жыхарка Пастаў Марыя Мажэйка. З сабой яна прынесла кранальны і цёплы верш, напісаны Святланай Машарай з Васілін. Ён прысвечаны малой радзіме абе­дзвюх жанчын — вёсцы Барэйкі, што знаходзіцца ў Варапаеўскім сельсавеце.

Вёска над ціхай рэчкай,
Дзе бярозкі стаяць у рад.
У садах спеюць грушы, парэчкі,
Наліваецца вінаград.

Уздоўж дарогі стаяць хаціны
І кранаюць сваёй прастатой.
Паглядаюць пустымі вачыма,
Нібы просяць: «Пабудзь са мной».

Я іду па вясковай вуліцы,
Бачу ўсіх яе жыхароў.
А яны паглядаюць ды жмурацца
І вітаюць мяне: «Здароў!»

Далей аўтар верша «прагульваецца» па Барэйках сваёй маладосці, калі ў кожнай хаце віравала жыццё і былі жывыя дзясяткі яе карэнных жыхароў. Пётра, Веня, Лёнька, Федзя, Паўла, Астафей, Юстына, Мілёначка, Лідзя, Дзіванісь, Дунат, Афанась, Віталя… Вось яны, галоўныя героі вялікага (на 4 старонкі!) прысвячэння сваёй малой радзіме.

Святлана Машара не толькі ўспомніла ўсіх вяскоўцаў, але і расказала, чым яны ёй запомніліся. Хтосьці выпякаў какорачкі (так у Барэйках называлі піражкі),  хтосьці  плёў кошыкі. Нехта рыбачыў, нехта граў на гармоніку, а нехта заўжды спяшаўся ў поле. Таксама прыгадваецца хата з першым тэлевізарам і хата, дзе любіла збірацца ўсё сяло…

— Наколькі праўдзіва ў вершы ўсё апісана, зразумеюць толькі тыя, хто некалі жыў у вёсцы, — адзначыла Марыя Мажэйка. — А нас, барэйкаўцаў, дарэчы, не так і мала. З большасцю землякоў падтрымліваю сувязь. Мне вельмі захацелася падзяліцца з імі вершам  пра Барэйкі. Дзякуючы інтэрнэту яго радкі даляцелі ў Амерыку, Сочы, Віцебск, Смаргонь, Салігорск, Свір…

Ведалі б вы, якая ўсіх ахапіла настальгія! Многія не маглі стрымаць слёз. У адрас аўтара было выказана безліч добрых слоў. Але яна настолькі сціплая жанчына, што сама гэты верш у рэдакцыю не прынесла б. Як і свае іншыя творы, прысвечаныя землякам.

А чаму б нам разам не прайсціся па ўжо апусцелых Барэйках і не паглядзець на мясціны, якія апісваюцца ў вершы? І Марыя Мажэйка, і Святлана Машара прынялі гэтую прапанову не раздумваючы.

Перад ад’ездам заглядваю ў кнігу «Памяць. Пастаўскі раён». Там чытаю пра вёску наступныя звесткі. Ад Пастаў — 43 км. Раней належала Тызенгаўзу, у 1873 годзе налічвалася 24 душы. З 1898-га ў Барэйках працавала школа граматы. У 1905 годзе пражывала 86 жыхароў, у 1941-м — 118. У 2011 годзе іх засталося ўсяго 16.

Па дарозе ў вёску ад сваіх спадарожніц даведваюся, што з карэнных жыхароў сёння там засталася толькі адна жанчына. Да яе найперш і накіроўваемся.

— На зіму дачка забірае мяне ў Віцебск, там жа жыве і сын, — расказвала 81-гадовая Лія Татыржа, якая за жыццё паспела папрацаваць загадчыцай і клуба, і фермы. — У трохпакаёвай кватэры на дзявятым паверсе ўсё па-гарадскому, па-сучаснаму. Але ўсё роўна сумую па вёсцы, пастаянна туды вяртаюся ў думках. Як бальзам на душу — родная газета «Пастаўскі край», якую выпісваю і ў Віцебск, калі там бываю. Пачытаеш пра раён, яго людзей — нібы дадому з’ездзіш.

У горадзе заўжды сябе горш адчуваю. То ціск падскочыць, то яшчэ што непакоіць. А прыеду ў Барэйкі — усё як рукой здымае. І на агарод сілы знаходзяцца, і на кветнік. Сумаваць не сумую, бо дзеці досыць часта прыяз­джаюць, дапамагаюць.

Лія Татыржа

У размове Лія Сяргееўна прыгадала той самы верш пра Барэйкі, які ёй прачыталі па тэлефоне яшчэ да нашага прыезду. Ці трэба казаць, як усхвалявалі жанчыну гэтыя радкі?

Далей накіроўваемся да маляўнічай ракі Галбеіцы, якая цячэ адразу за ўчасткам доўгажыхаркі. Менавіта яе мела на ўвазе аўтар прысвячэння, калі пісала першыя радкі пра вёску над ціхай рэчкай…

Рэчка Галбеіца

— За ракой да 1970-х гадоў быў будынак васьмігадовай школы. І мы са Светай у ёй вучыліся, — расказвала Марыя Мажэйка. — Цяпер на гэтым месцы толькі крыж і капліца стаяць, бо некалі школа была пабудавана на месцы касцёла.

Усе настаўнікі ў нашых Барэйках вылучаліся як прафесійнымі, так і чалавечымі якасцямі, умелі прывіць любоў да кнігі. Напэўна, таму ажно 9 чалавек з вёскі пайшлі вучыцца ў педустановы. Я і сама педагог з 40-гадовым стажам, сваё прафесійнае жыццё прысвяціла пастаўскаму каледжу — спачатку працавала там выкладчыцай, затым займала пасаду намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце. Святлана Леанідаўна не адно дзесяцігоддзе працавала ў школах у Васілінах, Андронах.

Настаўнікі школы ў Барэйках
Барэйкаўцы. Фота з сямейнага альбома Святланы Машары
Барэйкаўцы. Фота з сямейнага альбома Святланы Машары

Вяртаемся на вясковую вуліцу, ідзём, размаўляем, мінаем хаты. Каля адной стаіць машына — гэта ў водпуск прыехаў ураджэнец Барэек Славамір Мішута.— Бацькоўскі дом ужо знеслі, таму спыняюся ў хаце родзічаў, — гаварыў Славамір, які цяпер жыве ў Смаргоні. — Ці цягне ў родную вёску? А хіба ёсць тыя, каго не цягне?

Заходзім у дом. І першае, на што звяртаю ўвагу, — старыя здымкі на сцяне. Лія Татыржа расказвае пра ўсіх вяскоўцаў, адлюстраваных на іх.

Святлана Машара, Лія Татыржа, Марыя Мажэйка

Падчас далейшай размовы яна таксама прыгадвала, як аднойчы пажар знішчыў у Барэйках ажно чатыры хаты. А ўсё з-за таго, што маленькаму хлопчыку, якога пакінулі аднаго, не спадабаліся шпалеры, і ён вырашыў іх падпаліць… З асаблівай іскрынкай у вачах Лія Сяргееўна гаварыла, якой дружнай заўжды была вёска, як масава і весела адзначаліся ўсе святы…

Працаваць тут таксама ўмелі. І не верыцца, што некалі ў Барэйках былі кузня, канюшня, свіран, піларама, кладоўка, так званы шалаш, дзе перабіралі лён… Ад большасці пабудоў не засталося і следу.

Марыя Мажэйка і Лія Татыржа

Хаты заканчваюцца, наперадзе — поле. Мае суразмоўцы становяцца цішэйшымі, некуды знікаюць усмешкі і жарты. Здалёк заўважаю вясковыя могілкі.

Прыгадваю радкі з верша Святланы Машары:

Вось і ўся ўжо вуліца пройдзена.
Прада мною крыжы і крыжы.
За цяжкімі стальнымі варотамі
Мая родная вёска ляжыць.

Я зайду, памаўчу і паслухаю
Цішыню, што навокал стаіць.
Толькі сосны шумяць натужліва
Ды лісцё на галінках дрыжыць.

Не пачую ніякага голасу,
І ніхто не падасць мне рукі.
Пакланюся вам нізка, да пояса,
Дарагія мае землякі.

…Па вёсцы хадзілі яшчэ доўга.

— Гэта вялікі калгасны сад, — паказвае Святлана Машара на старыя яблыні ў пачатку вёскі. — Яго нядаўна купіў бізнесмен з Францыі. Жадае адрадзіць тут садаводства, разбіць плантацыі пад клубніцы. Хоць нейкі шанс з’явіўся на тое, што жыццё ў вёсцы не спыніцца назаўсёды.

Жанчыны таксама паказалі хаты сваіх бацькоў.

— Вось тут, на лаўцы паміж двух дубоў, любіў сядзець мой дзед Ягор, — прыгадвае Марыя Уладзіміраўна, прытуляючыся да дрэў.

А я звяртаю ўвагу на дзіцячыя цацкі паміж двайнымі рамамі на вокнах.

— Яны яшчэ ў маім дзяцінстве там стаялі, — працягвае суразмоўца.  — Дарэчы, у хаце і сёння ўсё для жыцця ёсць:  падушкі, коўдры, посуд, мэбля… Шкада толькі, што начаваць тут ужо не можам — летась дах праваліўся. Час бярэ сваё. На жаль, як ураган па вёсцы нядаўна прайшліся і вандалы. Вунь колькі дамоў «разбамбілі». Стаялі цэлыя, з вокнамі-дзвярыма, а цяпер глянуць страшна. Што ўжо маглі шукаць?

У Барэйках таксама сустрэлі жыхароў Гуты. Яны грузілі на прычэп не толькі непатрэбны металалом, але і розныя вясковыя прыстасаванні. Пра іх прызначэнне сучаснае пакаленне можа нават не здагадвацца.

— Ведаеце, што такое начоўкі? — пытаецца ў мяне незнаёмая жанчына. Праз хвіліну яе дачка выносіць з хаты прадаўгаватую драўляную пасудзіну для мыцця бялізны ці іншых гаспадарчых патрэб. Мае спадарожніцы шчыра ўсміхаюцца, калі пачынаюць успамінаць, як прыстасоўвалі начоўкі пад… арэлі. Вось дзе было ў дзяцінстве эмоцый!

З доўгажыхаркай Ліяй Татыржай развітваліся на пазітыўнай ноце. Яна была ўражаная колькасцю людзей, якія сабраліся ў той день у Барэйках. Задаволеныя засталіся і мае спадарожніцы. Упэўненая, пасля гэтай паездкі яны яшчэ неаднойчы вярталіся ў думках на сваю малую радзіму. Як у вершы, які Святлана Машара заканчвае наступнымі радкамі:

Дома лягу, прыкрыю вейкі,
Толькі думкі яшчэ з табой,
Мая родная вёска Барэйкі,
Мілы сэрцу куточак мой…

Іна Сняжкова. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.